У Сочы адбудзецца адкрыццё беларускага музея

У пяці кіламетрах ад цэнтра горада Сочы ў сяле Раздольнае адбудзецца адкрыццё Народнага музея “Беларусы г. Сочы”. Сяло Раздольнае ў якасці месца для размяшчэння музея абрана невыпадкова.

Сяло створана ў 19-м стагоддзі беларусамі, якія перасяліліся туды з Магілёўскай губерні. “Пасля таго, як Расія атрымала перамогу ў вайне з туркамі, яна пачала засяляць Каўказ, каб там наладзіць жыццё. Так там і апынуліся беларусы. Яны заснавалі сяло пад назвай “Раздольнае”, -- гаворыць стваральнік музея, старшыня Беларускай абшчыны “Белая Русь” у Сочы Уладзімір Астапук.

Урачыстае адкрыццё музея адбудзецца 3ліпеня, у дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На свята будуць запрошаны кіраўнікі нацыянальных цэнтраў Сочы (іх у горадзе больш за 30), кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь, а таксама кіраўніцтва Краснадарскага краю і самога горада Сочы.

У музеі звесткі пра беларусаў, якіх лёс закінуў у Сочы, будуць размяркоўвацца па стагоддзях: беларусы 19-га стагоддзя, беларусы 20-га стагоддзя і 21-га стагоддзя.

“Можна будзе даведацца пра побыт, жыццё беларусаў Сочы, іх працу, узаемаадносіны, -- распавядае Уладзімір Астапук. – Таксама частка экспазіцыі будзе прысвечана развіццю самога горада на этнічнай аснове, як беларусы прыжываліся ў Сочы, як яны суіснавалі з іншымі нацыямі, а іх у горадзе болей 110-ці. Акрамя таго, будзе створана кніга беларусаў Сочы. Яна будзе захоўвацца ў музеі. У кнізе будуць збірацца звесткі пра ўсіх беларусаў Сочы, у тым ліку і кантактныя тэлефоны.Такім чынам, музей будзе служыць своеасаблівым мастком паміж беларусамі Сочы”.

Трэба адзначыць, што беларускі музей пабудаваны цалкам на асабістыя сродкі Уладзіміра Астапука, які з’яўляецца кіраўніком праектнай фірмы.Будаўніцтва ішло на працягу 2-х год. Акрамя музея, у планах сп-ра Уладзіміра стварыць Федэральную нацыянальна-культурную аўтаномію “Славяне поўдня Расіі”, якая б аб’яднала беларусаў, рускіх, украінцаў ды іншых славянаў гэтага краю. “Задумка стварыць такую аўтаномію існавала даўно, -- гаворыць Уладзімір Астапук. – Прыемна, што першы крок у гэтай справе робяць беларусы. Зусім побач з беларускім музеем будзе пабудаваны дом для аўтаноміі. У нас ужо нават зроблена ўваходная брама з надпісам “ФНКА “Славяне поўдня Расіі”.

Цікава, што недалёка ад беларускага музея знаходзіцца крыніца з павышаным утрыманнем іонаў срэбра. А на першым паверсе будынка, дзе размешчаны музей, ёсць масажны кабінет і невялікая саўна. Так што беларускі музей мае ўсе шансы стаць цудоўным месцам для культурнага адпачынку і аздараўлення.

Адрас Народнага музея “Беларусы г. Сочы”:
село Раздольное
ул. Следопытов, 10

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"