то вы чулі пра Беларусь? Апошняя дыктатура Еўропы? Трактар такі?
А можа, вы бачылі карціны Марка Шагала, мастака-авангардыста, які нарадзіўся ў беларускім горадзе Віцебску і маляваў гэты горад да канца жыцця? Або чулі пра беларуса Луіса Барта Маера, сузаснавальніка кінакампаніі «Metro-Goldwyn-Mayer» і прэміі «Оскар»? А можа, вы знаёмыя з творамі Святланы Алексіевіч, беларускай пісьменніцы, якая атрымала Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры ў 2015 годзе?
А можа, вы ведаеце, што ўжо амаль год у Беларусі працягваюцца пратэсты людзей, якія дамагаюцца справядлівых выбараў і вызвалення пяцісот палітычных вязняў, узятых у палон апантаным дыктатарам? Больш як 35 000 чалавек прайшлі за год праз рэпрэсіі, і больш за дзесяць – загінулі.
Міжнародная салідарнасць асабліва важная цяпер, калі надзея і сіла духу – галоўнае, што дазваляе беларусам рухацца наперад.
Мы абвяшчаем 7 ліпеня Днём беларускай культуры, каб адзначыць той культурніцкі след, які наш народ пакідае ў свеце. Увесь тыдзень, з 5 па 11 ліпеня, мы будзем дзяліцца песнымі, вершамі, мастацтвам, каб нагадаць пра нашых сяброў у турмах. Дзяржава, якая знішчае культуру, знішчае нацыю!
Верш нашага нацыянальнага паэта Янкі Купалы «А хто там ідзе?», напісаны ў 1905–1907 гадах, быў першаю творчай маніфестацыяй незалежнага беларускага народу. Як і больш за стагоддзе таму, беларусы прагнуць галоўнага: людзьмі звацца.
У гонар святкавання Міжнароднага тыдня беларускай культуры мы прапаноўваем вам запісаць верш «А хто там ідзе?» на вашай мове і апублікаваць з гэштэгам #by_culture.
Культура пераможа дыктатуру!
На гэты момант беларускага Дня культуры, а тым больш міжнароднага — няма. Мы прапаноўваем гэта змяніць і ўшанаваць той унёсак, які наш народ зрабіў у сусветную культуру. 7 ліпеня — дзень, калі мы адзначаем дні народзінаў Янкі Купалы, Марка Шагала, Яна Чачота — культурных дзеячаў Беларусі, вядомых далёка за яе межамі. Таксама ў ноч з 6 на 7 ліпеня шмат хто ў Беларусі адзначае Купалле, свята кахання і свабоды.
Беларуская культура ў адзін дзень ніяк не змесціцца, таму святкаваць будзем увесь тыдзень!
Чаму гэта важна?
Лавіна крэатыву мінулага года паказала: культура беларусаў мацнейшая за дыктатуру. Менавіта культура яднае нацыю. Яна — рухавік пераменаў.
Беларуская культура — вартая сусветнай увагі!
Што будзем рабіць?
Распачаць штогадовую традыцыю святкавання нашай культуры мы прапаноўваем вершам Янкі Купалы «А хто там ідзе?», які перакладзены больш як на сто моваў свету!
Прачытайце гэты кароткі і такі магутны верш і апублікуйце запіс з гэштэгам #by_culture.
***
А хто там ідзе, а хто там ідзе
У агромністай такой грамадзе?
— Беларусы.
А што яны нясуць на худых плячах,
На руках у крыві, на нагах у лапцях?
— Сваю крыўду.
А куды ж нясуць гэту крыўду ўсю,
А куды ж нясуць на паказ сваю?
— На свет цэлы.
А хто гэта іх, не адзін мільён,
Крыўду несць наўчыў, разбудзіў іх сон?
— Бяда, гора.
А чаго ж, чаго захацелась ім,
Пагарджаным век, ім, сляпым, глухім?
— Людзьмі звацца.
Спампаваць верш, каб падзяліцца ім з суседзямі
Вось яшчэ некалькі прапановаў:
•ускладаць кветкі да помнікаў беларускім дзеячам культуры
•калі вы жывяце за мяжою – уздымайце наш сцяг над вашымі мэрыямі, знакавымі мясцінамі і ўласнымі дамамі
•спяваць беларускія песні (рыхтуем для вас цэлы плэйліст з караоке-версіямі самых культавых гітоў)
•распавесці пра свайго ўлюбёнага сучаснага беларускага творцу – гэта можа быць і Лявон Вольскі, і сусед – мастак-аматар
•плесці вянкі (хто не ўмее – навучым)
•святкуйце Купалле, запускайце феерверкі, намалюйце ўласную папараць-кветку і загадайце галоўнае жаданне!
Імпрэзы будуць ладзіцца цягам усяго тыдня ў Беларусі і за яе межамі, онлайн і офлайн.
Сачыце за абвесткамі ў нашых сацсетках!
Вітаем вашыя ўласныя ідэі!
Важна! Публікуйце вашыя навіны з гэштэгам #by_culture!
Дзяліцеся беларускай культурай з замежнымі сябрамі!
Прачытаць пра кампанію на розных мовах можна тут.