“Малюся я небу, зямлі і прастору…”

Выставу пад такой назвай атрымаў на свой 35-ты дзень нараджэння Музей Янкі Купалы ў сяле Пячышчы Верхняўслонскага раёна Рэспублікі Татарстан. Такі падарунак быў прэзентаваны Пячышчынскаму музею Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы ў Мінску.

Выставу пад такой назвай атрымаў на свой 35-ты дзень нараджэння Музей Янкі Купалы ў сяле Пячышчы Верхняўслонскага раёна Рэспублікі Татарстан. Такі падарунак быў прэзентаваны Пячышчынскаму музею Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы ў Мінску.

музей Янкі купалы ў Пячышчах

Музей Янкі Купалы ў Пячышчах

Памятная шыльда Янку Купалу на будынку музея, адкрыта ў 1956 годзе

У назве выставы  “Малюся я небу, зямлі і прастору…” – радкі з верша Янкі Купалы “Мая малітва” 1912 года. Яна  пазнаёміць расійскага наведвальніка з багатымі і разнастайнымі калекцыямі аднаго са старэйшых літаратурных музеяў Беларусі. “У гэтую выставу ўвайшлі эскізы да касцюмаў і спектакляў Янкі Купалы”, -- гаворыць дэрэктар музея Янкі Купалы ў Мінску Алена Мацевасян. -- Гэта сумесны выставачны і культурна-адукацыйны праект, створаны ў рамках Года культуры Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі, Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы ў Мінску і Нацыянальным музеем Рэспублікі Татарстан, у склад якога ўваходзіць Пячышчынскі музей”.

Прэзентацыя выставы адбылася 5 чэрвеня падчас святочнай імпрэзы, прысвечанай 35-годдзю з дня адкрыцця Музея Янкі Купалы ў сяле Пячышчы.

Па словах Алены Мацевасян, мерапрыемства прайшло на высокім узроўні. Прысутнічалі прадстаўнікі Нацыянальнага музея Рэспублікі Татарстан, намеснік старшыні Асамблеі народа Татарстана, беларусы Казані на чале з Сяргеем Паўлавічам Марудэнка.

Старшыня беларускай суполкі ў Казані Сяргей Марудэнка чытае прывітальны ліст ад Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Расіі

Сябры беларускай суполкі і ансамбль выкладчыкаў Верхняўслонскай музычнай школы

Салістка Ірына Рафальская (беларуска з Віцебска)

“Сустрэча ў Пячышчах атрымалася вельмі актыўная. У нас адбыўся абмен думкамі, з’явіліся некаторыя напрацоўкі на будучае. -- распавядае Алена Мацевасян. -- Музей з’яўляецца сапраўды знакавым месцам для беларусаў Казані, яны вельмі шануюць яго, праводзяць там разнастайныя мерапрыемствы. З музеем у Пячышчах мы супрацоўнічаем ужо даўно. Аказваем ім метадычную дапамогу. Некаторыя тэмы ў іх не раскрыты, да прыкладу, тэма паходжання Янкі Купалы, гады жыцця ў час Вялікай Айчыннай вайны. Мы будзем перадаваць высокаякасныя сканіраваныя копіі дакументаў за патрэбны перыяд, каб яны маглі папоўніць экспазіцыю. Пры музеі дзейнічае драматычны гурток. Яны ставілі “Паўлінку” на рускай мове, так што, думаю, прэзентаваная выстава будзе для іх сапраўды цікавай”.

Падчас сустрэчы вучоны сакратар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Ала Дражына правяла на беларускай мове экскурсію па выставе "Малюся я небу, зямлі і прастору..."  для беларусаў Казані.

Вучоны сакратар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Ала Дражына праводзіць экскурсію па выстаўцы

На будучае плануецца візіт ў Мінскі музей Янкі Купалы супрацоўнікаў Пячышчынскага музея. Таксама ёсць задумкі стварыць у Пячышчах экспазіцыю, якая б адлюстроўвала жыццё беларусаў у Татарстане.

Выставачная зала музея Янкі купалы ў Пячышчах

Мемарыяльны пакой ў Музеі Янкі Купалы ў Пячышчах

Гутарку з дырэктарам музея ў Пячышчах  Рымай Абызавай чытайце тут.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”