Гэта не казка, як можа падацца з назвы, а рэальная гісторыя. Гісторыя пра чалавека, дзякуючы якому вядомы мядзведзік Алана Мілна загаварыў па-беларуску ў кнізе “Віня-Пых”. Размова пра беларускага літаратара, перакладчыка і выдаўца Віталя Воранава.
Жывой варонай называецца блог Віталя ў Life journal’е. Ёсць ў яго і сваё гняздо як ў сапраўднай вароны. Такая прыхільнасць да гэтай птушкі, па словах Віталя, ніякага схаванага сэнсу не нясе. Гэта проста выкарыстанне прозвішча ў якасці брэнду. Як падаецца, зусім нядрэннае выкарыстанне.
На працягу больш як 7 гадоў сп-р Воранаў з’яўляецца старшынём Беларускага культурна-асветніцкага цэнтру ў Познані. Асноўным накірункам дзейнасці цэнтра сёння з’яўляецца выданне кніг. На маё пытанне, чаму так атрымалася, Віталь адказвае: “Мы прыйшлі да гэтага шляхам натуральнай эвалюцыі. Беларускі цэнтр у Познані дзейнічае дзесьці з 2003 года. За гэты час мы зразумелі, што выданне кніг – гэта ці не самая плённая дзейнасць на карысць не толькі беларускай суполкі, а на карысць Беларусі ў агуле. Да прыкладу, калі адбываецца нейкае мерапрыемства, дзе ўдзельнічае суполка, гэта падтрымка толькі суполкі, імітацыя Беларусі ў замежжы, скажам так. Кніга ці аўдыёзапіс накіраваны на беларусаў ва ўсім свеце.”
Цяпер Віталь Воранаў жыве ў Чэхіі, дзе навучаецца ва Універсітэце імя Масарыка ў Брне, аднак адлегласць ніяк не перашкаджае яму кіраваць выдавецтвам “Белы крумкач” у Познані. Акрамя вышэйзгаданага “Віня-Пыха”, у выдавецтве ўжо выйшлі дэбютная кніга ўраджэнца Гарадзеншчыны, мастака і паэта Уладзіміра Блюдніка, пад назвай “Вяртаньне”, а таксама “Нявечны каляндар” з тэкстамі аўтарства Віталя Воранава і выцінанкамі мастака Марка Максімовіча.
Самым паспяховым выданнем стаў “Віня-Пых”, аднак і іншыя кнігі, па словах Віталя, таксама добра прадаюцца. Адзіная праблема, з якой сутыкаецца выдавецтва, -- гэта распаўсюд кніг у Беларусі. “Бяда ў тым, што ў самой Беларусі не адладжана сістэма распаўсюду, -- гаворыць сп-р Воранаў. -- Асабліва гэта тычыцца рэгіёнаў. Мне як выдаўцу трэба месяц, каб аб’ездзіць абласныя гарады і дамовіцца пра пашырэнне кніг. Трэба адладжваць працэс. Беларусам трэба нейкая кантора, з якой можна было б дамовіцца пра распаўсюд, здаць туды ўвесь наклад, каб гэтая кантора самастойна пашырала кнігі і вырашала ўсе фармальнасці”.
Нягледзячы на пэўныя цяжкасці выдавецтва не збіраецца спыняцца на дасягнутым. У планах – новыя мастацкія праекты і перакладная літаратура. Бліжэйшым часам выйдзе ў свет кніга пра дзейнасць Францыска Скарыны ў Познані. Выданне складзена на аснове дакументаў, знойдзеных у архівах горада. Таксама цяпер праца вядзецца над другой часткай кнігі пра Віня-Пыха, якая ў перакладзе будзе называцца “Пыхаў закуток”. Аднак дату выхаду кнігі Віталь Воранаў пакуль не называе: “Пераклад ужо зроблены, але пакуль цяжка назваць даты. Цяпер вядуцца перамовы з уладальнікамі аўтарскіх правоў на кнігу, вырашаюцца пытанні падрыхтоўкі да выдання. Таксама ў дадзены момант ідзе праца над аўдыёдыскам першай і другой частак гісторыі пра Віня-Пыха”.
У беларускай справе Віталю дапамагаюць Уладзімір Блюднік і Марк Максімовіч. Яны займаюцца афармленнем і дызайнам кніг. Да таго ж, апошні каардынуе Дні беларускай культуры ў Познані. “Фактычна суполка трымаецца на трох кітах”, -- гаворыць Віталь Воранаў пра сённяшнюю сітуацыю ў Беларускім культурна-асветніцкім цэнтры ў Познані. “Эміграцыя – заўжды адлюстраванне сітуацыі, якая пануе ў краіне, -- лічыць Віталь. -- У ваенны час была моцная хваля эміграцыі. Суполкі былі моцна кансалідаванымі. Цяпер змяніліся працэсы камунікацыі, спосабы кантактавання. У суполках няма кансалідаванасці. Ёсць людзі, якія не ведаюць беларускай мовы, людзі з несумяшчальнымі палітычнымі поглядамі. Беларуская справа, як і ў Беларусі, хвалюе мяншыню. Калі зменіцца сітуацыя ў Беларусі, то адлюстраванне стане іншым”.
А пакуль тое, можна пачытаць пра прыгоды Віня-Пыха, натхніцца на актыўныя дзеянні дзеля зменаў ці проста набрацца пазітыву.