РГА “Беларускі ПЭН-Цэнтр” пры падтрымцы Міжнароднага аб’яднання “Грамадзянская Беларусь” прадстаўляюць вялікі вечар маладой беларускай літаратуры ў гонар Ларысы Геніюш 9 жніўня, у дзень нараджэння нацыянальнай паэткі Беларусі.
Вечарына адбудзецца ў Празе – горадзе, дзе Геніюш, паводле яе словаў, прабавіла найшчаслівейшыя гады жыцця.З 7 па 10 жніўня 2010 у Празе пройдуць майстар-класы маладых беларускіх літаратараў – пераможцаў традыцыйнага конкурсу Беларускага ПЭН-Цэнтру. Сёлета ён быў прысвечаны адметнаму юбілею, які святкуюць прыхільнікі беларускай культуры па ўсім свеце.Паездка ў адзін з найпякнейшых гарадоў Еўропы стане ўзнагародай для 15 маладых літаратараў, якіх чакаюць экскурсіі, творчыя вандроўкі, сустрэчы з чэшскімі і беларускімі пісьменнікамі. Падчас свайго перабывання ў Празе творчы дэсант яскравых маладых аўтараў зладзіць вялікую літаратурную вечарыну, якая мае на мэце сведчыць: беларуская літаратура працягваецца ў ХХІ стагоддзі.
Удзел возьмуць фіналісты і прызёры конкурсу імя Ларысы Геніюш: Ася Волкава, Антон Рудак, Сяргей Календа, Юлія Аляксеенка, Кацярына Макарэвіч, Юлія Качан, Алесь Емяльянаў, Кірыл Дубоўскі і іншыя.Пераможцы мінулагодняга конкурсу маладых літаратараў імені Карласа Шэрмана Уладзь Лянкевіч, Алена Пятровіч, Віталь Рыжкоў, Кацярына Зыкава, Павел Анціпаў прэзентуюць зборнік арыгінальных і перакладных твораў “Святая праўда ды іншыя казкі”, які – нечувана для кніг такога фармату – амаль цалкам быў раскуплены ў Беларусі.Перад публікай выступяць два яскравыя празаікі – Павал Касцюкевіч і Барыс Пятровіч.І – узорна-паказальная змычка метраполіі і дыяспары: у межах вечарыны адбудзецца першая прэзентацыя зборніка вершаў пражска-беларускага паэта Максіма Шчура “Амальгама”.Правядзе вечарыну Андрэй Хадановіч.Вечарына адбудзецца 9 жніўня (панядзелак) а 19-й у кавярні Krasný ztraty (адрас: Náprstkova 10,Praha 1, Staré Město).Уваход вольны.