У апошнюю суботу ліпеня адбылася традыцыйная сустрэча Таварыства беларускай культуры ў Літве. Гэтым разам выступоўцы прысвяцілі свае прамовы знакамітым асобам, што нарадзіліся ці памерлі ў гэтым месяцы, а таксама важнай гістарычнай падзеі -- 600-годдзю Грунвальдскай бітвы.
На сустрэчы прысутнічалі госці з Мінска - сябры Брацтва ў гонар Святых мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія Віленскіх пры Свята-Пётра-Паўлаўскім саборы Мінска.
Імпрэзу традыцыйна распачаў старшыня ТБК Хведар Нюнька з аповеду пра беларускага паэта, празаіка, публіцыста і мемуарыста Янку Багдановіча. Літаратар Віленшчыны нарадзіўся ў в. Гібінята Валожынскага раёну Мінскай вобласці. Бацькі Янкі загінулі напрыканцы 1-й сусветнай вайны і малады Багдановіч выхоўваўся ў дзіцячых прытулках, што былі арганізаваныя беларускай інтэлігенцыяй. У 1927 годзе скончыў Віленскую беларускую гімназію, друкаваўся з 1930 г. Янка Багдановіч з’яўляўся адным з выдаўцоў часопіса “Шлях моладзі” у 1929-1938 гг. Падчас 2-й сусветнай вайны вучыўся ў Віленскай настаўніцкай семінарыі. У 1952 годзе Янка паступае ў Нова-Віленскі педагагічны інстытут, аднак ужо праз пару месяцаў яго арыштоўваюць і высылаюць у Варкуту. Скончыць інстытут Багдановічу давялося значна пазней пасля рэабілітацыі ў 1956 г. Усе наступныя гады беларускі літаратар працаваў у школе, адкуль і пайшоў на пенсію. 13-га ліпеня 1990 года Янкі Багдановіча не стала.
Сустрэчу працягнуў старшыня Таварыства Беларускай мовы Віленскага краю, студэнт ЕГУ Юрась Юркевіч, які распавёў пра Грунвальдскую бітву 15-га ліпеня 1410 г. Малады даследчык звярнуў увагу на пэўную ангажаванасць ў інтэрпрэтацыі гэтай гістарычнай падзеі ў беларускай гістарыяграфіі. Так, напрыклад, з аднаго боку замоўчваецца правакацыйны характар дзеянняў Вітаўта ў Жамойці напярэдадні “Вялікай вайны”, а з другога боку феадальнаму канфлікту сярэдніх вякоў надаецца этнічны характар славяна-нямецкага супрацьстаяння. Юрась Юркевіч падкрэсліў, што пасля Крэўскай уніі ордэнская дзяржава незваротна слабела і пакрысе сама схілялася да саюзу з ВКЛ.
Сп-р Юркевіч узгадаў таксама пра тактычную хітрыку аб’яднаных войскаў – аблуднае адступленне, што праз польскую гістарыяграфію на чале з Янам Длугашам доўгі час разглядалася як “разгром” войска ВКЛ. Насамрэч, гэтая тактыка была пазычаная Вітаўтам пасля паразы ў бітве на Ворскле ў 1399 г. Менавіта такі тактычны крок увёў крыжакоў у зман і прадбачыў перамогу ў Грунвальдскай бітве аб’яднаных войскаў.
Сп. Алесь Адамковіч прысвяціў сваю прамову творчасці Алеся Гаруна. Прушынскі Аляксандар (сапр. імя паэта) нарадзіўся 11.03.1887 г. у межах сучаснага Мінска – у фальварку Новы двор. У 1897 г. скончыў гарадскую прыходскую вучэльню ў Мінску.
Алесь Гарун творча дэбютаваў досыць рана ў 1907 г. у “Нашай ніве” вершам “Маці Беларусі”. Потым ягоныя творы пабачылі свет на старонках газет “Беларус”, “Вольная Беларусь”, а таксама ў калектыўных зборніках і календарах.
Алесь Гарун і Янка Купала
Паэта напаткаў пакручасты лёс рэвалюцыянера. Ужо ў 1904 г. ён уступіў у партыю эсэраў, а ў 1907 г. быў арыштаваны і высланы на пасяленне ў Сібір, дзе займаўся сталярнай і цяслярнай працай. Ссылку адбываў у Кірэнскім павеце Іркуцкай губерні. У Мінск Гарун вярнуўся толькі ў верасні 1917 года. Падчас нямецкай акупацыі, беларускі паэт рэдагаваў газету “Беларускі шлях”. У 1919 годзе, стаў сябрам Беларускай вайсковай камісіі. Алесь Гарун памёр ад сухотаў 28 ліпеня 1920 г. у Кракаве. У 1980-я закінутую магілу на Ракавіцкіх могілках адшукаў беларускі гісторык Алег Латышонак.
Крыстына Балаховіч узгадала выдатнага беларускага мастака Пётра Сергіевіча. Беларускі талент нарадзіўся паблізу возера Нарач у 1910 г, а ў Вільню трапіў амаль дваццацігадовым юнаком. Пётра Сергіевіч скончыў Віленскі універсітэт, дзе яму выкладаў прафесар аддзялення прыгожых мастацтваў універсітэта імя Стэфана Баторыя ў Вільні – Фердынанд Рушчыц. Працы мастака былі пазней прадстаўлены на шматлікіх міжнародных выставах.
У міжваенны час П. Сергіевіч быў членам Беларускага Навуковага Таварыства, на грамадскіх пачатках меў супрацу з Беларускім музеем у Вільні, дзе захоўваліся і ягоныя працы.
Пасля вайны больш за 40 гадоў беларускі мастак жыў на Антокалі ў двухпавярховым доме, амаль насупраць палацу Сапегаў. Там яго наведвалі выдатныя мастакі Беларусі і Літвы. Пётра Сергіевіч памёр у Вільні ў лістападзе 1984 г., дзе і быў пахаваны на вайсковых могілках.
Выступае Мікола Матрунчык
Напрыканцы сустрэчы сп. Мікола Матрунчык распавёў пра чыннасць Брацтва ў гонар Святых мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія Віленскіх. Пачыналася Брацтва з працы асветніцкай ініцыятывы, калі ў 1989 годзе была створана Біблейская Камісія Беларускай Праваслаўнай Царквы па перакладу Свяшчэннага Пісання на беларускую мову. У 1991 годзе пабачыла свет першае з чатырох Евангелляў—Евангелле паводле Матвея. Пазней былі перакладзены і выдадзены: Святое Евангельле паводле Марка (1999 г.); Святое Евангелле паводле Лукі (2002 г.); Святое Евангелле паводле Іаана (2005 г.).
У 2007 годзе супольнасьцю быў запісаны аудыёдыск “Пачуй, Божа, малітву маю!” з богаслужэннямі на беларускай мове. На дыску былі змешчаны малебен і паніхіда з удзелам маладзёжнага хора Свята-Петра-Паўлаўскага сабора, а таксама малітвы ранішнія і вячэрнія. Апошнім стала сёлетняе выданне богаслужэбнага Свяшчэннага Евангелля на беларускай мове.
Пасля сустрэчы сябры Брацтва наведалі Ліпаўскія могілкі ў Вільні, дзе правялі памінальную службу на магіле Лявона Мурашкі. Брацтва ў гонар Святых мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія Віленскіх правяло таксама беларускую службу каля Свята-Духава манастыра ў Вільні. Атрымалася вельмі цёплая сустрэча, сябры Брацтва высока ацанілі ўнёсак ТБК у захаванне беларускай духоўнасці і гісторыка-культурнай спадчыны ў Вільні і Літве.