У ёй змешчаны прозвішчы беларусаў не толькі 20-30-х гадоў, але і беларусаў нашага часу, якія жывуць і працуюць тут у Вільні -- горадзе, "у якім утульна розным народам, мовам і культурам". Аўтар правёў вялікую працу. Ён расшыфраваў і апрацаваў забытыя часам дакументы, сістэматызаваў іх. І ў такім выглядзе данёс да нас голас Беларуса мінулага стагоддзя. Вядома, што падчас працы над выданнем узнікалі складанасці, бо ў архівах пры перадачы імён, назваў устаноў, населеных пунктаў сустракаліся розныя варыянты іх напісання. Тым, хто будзе чытаць гэтую кнігу пажадаем атрымаць асалоду ад чытання і спасціжэння Беларускага Космасу ў Вечным Горадзе.
На гэтай жа імпрэзе старшыня ТБК Хведар Нюнька распавёў прысутным пра падарожжа групы сяброў ТБК на Беласточчыну. Нашу групу з сямі чалавек запрасілі польскія беларусы. Падарожжа было надзвычай цікавым і пакінула незабыўныя ўспаміны ўсім удзельнікам. Мы былі цудоўна прыняты нашымі сябрамі і аднадумцамі з Беласточчыны. Дзякуючы ім мы мелі магчымасць паглядзець цікавыя краявіды і прыгажосць драўлянай архітэктуры гэтага краю, які мае багатую гісторыю. У сваім выступе Хведар Нюнька зазначыў, што беларусы Беласточчыны атрымліваюць досыць значную матэрыяльную дапамогу ад Польскага ўраду ( радыё “ Рацыя”, тыднёвік-газета “Ніва”, перадача беларусам Супрасльскага манастыра, сродкі на культуру). Мы ж, на жаль, зазначыў ён, нічога падобнага ў незалежнай Літве не маем.
Напрыканцы імпрэзы адбыўся паказ дакументальнай стужкі "Дзень -Ч" пра беларускага грамадскага дзеяча, былога мэра г. Маладэчна Генадзя Карпенку.
У чэрвені ў Таварыства беларускай культуры ў Літве завіталі госці з Мінска - сп. Галіна Сіўчык і ўжо вядомая нам рэжысёр-дакументаліст Вольга Мікалайчык. Яны прывезлі новы фільм "Лаботомія", прэмьера якога адбылася ў нашым таварыстве. Над фільмам працаваў вядомы рэжысёр - дакументаліст Юры Хашчавацкі.
Вольга Мікалайчык
У фільме паказаны падзеі апошняй вайны паміж Грузіяй і Расеяй Фільм створаны аўтарамі на фактычным матэрыяле, праца над ім адбывалася ў самой Грузіі. Паглядзеўшы гэты фільм мы ўбачылі супярэчнасць паміж тым, што адбывалася насамрэч у Грузіі, і як гэта перадавалі Расійскія сродкі масавай інфармацыі: навіны не мелі нічога агульнага з рэчаіснасцю.
Падчас імпрэзы старшыня таварыства Хведар Нюнька распавёў аб адным з некалькіх знакамітых родаў. У прыватнасці пра род Іваноўскіх. Род іх сягае даўніх часоў - ХУІ стагоддзя. У бацькі Леанарда Іваноўскага было пяцёра дзяцей. Адзін з іх Юрка уваходзіў у сенат Польшчы, быў міністрам польскага ураду, і лічыў сябе палякам. Тадэвуш Іваноўскі (Тадас Іванаўскас) быў дырэктарам інстытута біялогіі АН Літвы, заснавальнікам заалагічнага саду ў Коўні. Асабіста сам дастаўляў экспанаты туды з усяго свету. Сп. Хведару пашчасціла, што гэты чалавек у свой час быў яго выкладчыкам у сельскагаспадарчай акадэміі ў Коўні. Трэба зазначыць, што выкладаў ён цікава і захапляльна, а веды яго былі дасканалыя.Ён лічыў сябе літоўцам.
Вацлаў Іваноўскі меў магчымасьць здабыць навуку ў Пецярбургу, дзе і выкладаў пазней у навучальных установах, быў заснавальнікам выдавецтва "Загляне сонца і ў наша аконца" ў Пуцербургу. У 1917 годзе быў удзельнікам Усебеларускага Кангрэсу ў Мінску. Прымаў актыўны ўдзел у рабоце Рады БНР, быў прызначаны міністрам асветы. Пасля падзелу Беларусі на ўсходнюю і заходнюю ён з’ехаў у Варшаву, дзе прабыў да 1939 года. З пачаткам вайны вярнуўся ў Вільню і выкладаў ва ўніверсітэце С.Баторага.
Падчас вайны прымаў актыўны ўдзел у Беларускім Нацыянальным Камітэце. Заўсёды стаяў на абароне інтарэсаў беларусаў. Аўтарытэт яго быў вельмі высокі. У 1942 годзе быў прызначаны бурмістрам г. Мінска. З яго дапамогай у Беларусі было створана звыш 1000 беларускіх школ.
На жаль, лёс яго трагічна абарваўся. У 1943 годзе ён быў забіты.
Галіна Сіўчык распавяла аб сённяшняй сітуацыі з палітзняволеным ў Беларусі і аб цяжкім становішчы ў беларускіх турмах.
Галіна Сіўчык
На мерапрыемстве прысутнічаў былы амбасадар Літвы ў Беларусі Альфонс Аўгуліс. Ён распавёў пра сваю дзейнасць падчас дыпламатычнай службы ў Беларусі і цяпер.
Альфонс Аўгуліс