Пра тое як захоўваецца беларуская свядомасць Смаленшчыны, чым жыве беларускі культурніцка-асветны рух заходніх частак Расіі мы распавядае цвярскі беларус Аляксей Верамоўскі, адзін з укладальнікаў інтэрнэт-старонкі “Беларуская Смаленшчына”.
Пра тое як захоўваецца беларуская свядомасць Смаленшчыны, чым жыве беларускі культурніцка-асветны рух заходніх частак Расіі мы распавядае цвярскі беларус Аляксей Верамоўскі, адзін з укладальнікаў інтэрнэт-старонкі “Беларуская Смаленшчына”.
-- Аляксей, распавядзіце, калі ласка, як вы сталі беларусам? Адкуль такая цяга да каранёў?
-- Беларусам я стаў 29 ліпеня 1978 года, калі нарадзіўся ў сям'і выхадцаў з Беларускай Смаленшчыны. Мае бацькі прыехалі ў Цвер з Краснінскага раёна Смаленскай вобласці, таму ў дзяцінстве я праводзіў на Смаленшчыне амаль кожнае лета. Хоць я тады яшчэ мала чаго разумеў, але знешнасць і гаворка маіх землякоў падказвалі мне, што па паходжанні я з’яўляюся беларусам. Да таго ж, захапленне гісторыяй згуляла сваю ролю. Дзед мне шмат распавядаў пра крывіцкую даўніну, а да таго ж і пра Вялікае Княства Літоўскае. Тады пра гэта інфармацыі не было зусім!
Дзед аднойчы распавядаў і такое: у 30-я вясковыя дзеці спявалі такую прыпеўку:
Настаўнік пачуў і сказаў: “Что это за дрянной язык? Вы русские ребята, говорите по-русски". Якія ўжо там беларускія школы! Палітыка зразумелая - загасіць зародкі беларускага сепаратызму. Знішчэнне вёскі калектывізацыяй і індустрыялізацыяй тут таксама згуляла сваю ролю. Шматлікія беларускія смаляне раскіданы па бязмежных абшарах Расіі і пра сваё беларускае паходжанне рэдка ўспамінаюць.
-- Ці шмат свядомых беларусаў вы ведаеце ў Цверы і на Смаленшчыне?
-- Такіх асобаў мала: галоўным чынам гэта людзі з вышэйшай адукацыяй, якія цікавяцца гісторыяй. Вясковы жыхар часцей назаве сябе рускім ці крывічом, чым беларусам. Гэтая з’ява, можа быць, існуе таксама і з-за таго, што ў смаленскіх беларусаў да сваіх заходніх суседзяў існуе негатыўны стэрэатып – беларусы лічацца людзьмі шкоднымі і грубіянскімі. З іншага боку, у Расеі адсутнічае аб'ектыўная інфармацыя пра беларусаў і Беларусь.
-- Як мясцовая моладзь ставіцца да сваіх беларускіх каранёў?
Цвярская ў большасці сваёй нічога пра іх не ведае, але на Смаленшчыне моладзь больш дасведчаная ў гэтым пытанні. Тут відавочна адчуваецца блізкасць мяжы.
-- Што з сябе ўяўляюць мясцовыя беларускія арганізацыі?
-- Пра Смаленшчыну сказаць я не магу, але вось у Цверы летась была зарэгістравана беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія. Дарэчы, кіраўнік Аленінскага раёна, дзе яшчэ жывуць нашчадкі цвярскіх беларусаў-тудаўлян, Алег Дубаў усталяваў пабрацімскія сувязі са Шклоўскім раёнам. Нават было заяўлена пра неабходнасць выкладання беларускай мовы ў мясцовых навучальных установах.
Аднак уяўленні пра беларускую культуру і гісторыю ў некаторых чальцоў нашай аўтаноміі нейкія зусім дзікія. Адзін лічыць Караткевіча "польскім пісьменнікам", іншы думае, што бульбашы ад Тараса Бульбы, трэці думае, што да 1917 года на тэрыторыі Беларусі было суцэльнае балота, а потым прыехалі камсамольцы і пабудавалі гарады. Хоць гэта разумныя і адукаваныя людзі, якія ў Беларусь часта ездзяць.
У 90-е гады ў нас на базе адной з нядзельных школаў быў таксама беларускі курс. Цяпер, на вялікі жаль, яго няма.
-- Ці ўтрымліваюць праграмы сярэдніх школ і універсітэтаў матэрыялы пра беларускае мінулае? Хто-небудзь з навукоўцаў займаецца беларускай праблематыкай?
