Беларускі брэнд ў Канадзе

“Я спадзяюся, што знаёмства канадыйцаў з беларускай культурай і літаратурай узбагаціць канадыйскую культуру. Вось дзеля гэтага я тут”. Так кажа пра сваю самаадданую дзейнасьць на чужыне эмігрантка з Беларусі, шырока вядомая цяпер ў беларускім замежжы і на Бацькаўшчыне беларуская мастачка, дызайнер, пісьменьніца Ірына Варабей  з Таронта.
“Я спадзяюся, што знаёмства канадыйцаў з беларускай культурай і літаратурай узбагаціць канадыйскую культуру. Вось дзеля гэтага я тут”. Так кажа пра сваю самаадданую дзейнасьць на чужыне эмігрантка з Беларусі, шырока вядомая цяпер ў беларускім замежжы і на Бацькаўшчыне беларуская мастачка, дызайнер, пісьменьніца Ірына Варабей  з Таронта.

Свой дадзены Богам талент і мастацкі густ Ірына найбольш ярка выявіла ў мастацтве вышыванкі. Яна здолела паказаць, што вышыванка можа быць не толькі рамяством, але і творам высокага мастацтва. Ірына зьяўляецца сябрам Таронтскай гільдыі вышывальніц і Канадыйскай асацыяцыі вышывальніц.

У Таронта штогод праводзіцца найбуйнейшы ў сьвеце фестываль рукадзельля CreativFestival, на які зьязджаюцца мастакі, дызайнеры, камэрсанты з усяе Амэрыкі і Эўропы. Ірына кажа, што заўсёды старалаcя не прапусьціць такую падзею і была там кожны год у якасьці наведвальніцы. Але, на чарговым Фестывалі, які адбываўся ў Таронта 17-19 кастрычніка мінулага 2009 году, яна ўпершыню брала ўдзел у форуме, як непасрэдная удзельніца, майстрыха-дызайнер. Адбылося гэта дзякуючы таму, што Ірына пачала супрацоўнічаць з вядомым ў гэтай галіне мастацтва канадыйскім часопісам

“A Needle Pulling Thread”, ад гэтага выданьня яна і прадстаўлялася на Фестывалі. І найбольш важна тое, што калекцыя вышыванак Ірыны выстаўлялася пад ейным персанальным брэндам “Spirit of Belarus” (“Дух Беларусі”).

Усе працы Ірыны заснаваны на беларускіх вобразах і традыцыйных арнаментах. Яна не толькі вышывае, але і сама распрацоўвае схемы, па якіх робяцца вышыўкі. Звычайна, вышывальніцы карыстаюцца гатовымі схемамі, якія можна набыць у крамах. Ірыну непакоіла тое, што ў гэтых крамах можна пабачыць схемы на розныя сюжэты, але сярод іх няма нічога беларускага, хаця вышыванка зьяўляецца характэрнаю асаблівасьцю беларускай культурнай традыцыі. Яна марыць пра тое, каб беларуская тэма набыла папулярнасьць сярод вышывальніцаў, але дзеля гэтага, на яе думку,  патрэбна стварыць устойлівы візуальны беларускі вобраз і ім цалкам можа стацца беларуская традыцыйная сымболіка.

Цяпер мастачка працуе над тым, каб зрабіць свой брэнд больш папулярным і ёй гэта пасьпяхова ўдаецца праз публікацыі пра яе творчасьць на старонках згаданага вышэй часопіса “A Needle Pulling Thread”. Ірына прапануе там канадыйскім майстрыцам свой беларускі дызайн для вышыўкі, каб далучыць яго да размаітасьці канадыйскіх стыляў.

У вясновым выпуску часопіса за бягучы год Ірынін праект быў пададзены  пад загалоўкам

“Ripples on Water, a Spring” (“Кругі па вадзе. Крыніца.”) з такім каментром: “У гэтым праекце майстрыхі могуць паспрабаваць свае іголкі ў беларускай вышыўцы, у традыцыйных стылях з Беларусі. Графічны, геаметрычны ўзор гэтай работы нагадвае нам мудрагелістасьць тканых посьцілак ды прыгажосьць габеленаў 1800-х”. Вось на такі высокі узровень паставіла канадыйскае прафесійнае выданьне беларускае вышывальнае мастацтва, годна прадстаўленае сьвету нашай таленавітаю мастачкаю.

Homesens

Ірына робіць  свае дызайны ня толькі ў тэхніцы “крыжык”, але засвойвае іншыя тэхнікі і спрабуе нашыя беларускія ўзоры "перакласьці" у гэтыя іншыя тэхнікі. "Кругі па вадзе" зроблены ў тэхніцы “чатырохстопнага баргела”. У яе ёсьць работы ў стылі “нітаграфікі” (Needlepoint), ёсьць работа ў новай тэхніцы “вынітаваньня” (String Art). "Нітаграфіка" і "вынітаваньне" - гэта ўласныя вынаходніцтвы мастачкі, назвы якіх яна таксама сама прыдумала.  А вось "чатырохстопны баргела" -- тут ня толькі тэрмін, але  і тэхніку новую прыдумала сама Ірына і гэтым канадыйкі і зацікавіліся, у гэтым як раз і ёсьць элемент творчасьці ў вышыўцы.

