На сцэне 21-га Басовішча выступіць 21 гурт

Фэст чакаюць змены: бар ператворыцца ў пясчаны бераг, намётавы гарадок паўстане ў іншым месцы, з’явіцца кіна-сцэна, а таксама прадугледжаны “нефармальны трэці дзень” фэсту.

Да фэстывалю “Басовішча-2010” засталося чатыры тыдні. Арганізатары нарэшце сфармавалі канчатковую праграму, а таксама распавялі Generation.by, якія цікавосткі чакаюць 21-ы фэст. Бар ператворыцца ў пяшчаны бераг, намётавы гарадок паўстане ў іншым месцы, з’явіцца кіна-сцэна, а таксама прадугледжаны “нефармальны трэці дзень” фэсту. Сябры журы завяршаюць адбор канкурсантаў для фіналу конкурса “Басовішча-2010”.

Конкурсная частка

Арганізатары “Басовішча”, “Беларускае аб’яднанне студэнтаў” (БАС) у Польшчы, трымалі прыхільнікаў фэсту без навінаў роўна месяц. У канцы траўня завяршыўся прыём заявак на традыцыйны конкурс фэсту, у якім сёлета прымаюць удзел 20 гуртоў з Беларусі і Польшчы.

Як паведаміла generation.by старшыня БАС Кася Кузьміч, у складзе журы сёлета тры асобы: Бобан (гурт Zero-85), рэпэр Кроў і музычны блогер Вячаслаў Радзівонаў. Журы працуе над выбарам 5-ці гуртоў з 20-ці, якія і прымуць удзел у фінале фестывалю — на сцэне 21-га Басовішча 16—17 ліпеня.

“Выбар не просты. Імкнемся да таго, каб музычны ўзровень конкурсу быў высокі”, — каментуе Кася Кузьміч.

Галоўная ўзнагарода “Басовішча-2010” — гэта 10 гадзінаў запісу ў студыі Rembrandt (Польшча) і 1000 $.

Месца правядзення

Пасля юбілейнага 20-га Басовішча арганізатары рашыліся на змены ў традыцыйнай схеме размяшчэння намётавага гарадка, іншых месцаў адпачынку ды крамаў.

“У крытай драўлянай пляцоўцы плянуецца жоўты пясок, каляровыя лежакі, пальмы ды ананасы. Будзе такі “свабодны горад”, дзе можна будзе паляжаць, папіць піва ды паглядзець/паслухаць канцэрты”, — распавядае старшыня БАС.

Намётавы гарадок сёлета паўстане ў іншым месцы, але, як кажуць басаўцы, у “старым” — там, дзе ён ствараўся ў пачатку 90-х — у 150 метрах ад сцэны. Там нашмат большая прастора і гэтак жа добра чуваць музыку.

Там жа плануецца размясціць павільён-шоп, у якім можна будзе набыць намёт, спальнік, дыванок ды іншыя рэчы, якія могуць спатрэбіцца для начовак.

Кошт абанементу ў намётавы гарадок складзе 20 PLN (каля 6 даляраў) незалежна ад часу прыбывання ў ім. Гарадок пачне працу з 15 ліпеня.

Праграма Басовішча-2010: на 21-м фэсце 21 гурт

Традыцыйна праграма фэсту складаецца з трох частак: конкурс, вольная сцэна і выступы гасцей. Так будзе і гэтым разам. Музычную частку першага дня адчыніць конкурс.

Вольная сцэна пройдзе ў другі дзень. У межах яе выступяць гурты: CherryVata (Беларусь), Open Space (Беларусь), The Spouds (Варшава), Kuba Rozpruwacz (Польшча, Гайнаўка).

Выступы гасцей. Першы дзень: Zatochka (Беларусь), Schody (Польшча), Re1ikt (Беларусь), Addis Abeba (Беларусь), Rima (Польшча), Lipali (Польшча), уначы праграма працягнецца ды-джэямі. У другі дзень сцэну цалкам акупуюць гурты з Беларусі: Termin X, Litvintroll, Troitsa, Gurzuf, :B:N:, Lyapis Trybetskoy. Ноч працягнецца сэтам ад вядомых польскіх ды-джэяў Hungry Hungry Models.

Таксама ў праграме значацца фотавыставы, сустрэчы з творчымі людзьмі, паказ фільмаў — для гэта паставяць адмысловы намёт. Вядучымі фэсту выступяць Кроў і Алесь Таболіч (гурт Znich).

“Ведаем, што шмат людзей застаецца на трэці дзень у борыку. Адмыслова для іх падрыхтавалі нефармальны “трэці дзень” Басовішча. Ужо не на галоўнай сцэне, а ў будынку пры намётавым гарадку прадугледжаныя невялікія канцэрты, паказы фільмаў, тэатральныя пастаноўкі ды іншае”, — распавядаюць басаўцы.

“Басовішча-2010” пройдзе 16—17 ліпеня ў Гарадку (Польшча), што недалёка ад беларускай мяжы. Да самага старога беларускага штогадовага рок-фэсту засталося 4 тыдні. Праца ў самым разгары. Фестываль арганізуецца этнічнымі беларусамі ў Польшчы — польскімі студэнтамі, якія вызнаюць сябе беларусамі.

Для беларускіх наведвальнікаў апроч непасрэдна праграмы адно з самых актуальных пытанняў — даезд на Басовішча, сам фестываль традыцыйна бясплатны. Таму найперш варта забяспечыць сябе візаю. На жаль, на сёння, па словах старшыні БАС Касі Кузьміч, няма дакладнай інфармацыі пра прадастаўленне бясплатных візаў для беларускіх гледачоў — перамовы з польскімі кансулятамі ў Беларусі працягваюцца. У той жа час басаўцы дамаўляюцца на бясплатны праезд для гледачоў з Кузніцы Беластоцкай да Гарадка, а таксама плануецца пусціць цягнік з Беластока да Гарадка.

generation.by