-- У Цверы няма такога, а на Смаленшчыне, я ведаю, нейкая праца вядзецца.
-- Як расейская грамадскасць, навуковыя кругі ставяцца да беларусаў і нашага нацыянальнага праекту?
Пра нейкае адзінае меркаванне казаць складана. Усё, зноў жа, залежыць ад пэўнага чалавека, яго поглядаў і перакананняў. Нацыянал-патрыёты адмаўляюць само існаванне беларускага народа, нацыянал-дэмакраты, наадварот, вітаюць беларускія праекты, камуністы і пенсіянеры любяць Беларусь за чырвоны сцяг і сацыялізм. Лібералы Беларусь за гэта ненавідзяць. Наогул у рускага чалавека даўно склалася ўяўленне аб беларусах як адсталых вяскоўцах. Калі я быў у турыстычнай паездцы па Беларусі, у шматлікіх расейцаў, якія ехалі са мной, быў проста шок. Адна жанчына сказала экскурсаводу: "Я не магу паверыць, бо раней я думала, што ў вас адныя вёскі, а тут еўрапейская краіна, еўрапейская культура, архітэктура як у Францыі".
-- Распавядзіце, калі ласка, пра беларусаў-тудаўлян. Ці захоўваюць яны дагэтуль сваю беларускасць?
Ахвотна. Тудаўляне – гэта такая этнаграфічная група беларусаў на захадзе ранейшага Ржэўскага павета Цвярской губерні. У вузкім сэнсе – жыхары старадаўніх воласцяў Стары Туд, Малады Туд і Туд-Скаваратынь паабапал аднаіменнай ракі, правага прытоку Волгі. У шырокім жа сэнсе назва "тудаўляне" ўжывалася этнографамі XIX стагоддзя для пазначэння ўсяго беларускамоўнага насельніцтва Верхняй Волгі. У VII - IX стагоддзях гэты рэгіён, вядомы з "Аповесці мінулых гадоў" як Акоўскі лес, быў заселены смаленскімі крывічамі, у XIII - XIV стагоддзях уваходзіў ў склад Таропецкага і Ржэўскага княстваў. З першай траціны XIV стагоддзя тут праходзіла мяжа Вялікага княства Літоўскага з Маскоўскім і Цвярскім княствамі, былі пабудаваны "грады литовстии: Селук, Осенеч, Горышин, Багатая, Сижка, Туд", якія часта пераходзілі з рук у рукі.
Тудаўляне канчаткова засталіся за межамі Вялікага княства Літоўскага пасля ўдакладнення мяжы паводле Палянаўскага міра 1634 года, але ў выніку адноснай ізаляванасці краю доўгі час захоўвалі выразныя беларускія рысы: мова, абрады ("бабіна каша" і іншыя), гульні ("каралле", "проса"). Адрозніваліся яны ад суседняга рускага насельніцтва характэрнай верхняй адзежай з белага даматканага палатна, адкуль і пайшла мянушка "белокафтанщина". Ужываліся і іншыя мянушкі - "Польшча", "шапляки" (паколькі беларускія гукі "дз", "ц", мяккі "с" здаваліся рускаму насельніцтву шапялявымі). У тудаўлянаў не існавала аніякіх саманазваў, хоць яны і ўсведамлялі свае адрозненне ад уласна расейцаў.
У 1903 году тудаўлян вывучаў вядомы беларускі этнограф Яўхім Карскі, які вызначыў іх колькасць у 45 тысяч, у 1925-1926 гадах яны дэталёва даследаваліся Н.Грынковай. У XX стагоддзі адрозненні паміж тудаўлянамі і мясцовым рускім насельніцтвам практычна сцерліся, хоць асобныя моўныя і іншыя рысы, уласцівыя беларусам, адзначаліся ржэўскімі краязнаўцам І.Вішняковым яшчэ ў сярэдзіне 1960-х гадоў.
Нядаўна выйшла цікавая кніга цвярскога краязнаўцы Юрыя Смірнова "В краю тудовлян". Усім рэкамендую. Пра будучыню цяпер судзіць складана, але студэнтам я бываў у тых месцах у археалагічнай экспедыцыі, і скажу, што беларуская гаворка мясцовых жыхароў дагэтуль захавалася.
-- Ці наладжаны якія-небудзь сувязі паміж тубыльцамі і Беларуссю?
