Даследчыца з Аўстраліі Алена Говар мае карані на Слонімшчыне, Баранавіччыне і ў Мінску.
Шукаючы новыя звесткі пра сваю родную вёску Зацітава Слабада, наткнуўся ў Інтэрнэт-прасторы на кнігу Алены Говар “Рускія Анзакі ў аўстралійскай гісторыі”, друкаваная версія якой пабачыла свет у Сіднеі на англійскай мове яшчэ ў 2005 годзе. Прозвішча і імя Аляксандра Майко з Зацітавай Слабады зачапіла мяне. Тут варта патлумачыць, што “анзакамі” называлі рускіх аўстралійцаў, якія ўдзельнічалі ў Першай сусветнай вайне, і Аляксандр Майко — адзін з іх. Але знаёмым падалося і прозвішча Говар. Пэўна ж беларускае?! З гэтай цікавасці і пачаліся мае стасункі сапраўды з нашай зямлячкай.
Крыху біяграфіі. Алена Віктараўна родам з Мінска, закончыла бібліятэчны факультэт Мінскага тады яшчэ інстытута культуры. Працавала ў архіве аднаго з навукова-даследчых інстытутаў, а ў 1983-м пераехала жыць у Маскву. Яшчэ ў дзяцінстве яе ўразіла кніга “Аўстралійскія апавяданні”. Чытанне нарадзіла мару: адправіцца ў падарожжа на “пяты кантынент”. Аўстралія ўяўлялася Алене надзвычай прыгожай прасторай, вабіла да сябе, як прыцягваюць зоркі ў начным небе… І яшчэ дакладна не ведаючы, навошта ёй гэта, яна пачала складаць бібліяграфію ўсяго, што напісана на рускай мове пра Аўстралію. Юначы максімалізм пазбаўляў боязні, што якраз “усё-усё” ў сучасным свеце аднаму адолець немагчыма. І бібліяграфія, складзеная Аленай Говар, пабачыла ўжо свет асобнай кнігай “Бібліяграфія Аўстраліі. 1710-1983”, куды ўвайшлі звесткі амаль пра 6 тысяч кніг і артыкулаў.
Захапленне вывела даследчыцу на новы ўзровень. Яна штогод удзельнічала ў канферэнцыях спецыялістаў, ездзіла ў бібліятэкі і архівы Масквы і Санкт-Пецярбурга. Вядома ж, пры гэтым Алена Говар, дачка беларускага пісьменніка і журналіста Віктара Говара (можа, нехта памятае яго кнігу “Пялёстак і крышталь”) і ўнучка рускага празаіка Арцёма Вясёлага, сустракае на шляху шмат цікавых людзей. Адзін з іх — этнограф-аўстралазнаўца Уладзімір Рафаілавіч Кабо (1925–2009), легенда расійскай навукі. З часам ён стане мужам Алены. Праца ў аддзеле Паўднёваціхаакіянскіх даследаванняў Інстытута ўсходазнаўства канчаткова акрэсліла навуковыя зацікаўленні нашай зямлячкі. З 1990 года Алена з мужам — сталыя жыхары Аўстраліі, там у іх нарадзіўся сын Рафаіл.
Па-добраму здзіўляе, уражвае плён зробленага даследчыцай. Яна рэгулярна друкуецца ў часопісе “Австралиада”, які выходзіць у Сіднеі. Змяшчае вынікі сваіх гісторыка-публіцыстычных вышукаў у розных навуковых і навукова-папулярных перыядычных выданнях Аўстраліі і Расіі. У 2005 годзе на англійскай мове выходзіць яе кніга “Рускія Анзакі ў Аўстраліі”.
У некаторай ступені падсумоўваннем навуковай працы Алены становіцца дысертацыя на званне доктара філасофіі “Рускае ўспрыманне Аўстраліі ў 1788–1919 гадах.” Некалькі перавыданняў вытрымала кніга Алены Говар “Рускія маракі і падарожнікі ў Аўстраліі”, створаная ў сааўтарстве з А. Масавым. Асабліва дарагой для Алены Віктараўны з’яўляецца кніга “Мой цёмнаскуры брат”, прысвечаная рускай сям’і Ільіных. Паводле твора зняты двухсерыйны мастацкі фільм “Піянеры любові”. Як востры, эмацыйны публіцыст даследчыца сваім словам змагла павярнуць свядомасць многіх жыхароў “пятага кантынента” да родавых каранёў, найперш славянскіх.
Адзін з клопатаў пісьменніцы і даследчыцы — памяць пра сваё радаводнае дрэва. Генеалагічныя вышукі Алены Говар прадстаўлены на яе сайце.
Наша зямлячка ведае многіх сваіх прашчураў (сярод іх — і Васіль Казіміравіч Говар, які пражыў 90 гадоў, з вёскі Іванавічы Слонімскага павета Гродзенскай губерні), працягвае шукаць матэрыялы пра ўраджэнцаў мястэчка Моўчадзь Баранавіцкага раёна — дарэчы, ёсць цікавы сайт мястэчка ў Інтэрнэце www.molchad.clan.su. Беражліва захоўвае Алена і архіў бацькі, пісьменніка Віктара Говара, мяркуючы з часам шмат што з напісанага ім надрукаваць.
Алесь Карлюкевіч, "Голас радзімы"