Лепшыя беларускія кнігі папоўнілі фонды бібліятэкі кангрэса ЗША

Лепшыя беларускія кнігі папоўнілі фонды бібліятэкі кангрэса ЗША. Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у прэс-службе Міністэрства замежных спраў Беларусі, цырымонія перадачы лепшых беларускіх кніг - лаўрэатаў нацыянальных і міжнародных кніжных конкурсаў бібліятэцы кангрэса ЗША адбылася 25 чэрвеня ў Вашынгтоне.

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі перадаў кнігі кіраўніку еўрапейскага дэпартамента бібліятэкі кангрэса ЗША Джорджэт Дорн. Як падкрэсліў у сваім выступе Раман Матульскі, наяўнасць у бібліятэцы кангрэса ЗША збору лепшых беларускіх кніг, якія змяшчаюць усебаковую і аб'ектыўную інфармацыю аб Беларусі, будзе садзейнічаць распаўсюджванню ведаў аб краіне сярод амерыканцаў, што, безумоўна, паспрыяе паляпшэнню ўзаемаразумення паміж народамі Беларусі і ЗША. Бібліятэка кангрэса ЗША з падзякай прыняла перададзеныя Беларуссю кнігі. Прадстаўнік кіраўніцтва бібліятэкі адзначыла важнасць і своечасовасць ініцыятывы беларускага боку. Яна таксама падкрэсліла зацікаўленасць бібліятэкі кангрэса ў далейшым развіцці супрацоўніцтва паміж Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і бібліятэкай кангрэса ЗША. Раман Матульскі і Джорджэт Дорн дамовіліся аб канкрэтных формах ўзаемадзеяння галоўных бібліятэк Беларусі і ЗША, уключаючы ўзаемадзеянне ў галіне міжнароднага кнігаабмену. Перадача кніг бібліятэцы кангрэса ЗША з'яўляецца першым мерапрыемствам праекта "Беларусь сёння". Па ўмовах праекта Беларусь штогод будзе перадаваць пяці найбуйнейшым бібліятэкам свету каля ста лепшых кніг айчынных выданняў, якія найбольш усебакова адлюстроўваюць сацыяльна-эканамічнае і палітычнае жыццё краіны, яе гісторыю і культуру. У збор увойдуць лепшыя літаратурна-мастацкія, навуковыя, навукова-папулярныя выданні, энцыклапедыі, даведнікі і фотаальбомы. Як дапоўнілі ў Міністэрстве культуры Беларусі, першапачаткова бібліятэцы кангрэса ЗША перададзена невялікая колькасць кніг, у тым ліку і выпушчаны Мінскай фабрыкай каляровага друку зборнік "Спадчына Беларусі. Скарбы", які ўдастоены дыплома 1-й ступені ў намінацыі "надрукаваны ў Садружнасці" V Міжнароднага конкурсу дзяржаў-удзельніц СНД "Мастацтва кнігі". Плануецца, што неўзабаве па каналах дыпламатычнай пошты будуць перададзеныя іншыя беларускія выданні апошніх гадоў, удастоеныя ўзнагарод розных конкурсаў. У гэтым годзе найбуйнейшым бібліятэкам Расіі, Украіны, Польшчы і Германіі таксама будуць перададзеныя па сто кніг з Беларусі. Сярод выданняў - энцыклапедыі, даведнікі, выданні па мастацтве, мовазнаўстве, фотаальбомы. Усе кнігі распавядаюць аб краіне, яе гісторыі, традыцыях, культуры і прыродзе. У спісе літаратуры наступныя выданні: "Прырода Беларусі" (том 1, энцыклапедыя), "Рэгіёны Беларусі, том 1, Брэсцкая вобласць, энцыклапедыя), даведнік "Мінск і наваколлі", фотаальбом "Мінск стары і новы","Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь", “Энцыклапедыя беларускай кухні", Беларускі арфаграфічны слоўнік і іншыя.

Беларуская кніга, пашыраючы геаграфію сваёй прысутнасці ў калекцыях вядучых бібліятэк свету, будзе спрыяць павышэнню цікавасці замежнай аўдыторыі да культуры Беларусі і яе каштоўнасцяў. Перададзеныя найбуйнейшым бібліятэкам свету беларускія кнігі стануць асновай для фарміравання калекцый або істотна дапоўняць наяўныя зборы выданняў з Беларусі.

"БЕЛТА"