-- Шматлікія мае знаёмыя беларусы рэгулярна ездзяць на радзіму, прывозяць цікавую літаратуру, так што паволі беларуская асвета ідзе.
-- У такім выпадку, якія прадстаўнікі масавай культуры папулярны сярод мясцовых беларусаў?
-- З музыкі ў старэйшага пакалення ў пашане "Песняры", "Сябры", "Верасы", сярод жа моладзі вядомыя "Ляпіс Трубяцкі", "Стары Ольса", "Крывакрыж". У DVD салонах сустракаюцца экранізацыі Караткевіча, "Акупацыя", "Анастасія Слуцкая", у кнігарнях можна купіць зборы твораў Васіля Быкава - самы папулярны беларускі пісьменнік у расейцаў. Сучасныя беларускія аўтары ў Расіі практычна невядомыя.
Пра беларускі кінематограф хацелася б асобна некалькі слоў сказаць. Па маім меркаванні, яму заўсёды не хапала рамантычнай жылкі. Мяне неяк адна спадарычна з маскоўскіх кінематаграфічных кругоў пытае:
-- Аляксей, у беларусаў былі свае мушкецёры?
-Былі –,адказваю я, - і гусары, і ўланы, і полацкія мушкецёры, якія дапамаглі Сувораву Ізмаіл узяць, а менскія мушкецёры, якія ў Барадзінскай бітве адзначыліся.
-Чаму ж у Беларусі няма сваіх шэдэўраў на тэму "плашча і шпагі": у румынаў ёсць, у расейцаў, нават у латышоў з эстонцамі, а ў беларусаў няма?
Я тады падумаў: і сапраўды, чаму ў беларусаў амаль няма яскравых гістарычных фільмаў. Бо аніякі камуністычны рэжым не замінаў палякам і румынам у свой час здымаць прыгожыя карціны гістарычнай тэматыкі. Прайграе Беларусь на прапагандысцкім фронце.
-- Распавядзіце, калі ласка, пра Цвер. Чым жыве горад і вёска?
Калісьці сталіца магутнага Цвярскога Княства, суперніка Княства Маскоўскага і Наўгародскай рэспублікі, Цвер сёння – невялікае мястэчка паміж дзвюма расійскімі сталіцамі. Дарэчы, беларусы могуць убачыць партрэт апошняга цвярскога князя Міхаіла Барысавіча ў Нацыянальным музеі мастацтваў. Пасля падзення Цверы ён сышоў у Вялікае Княства Літоўскае. Але што цікава, партрэт быў знойдзены ў Нясвіжскім замку князем Радзівілам пры дапамозе заснавальніка цвярскога музея Аўгуста Казіміравіча Жызнеўскага (1819-1896), нашчадка беларускага шляхоцкага роду Бялыня-Жызнеўскіх. У гісторыі Цвярскога краю пакінулі след шматлікія дзеячы беларускага паходжання: баярын Юры Лазыніч, прабацька роду Бараздзіных, паэт-дзекабрыст Фёдар Мікалаевіч Глінка, герой руска-турэцкай вайны 1877-78 гадоў Іосіф Уладзіміравіч Рамейка-Гурка.
У 2003 годзе на выбарах губернатара сваю кандыдатуру высунуў старшыня камітэта дзяржзамовы беларус Аляксандр Валяр'янавіч Анжыноўскі. Што тычыцца палітыкі, то на апошніх выбарах камуністы ў нас выдатна пацяснілі партыю ўлады. Па маіх назіраннях насельніцтва тут кансерватыўнае, падчас рэвалюцыі падтрымлівалі цара, у часы антыкамуністычныя – камуністаў. Як, адзначу, і на Смаленшчыне з Браншчынай. З іншага боку гэта і нядзіўна. Вытворчасць у крызісе, вёска вымірае, злачыннасць расце. Шмат разоў даводзілася чуць: “А вось у Лукашэнкі там парадак, там сапраўдны сацыялізм!”. Толькі от чаму беларусы на заробкі ў Расію прыязджаюць? Гэтае пытанне людзі сабе не задаюць. Праўда тралейбусны парк Цверы збіраліся абнавіць беларускімі тралейбусамі. Так што ў Цверы і Беларусі даўнія цесныя сувязі. Ну што ж, будзем развіваць і ўмацоўваць!
Кажучы шчыра, я вельмі здзіўлены, што смаляне-беларусы яшчэ не вывеліся!
А што нам зробіцца! Халеру перажылі, вайну перачакалі.
"Наша Слова", № 27(970), 7 ліпеня 2010 г.