У наступным, ужо летнім выпуску часопіса канадыйцы падалі новы праект Ірыны

“Home Sens” (“Утульнасьць хаты”). “Home Sense” – гэта пано з жыцьцярадасным трыпціхам, тэмаю якога зьяўляецца традыцыйная аздоба унутранага дызайну беларускай хаты, якая стварае утульнасьць і атмасфэру высокай духоўнасьці  чалавечага жыцьця ў ёй. А ў больш агульным сэнсе – гэта тэма Беларусі і яе нацыянальнай адметнасьці. Да праекту  пададзены  адпаведны каментар: “…Народ гэтай краіны быў абазначаны “белым” за любімы колер сваіх адзеньняў. Беларусы не фарбавалі сваіх даматканых вырабаў, ім падабаўся натуральны выгляд свайго роднага ільну, які, чым болей яго мылі, тым бялейшым ён рабіўся. Адно, што яны ўпрыгожвалі свае белыя адзеньні ды посьцілкі

чырвонай вышыўкай. Белы ды чырвоны колеры, што праз стагоддзі захоўваліся ў традыцыйнай вышыўцы, зрабіліся для беларусаў складнікам іх нацыянальнага багацьця, што і ёсьць прадстаўленым у іхным нацыянальным сьцягу”.

Рэдакцыя часопісу “A Needle Pulling Thread” паведаміла сваім чытачам, што ў восеньскім нумары будуць зьмешчаны новыя прывабныя схемы вышыванак ў тэхніцы нітаграфікі ад Ірыны Варабей.

Сама Ірына так ацэньвае свае пададзеныя  ў гэтым салідным выданьні праекты пад адмысловым беларускім брэндам “Spirit of Belarus”: “Мае работы – гэта толькі спроба правесьці першую выведку ў гэтым моры сучаснага вышывальнага мастацтва, улучыць у яго беларускую адметнасьць, каб сьвет яе заўважыў, ацаніў, прыняў у сваю супольнасьць.

Я ведаю, што за мной прыдуць іншыя, больш таленавітыя, творчыя, маладыя і дёрзкія – і давядуць сьвету, што вышывальніцкая Беларусь жыве. Ёй ёсьць што паказаць: цудоўныя па прыгажосьці, фантастычныя па складанасьці, мудрагелістыя ды загадкавыя, і ў той жа час асьвечаныя ўсім духоўным жыцьцём нашых продкаў – нашы беларускія арнаменты. Тут бязьмежнае поле для дасьледаваньняў навукоўцам, а нам майстрыхам (майстрам) – для натхненьня ды рэалізацыі сваіх творчых памкненьняў. Давайце падымем наш брэнд так высока, каб яго сапраўды было відаць адусюль!”

Варта адзначыць, што замежны сьвет ужо меў некаторую магчымасьць ацаніць прыгажосьць беларускага вышывальніцтва і сёньня шмат хто, напрыклад, з амэрыканцаў мае ў сябе дома падораныя ім беларусамі вышыванкі і аздобленыя вышыванымі беларускімі ўзорамі побытавыя рэчы, зробленыя таленавітаю майстрыхаю-вышывальніцаю Юляю Андрусышын. Успамінаецца мне, як некалі прыгожыя беларускія вышыванкі паказвалі мне беларускія жанчыны ў Кліўляндзе. Шмат чаго з гэтага багацьця ўжо страчана і страчваецца далей, а не знаходзіцца ў музэях, дзе ім належыць і быць.

Ірына Варабей зьвяртаецца са сваім заклікам захаваць і падтрымаць зробленае ў беларускім замежжы да беларускіх майстрых і на Бацькаўшчыне, дзе мастацтва вышыванкі год за годам прыходзіць ў заняпад, не шануецца і не падтрымліваецца моладдзю. Я належу да пасьляваеннага пакаленьня і мне давялося расьці на Бацькаўшчыне тады, калі яшчэ былі жывыя традыцыі вышыўкі, ткацтва. Разам з маці я сядала за кросны, сукала цэўкі, фарбавала ніткі. Памятаю, што маёй найбольшаю мараю тады было навучыцца вышываць “крыжыкам” ды “гладзьдзю”, а найбольш мне хацелася купіць ў краме не цукеркі-“падушачкі”, а рознакаляровыя ніткі “мулінэ” для вышыўкі. Ці ёсьць сёньня  дзяўчаты ў Беларусі, якія маюць такія мары? Адгукніцеся і падтрымайце тую наватарскую працу, якую распачала ў далёкай Канадзе таленавітая беларуская мастачка, каб нашу з вамі Бацькаўшчыну пазнавалі ў шырокім сьвеце і каб мы ўзбагацілі сусьветную культуру сваімі нацыянальнымі здабыткамі.

Больш шырокую інфармацыю пра Ірыну Варабей і ейныя працы можна паглядзець ў Інтэрнэце на яе асабістым сайце і сайце названага ў артыкуле часопіса:

http://iv.belaruscanada.com/emb.bel.ph.html

http://iv.belaruscanada.com/emb.bel.1.html

http://www.aneedlepullingthread.com/ - сайт часопіса.

Ганна Сурмач
Нью-Ёрк