Выстава рэпрадукцый карцін Напалеона Орды адкрылася ва Уругваі

Выстава рэпрадукцый карцін беларускага мастака Напалеона Орды адкрылася ў горадзе Сан Хаўер ва Усходняй Рэспубліцы Уругвай. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў амбасадзе Беларусі ў Аргенціне, пры садзейнічанні якой арганізаваная экспазіцыя.Урачыстая прэзентацыя мерапрыемства прайшла ў музеі "Белы дом". 28 унікальных мастацкіх вобразаў Беларусі XIX стагоддзя размясціліся ў выставачных залах уругвайскага музея. Выстава рэпрадукцый карцін Напалеона Орды суправаджаецца паказам экспазіцыі прадметаў нацыянальна-прыкладнога мастацтва Беларусі: вырабамі з лёну, керамікі і саломкі. Экспазіцыя прадоўжыцца да верасня.Сумеснае мерапрыемства амбасады Беларусі ў Аргенціне і музея "Белы дом" прымеркаванае да святкавання 97-годдзя з дня ўтварэння горада Сан Хаўер, у заснаванне і развіццё якога зрабілі ўнёсак этнічныя беларусы.Раней паказ рэпрадукцый карцін Напалеона Орды з поспехам адбыўся ў аргенцінскіх правінцыях Буэнас-Айрэс, Місьёнэс і Чака.Аліна Грышкевіч, БЕЛТА