Фестываль be2gether, які ўжо чацвёрты год запар праводзіцца на літоўска-беларускай мяжы, ў гэтым годзе стаў яшчэ бліжэй да Беларусі. Апроч чатырох беларускіх гуртоў, якія выступаюць ля замку ў Нарвілішках, сёлета прадстаўленыя два беларускія намёты – ад галерэі "Ў" і ад кампаніі "Будзьма беларусамі", дзе можна пазнаёміцца з беларускаю культурай, паслухаць выключна беларускую музыку, набыць сувеніры.
У першы дзень фестывалю беларускія выканаўцы парадавалі гледачоў прыемнымі нечаканасцямі. Гурт Cherryvata прадставіў абноўлены склад: новай вакалісткай гурта стала рок-князёўня Руся. Ня гледзячы на тое, што гэта быў адзін з першых выступаў дня, гурт сабраў пад сцэнай нямалую колькасьць гледачоў і пазнаёміў іх з сваім новым гучаннем.
Cherryvata
Праз гадзіну пасля электроншчыкаў Cherryvata на сцэне ля замку з'явіўся Лявон Вольскі з сваім новым бэндам. Напэўна, ўсе беларусы, якія прыехалі на фестываль, наведалі выступ Лявона, на якім ён прадставіў кампазіцыі з альбому "Белая яблыня грому", а таксама апрацаваныя народныя песні і кампазіцыі з рэпертуару "Крамбамбулі".
Вольскі & C
Увечары пачалася "зорная" частка фестывалю. Спачатку галоўную сцэну ўзарвалі сваім пазытывам музыкі гурта Who Made Who. Не менш энергічным атрымаўся выступ у гурта Crystal Fighters. Хіпавата выгляду хлопцы прыгалі па сцэне, па-вар’яцку білі ў бубны і прымушалі публіку танчыць пад рытм іх песняў.
Who Made Who
Crystal Fighters
Асноўную частку фестывалю завяршалі хэдлайнеры – Casiokids і Empire of the Sun. Выступ апошніх камусьці падаўся занадта патасным: апранутыя ў бліскучыя строі музыкі, група падтанцоўкі, доўгія інструментальныя пераходы паміж песнямі. Але прыхільнкі творчасьці маладых электроншчыкаў засталіся задаволенымі.
Casiokids і Empire of the Sun Пасля выступаў на двух галоўных сцэнах, начны адпачынак працягнуўся на маленькіх пляцоўках і ў барах. Напрыклад, гурт Cherryvata зладзіў начны выступ у намёце "Будзьма", а на сцэне Zip.FM выступіў вядомы біт-боксер Kila Kela.
DJ Laurel
Другі дзень на Be2gether працягнуў запал фестывалю. Зоркай “Будзьма!” стаўся DJ Laurel, які сабраў ля сябе цэлы натоўп аматараў добрай музыкі. Разам з Лаўрэлем кампанія “Будзьма Беларусамі!” прэзентавала гурты Akute і Дзівасіл. Усе ахвочыя сталі палатном для бодзі-арту ад “Будзьма!”, атрымалі сувенірную прадукцыю кампаніі. Дэманстраванне выставы фатографа Андрэя Лянкевіча пад музыку DJ Laurel’я, падборкі відэа-кліпаў беларускіх музыкаў пераўтварыліся ў імправізаваную дыскатэку.
Akute
Дзівасіл