Перасовачныя выстаўкі кніг беларускіх выдавецтваў пройдуць за мяжой

Перасовачныя выстаўкі кніг беларускіх выдавецтваў пройдуць за межамі Беларусі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла начальнік упраўлення выдавецкай дзейнасці і кніжнага гандлю Міністэрства інфармацыі Беларусі Алена Паўлава.

Праект па арганізацыі перасовачных кніжных выставак за мяжой - сумесная ініцыятыва міністэрстваў інфармацыі і замежных спраў рэспублікі. Падрыхтаваны два выставачныя камплекты кніг беларускіх выдавецтваў апошніх гадоў выпуску. У кожным з іх - больш як 500 лепшых узораў кніжнай прадукцыі розных тэматычных напрамкаў, выданні, якія адлюстроўваюць усе сферы жыццядзейнасці беларускага грамадства і дзяржавы, даюць уяўленне аб развіцці ў Беларусі навукі, культуры, літаратуры, сістэмы адукацыі, і іншыя. Мяркуецца, што перасовачныя кніжныя выстаўкі пры ўдзеле пасольстваў Рэспублікі Беларусь за мяжой пройдуць ва Украіне, Латвіі, Эстоніі, Літве, Польшчы. Першым жа пунктам іх назначэння стане сталіца Расійскай Федэрацыі Масква, услед за якой экспазіцыю беларускіх кніг прымуць у сябе Санкт-Пецярбург і асобныя гарады расійскіх рэгіёнаў.

"БЕЛТА"