Толькі тут у Севастопалі можна пазнаёміцца з сучаснай друкаванай беларускай прадукцыяй, выданнямі па мастацтве. На выставе можна было ўбачыць выданне вершаў М. Багдановіча, у тым ліку і рарытэтнае 50-х гадоў на рускай мове. Асабліва была выдзелена экспазіцыя, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння беларускай паэткі Ларысы Геніюш. Прыцягвалі ўвагу кнігі, выдадзеныя МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, якія распавядаюць пра жыццё беларусаў ЗША, Вялікабрытаніі, Аргенціны. Наведвальнікі выказвалі шкадаванне, што падобную літаратуру немагчыма набыць у Севастопалі і ў Крыме.
Старшыня таварыства В. Барташ раней падарыў Цэнтральнай бібліятэцы імя Льва Талстога энцыклапедыю “Францыск Скарына”, трохтомнік твораў Максіма Багдановіча, кнігу "Нумізматыка Беларусі". Акцыя "Наш сцяг" у Севастопалі працягвалася 6 чэрвеня, калі ў горадзе адзначаецца свята “Дзень Гістарычнага бульвара”. Гэтае свята праводзіцца ў Севастопалі з 1990 года напярэдадні Дня горада. На цяністых алеях бульвара разгарнулі свае выставы Нацыянальны музей гераічнай абароны і вызвалення Севастопаля, Асацыяцыя нацыянальна-культурных таварыстваў Севастопаля, народныя музеі горада.
Экспазіцыя Севастопальскай Пагоні прыцягвала ўвагу яркасцю афармлення, і ўяўляла кампазіцыю з бел-чырвона-белых сцягоў, белых і чырвоных стужак, партрэта М. Багдановіча, эмблемы таварыства з выявай Пагоні. Дэманстраваўся партрэт паэткі Ларысы Геніюш, яе кнігі, а таксама партрэты беларусаў - Герояў Савецкага Саюза, якія абаранялі горад Севастопаль. Музей гераічнай абароны Севастопаля адзначыў працу таварыства лістамі падзякі і падарункамі. 22 чэрвеня 2010 ў Дзень смутку і памяці і адначасова ў Дзень памяці беларускага пісьменніка Васіля Быкава. а таксама 100-годдзя рускага савецкага паэта Аляксандра Твардоўскага, дзякуючы якому ў часопісе "Новы свет" адбыліся першыя публікацыі беларускага пісьменніка, старшыня севастопальскай Пагоні Валер Барташ ад імя Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" падараваў найстарэйшай бібліятэцы Севастополя -- Марской бібліятэцы Чарнаморскага флота Расійскай Федэрацыі (заснавана ў 1822 годзе) -- двухтомнік Сяргея Шапрана “Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах”.
Кнігі былі з удзячнасцю прыняты супрацоўнікамі бібліятэкі. Гэта, магчыма, першыя беларускія кнігі, якія паступілі ў бібліятэку ў постсавецкі перыяд.
30 чэрвеня ў Марской бібліятэцы Валер Барташ прыняў актыўны ўдзел у прэзентацыі кнігі "Жывыя галасы". Яе аўтарам з’яўляецца Рыма Акцябрская -- дачка адмірала Філіпа Акцябрскага, які падчас абароны Севастопаля ў 1941-1942 гадах быў камандуючым Чарнаморскім флотам. Кніга распавядае аб гераічных і адначасова драматычных падзеях абароны Севастопаля, вызваленні горада.
Паводле Валера Барташа