Памяці Антона Антановіча

Доктар філалагічных навук, прафесар Віленскага ўніверсітэта, вядомы ў свеце даследчык старабеларускай мовы часоў Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага (ВКЛ) Антон Канстанцінавіч Антановіч нарадзіўся 4-га чэрвеня 1910 года ў вёсцы Казлы Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці, у беднай шматдзетнай сялянскай сям’і.

Доктар філалагічных навук, прафесар Віленскага ўніверсітэта, вядомы ў свеце даследчык старабеларускай мовы часоў Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага (ВКЛ) Антон Канстанцінавіч Антановіч нарадзіўся 4-га чэрвеня 1910 года ў вёсцы Казлы Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці, у беднай шматдзетнай сялянскай сям’і.

Чытаць ён вучыўся па газетах, якімі была выклеена хата, ды адзінай у сям’і кніжцы-малітоўніку, якую Антоська ад частага чытання, ведаў на памяць.

У школу пайшоў, калі яму было ўжо адзінаццаць. Прычым у польскую. Але хлопчык быў здольным і школу скончыў на выдатна.

Калі прыйшла пара набываць прафесію, Антось спыняе свой выбар на Віленскай тэхнічнай школе (зараз – Vilniaus technikos kolegija) і з тае пары на ўсё жыццё звязвае свой лёс з Вільняй.

Падчас Другой сусветнай вайны Антон заканчвае кароткатэрміновыя настаўніцкія курсы пры Беларускай вучыцельскай семінарыі і працуе год настаўнікам беларускай мовы ў Ашмянах.

У 1945 годзе, ва ўзросце 35 гадоў, ён паступае на філалагічны факультэт Віленскага дзяржаўнага ўніверсітэта, на катэдру славістыкі.

У адрозненне ад іншых, значна маладзейшых за яго студэнтаў, якія жылі “ад сесіі да сесіі”, Антон пасля заняткаў ва ўніверсітэце спяшаецца ў бібліятэку: у яго адна мэта – навука. У гэтай бібліятэцы ён застаецца, але ўжо ў якасці яе супрацоўніка, і пасля ўніверсітэта.

Але дыплом аб вышэйшай адукацыі быў толькі першай прыступкай у яго навуковай кар’еры.

Падчас працы ў бібліятэцы ён усё часцей і часцей задумваецца над дысертацыяй. Абірае і тэму – даследуе па матэрыялах судовай (актавай) кнігі Ковенскага земскага суда 1566 – 1567 гг. старабеларускую мову, якая была на той час дзяржаўнай мовай ВКЛ.

У 1961 годзе, пасля абароны дысертацыі, яму прысвайваецца навуковая ступень кандыдата філалагічных навук.

Але і на гэтым А. Антановіч не спыняецца. Яму не даюць спакою Аль-Кітабы – пісаныя ад рукі татарскія кнігі на старабеларускай мове.

Гэта была надзвычай складаная і карпатлівая праца. Вядомы мовазнаўца Аркадзь Жураўскі пісаў у артыкуле “Беларуская мова ў мусульманскай літаратуры”: “А. Антановіч у беларускім мовазнаўстве наогул вядомы як спецыяліст па старажытнай актавай пісьменнасці, якая ў часы ВКЛ стваралася на беларускай мове на этнічнай літоўскай тэрыторыі. Заняўшыся пазней вывучэннем тэкстаў, напісаных арабскім пісьмом, даследчык прысвяціў гэтай праблеме многа гадоў стараннай творчай працы. Ён увесь час падтрымоўваў цесную сувязь з беларускімі філолагамі, не аднаго разу выступаў перад імі з паведамленнямі аб выніках свайго даследвання, і яго работы па вывучэнні гэтых тэкстаў увесь час былі навідавоку беларускіх мовазнаўцаў. Не шкадуючы ні часу, ні ўласных сродкаў, даследчык на працягу многіх гадоў старанна вывучаў важнейшыя кнігасховішчы Савецкага Саюза, выявіў прыватных асоб, у якіх яшчэ захоўваюцца такія кнігі, наладзіў кантакты з замежнымі даследчыкамі і ўстановамі. У выніку працяглых і карпатлівых пошукаў А. Антановічу ўдалося скамплектаваць цэлую бібліятэку рукапісаў, напісаных у розныя часы на беларускай і польскай мовах. Сабраныя ім 24 кнігі ў выглядзе фотакопій, электраграфічных копій і мікрафільмаў у сучасны момант з’яўляюцца адзінай у свеце калекцыяй гэтага роду помнікаў”.

