Ёсць і ў Заўраллі “Бацькаўшчына”

Па дадзеных перапісу насельніцтва 2002 года, у Курганскай вобласці Расіі пражывае 4176 беларусаў. Аб’ядноўвае іх Нацыянальны культурны цэнтр беларусаў Заўралля “Бацькаўшчына”, які ўзначальвае Людміла Урванцава.

Па словах Людмілы Рыгораўны, лічба 4176 ахоплівае толькі тых, у каго ў пашпарце напісана “беларус”.

“Калі я праводзіла анкеціраванне жыхароў сяла Нова-Ільінскае Петухоўскага раёна, то высветліла, што беларускія карані маюць не 168, а 315 жыхароў.То бок беларусаў не па пашпарту, а па душы і сэрцу ў Заўраллі нашмат болей”, -- гаворыць Людміла Рыгораўна.

Нацыянальны культурны цэнтр беларусаў Заўралля “Бацькаўшчына” дзейнічае з 2003 года і займаецца пулярызацыяй культуры не толькі беларусаў, але і народаў іншых славянскіх нацыянальнасцяў. Пры цэнтры стораны ансамбль беларускай песні “Журавачка”, у складзе якога спявае 15 чалавек. Ансамбль з’яўляецца лаўрэатам і дыпламантам шматлікіх фестываляў і конкурсаў, да прыкладу абласнога фестывалю “Вянок дружбы” у 2007 і 2008 гадах.

“Калектыў у нас фенаменальны, -- з гонарам распавядае пра “Журавачку” Людміла Рыгораўна. -- Уладзімір Дзергачоў, наш метадыст, беларус, сочыць за тым, каб мы правільна размаўлялі, вучыць нас правільнаму вымаўленню. Дзякуючы яму мы ўсе любім беларускую мову. За ансамбль перажывае і сэрцам, і душой, жыве ім. Кіраўнік па вакалу – Ірына Васільеўна Кандрашова, у яе казачны голас. Аляксандру Міхайлаўну Мачохіну можна назваць заснавальніцай ансамбля. Нягледзячы на салідны ўзрост, яна няўрымслівая, пастаянна падштурхоўвае нас на нешта новае. Галіна Аляксееўна Андрыяноўская, вельмі артыстычная, песні не тольі спявае, але і паказвае, праігрывае. Уладзімір Сямёнавіч Лушнікаў так пранікнёна выконвае песню пра Брэсцкую крэпасць, што ў людзей слёзы на вочы наварочваюцца, а яго жонка Ніна Пятроўна – незамянімы вядучы ўсіх канцэртаў. Баяніст -- Віталь Багалюбаў, лаўрэат міжнародных конкурсаў”.

Удзельнікі ансамбля "Журавачка"

Ансамбль часта ездзіць з канцэртамі па розных раёнах Курганскай вобласці, не раз ужо быў у Цюмені на фестывалях “Вуліца дружбы”, “Мост дружбы”, куды з’язджаюцца беларусы з усёй Расіі.

Ёсць ў заўральскай “Бацькаўшчыны” адмысловае месца для сустрэч – беларуская сядзіба, якая знаходзіцца ў горадзе Курган па вуліцы Куйбышава, 80. Там традыцыйна праходзяць беларускія святы і імпрэзы.

Паводле newworldnews.ru