
Беларускія музыкі з вялікім поспехам выступілі на ўсіх шасці пляцоўках восьмага фестывалю вольнай творчасці "Пустые Холмы-2010", які гэтым разам праводзіўся ў Масальскім раёне Калужскай вобласці (Расія) з 10 па 14 чэрвеня і сабраў дзесяткі тысяч аматараў нефарматнай творчасці. Такі своеасаблівы Вудсток па-руску.
Кожны з нашых гуртоў — "Серебряная свадьба", "Аддис-Абеба", "НаГуаль", Bo Selektah, Fratrez, Re 123 + — за двое сутак знаходжання на фэсце паспеў адыграць па некалькі канцэртаў. Прыемна было чуць, як над "Пустымі ўзгоркамі" (1-я сцэна) разносіцца тысячагалосая "Малобюджетная любовь", а над "Кракадзіл і Сонца" (2-я сцэна) — "Шифроваться".
Святлана Бень і яе хатні вожык
"Серебряная свадьба"
Акрамя асноўнай музычнай праграмы, Святлана Бень паказала свой бясконца сумны спектакль "Хатні вожык", Леанід Паўлёнак правёў майстар-клас па фанемным спеве, а Анака — ленд-арт "Сэрца дрэва" (абвальванне ствалоў дрэў воўнай розных колераў, прыгожа!).
"Аддис-Абеба"
На сцэне з вымоўнай назвай "Смажаны певень" выступіла мінчанка Аюна (a.u.n.a.) са сваёй сольнай праграмай, дзе вееры з агеньчыкамі змянялі поі і струны.
Дарэчы, назвы ўсіх фестывальных пляцовак вельмі арганічна падабраныя і аформленыя. Да прыкладу, камерная сцэна "Краіна Цудаў" (аформленая па матывах "Алісы ў краіне цудаў") стыль музыкі — акадэмічная камерная музыка, джаз, імправізацыі; сцэна "Лятучы карабель" — фальклорная паляна; сцэна "Вакол свету" — свабодны мікрафон; сцэна "Падводны свет" — электронна-тэатральная; "Чараўнік Смарагдавага гораду", вядома ж, джэмавая, а разнастайныя майстар-класы размясціліся на Узгорку Сямі Вятроў.
Анака
Фэст "Пустые холмы" справядліва называюць адным з найбуйнейшых і цікавых open-air фестываляў Расіі не толькі таму, што ён адкрыты для ўсіх музычных стыляў і плыняў, але і таму, што ўдзел у гэтым некамерцыйным праекце можа ўзяць любы ахвотны. Сярод удзельнікаў фэсту — Panplaneta (Польшча), "Божычы" (Украіна), "Умка и Броневик", "Оргия праведников", "Выход", Аляксандр Костараў, Рома ВПР, Феликс Лахути и Funk family з Масквы, "Сказы лесу", Ole Lukkoye і "О-па" з Санкт-Пецярбурга ды шмат іншых добрых выканаўцаў.
Слоган "Гэта фестываль, які робіце вы!" у поўнай меры адпавядае таму, што там адбываецца.
Аюна
Зарына Кандрацьева, budzma.org