Дзякуючы незвычайным здольнасцям і працавітасці, доктарскую дысертацыю пад назвай “Беларускія тэксты, пісаныя арабскім пісьмом, і іх графіка-арфаграфічная сістэма”, нягледзячы на яе спецыфіку і звязаныя з ёй цяжкасці, А. Антановіч выдае асобнай кніжкай ужо ў 1968 годзе.

Усё той жа А. Жураўскі так ацэньвае працу Антона Антановіча: “Даследванне А. Антановіча заслугоўвае самай высокай ацэнкі і з’яўляецца значным укладам у беларускае мовазнаўства. Яно паказвае, што помнікі, напісаныя арабскім пісьмом, утвараюць вельмі каштоўны дадатак да беларускай кірылічнай пісьменнасці таго часу. Параўнальнае іх вывучэнне адкрывае магчымасць пастаноўкі і вырашэння многіх пытанняў гісторыі беларускай мовы, у першую чаргу такіх, як праблема адносін старой беларускай літаратурнай мовы да народна-гутарковай, грамадска-культурнай функцыі беларускай мовы ў старажытнасці, некаторыя аспекты беларуска-польскіх моўных адносін і інш. Каштоўнымі з’яўляюцца разгледжаныя рукапісы і для вывучэння многіх пытанняў гістарычнай дыялекталогіі беларускай мовы. Вывучэнне іх лексікі дасць цікавы матэрыял для слоўніка беларускай мовы”.

Выдадзеная А. Антановічам манаграфія трапляе ў гэтак званыя абменныя фонды буйнейшых навуковых бібліятэк СССР. У абмен на яе можна было атрымаць амаль любую самую рэдкую кнігу, у выніку чаго яна разыходзіцца па ўсім свеце і ў хуткім часе становіцца бібліяграфічнай рэдкасцю.

Сам жа А. Антановіч чытае тым часам лекцыі ў Віленскім універсітэце, бярэ ўдзел у канферэнцыях, піша артыкулы і… вынашвае новыя планы.

У лісце да сваёй дачкі Ганны ён піша: “На будучыню я абдумваю планы падрыхтоўкі хрэстаматыі кітабных тэкстаў. Гэта работа на некалькі гадоў”.

Аднак гады цяжкай напружанай працы не маглі не адбіцца на яго здароўі. Ён ужо не можа па-ранейшым аддаваць усяго сябе навуцы. Усё часцей і часцей даводзіцца звяртацца па дапамогу да лекараў. Але А. Антановіч не баіцца смерці – галоўная справа жыцця здзейснена. Адзінае, аб чым ён зараз марыць – гэта дажыць да 400-годдзя, заснаванага яшчэ ў 1579 годзе, Віленскага ўніверсітэта, якому ён аддаў гэтулькі сіл і энергіі.

Памёр Антон Канстанцінавіч Антановіч 17-га снежня 1980 года. Хавалі яго ўсім універсітэтам – як чалавека, які здабыў сярод студэнтаў, калег па працы, у навуковым свеце неаспрэчны аўтарытэт і павагу.

З тае пары мінула амаль 30 гадоў. Але памяць пра яго па-ранейшым жыве ў сэрцах усіх, хто яго ведаў. І яскравым таму доказам адбыўшаяся 4-га чэрвеня – у дзень яго нараджэння – на філалагічным факультэце Віленскага ўніверсітэта навуковая канферэнцыя з удзелам дачкі Антона Антановіча – прафесара Берлінскага ўніверсітэта Ганны Кенэ і яе сустрэча з гэтай нагоды з вучнямі і настаўнікамі Віленскай сярэдняй школы імя Ф. Скарыны.

Валянцін Стэх (па матэрыялах паведамлення Ганны Кенэ і публікацыі Лявона Луцкевіча і Галіны Войцік “Антон Антановіч”, якая выйшла ў свет у 2002 годзе ў Вільні, у серыі “Партрэты Віленчукоў”)

westki.info