Юбілей Ларысы Геніюш адзначылі ў Севастопалі

Пікет памяці ў гонар 100-гадовага юбілею з дня нараджэння легенды беларускай паэзіі Ларысы Геніюш адбыўся 9 жніўня ў Севастопалі.

Ля самага мора на Прыморскім бульвары побач з помнікам затопленым караблям, дзе заўсёды шматлюдна, луналі 3 бела-чырвона-белыя сцягі, якія сімвалізавалі ўдзел у акцыі трох арганізацый: Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына", ТБМ імя Францыска Скарыны, Севастопальскага таварыства беларусаў імя Максіма Багдановіча "Пагоня".

Архімандрыт беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Серафім правёў паніхіду. Намесніца старшыні таварыства “Пагоня” Ганна Малахоўская-Васюніна распавяла пра жыццё паэткі, быў прадэманстраваны зборнік яе вершаў “Ад родных ніў”. Прагучалі вершы “Наш сьцяг” і іншыя. Акцыя прыцягвала ўвагу людзей, са здзіўленнем падыходзілі беларусы з адпачывальнікаў.

У гэты момант у далёкім Мінску ў офісе ТБМ таксама праходзіла імпрэза, прысвечаная юбілею паэткі. Нябачная духоўная нітка злучала нас з імі. Уздымаючы сцягі ў Севастопалі, мы выказвалі салідарнасць з нашымі землякамі-аднадумцамі, дзе б яны ні знаходзіліся, але перш за ўсё з тымі, хто ў Беларусі адстойвае запаветы Ларысы Геніюш на права нашага народа на богам дадзеную самабытнасць, свабоду, незалежнасць і сапраўдную дзяржаўнасць.

11 жніўні 2010 г. на гарадскім радыё прагучала беларуская перадача Ганны  Малахоўскай-Васюнінай, прысвечаная стагоддзю Ларысы Геніюш.

Паводле Валерыя Барташа