У Санкт-Пецярбургу прайшоў фестываль моў

Чацвёрты фестываль моў адбыўся у Неўскім інстытуце мовы і культуры ў Санкт-Пецярбурга 16 траўня. Прэзентацыю беларускай мовы на гэтым фестывалі вялі прадстаўнікі Санкт-Пецярбургскага аб'яднання беларускай моладзі Іван Смаленкін і Алесь Залескі.

Падобныя фестывалі праходзяць у Валгаградзе, Маскве, Адэсе і ў некаторых іншых гарадах краін СНД. Асноўная мэта фестывалю - паказаць разнастайнасць моў свету, унікальнасць і каштоўнасць кожнай з іх. Першы ў свеце фестываль моў правялі ў 1995 годзе ў французскім горадзе Турэ. Ужо ў наступным годзе па аналагічнай схеме прайшоў першы расійскі фестываль моў у горадзе Чэбаксары (1996). Мерапрыемства ў Санкт-Пецярбургу праводзіць Расійскі саюз эсперантыстаў на базе і пры ўдзеле Неўскага інстытуту мовы і культуры.

Прэзентацыю беларускай мовы вядуць Іван Смаленкін і Алесь Залескі. Фота Андрэя Арыпава

Зала, ў якой праходзіла прэзентацыя беларускай мовы, была ўпрыгожана нацыянальнай сімволікай Беларусі: бел-чырвона-белым сцягам з лозунгам Я. Купалы “Гэй, наперад!”, а таксама гербам Пагоня. Госці мерапрыемства даведаліся пра паходжанне беларускай мовы, гісторыю яе развіцця ў часы сярэднявечча, пазнаёміліся са старажытнымі дакументамі на беларускай мове. Пачулі таксама госці пра праблемы сучасных адносін да мовы ў Беларусі. Не засталася без увагі і тэма класічнага правапісу беларускай мовы - так званая “тарашкевіца”.

Акрамя таго, Іван Смаленкін і Алесь Залескі распавялі пра незвычайныя для рускамоўных людзей літары “ў”, “дз”, “дж”. Таксама закранулі вядучыя і тэму беларускай культуры. Госці фестывалю з цікавасцю паслухалі вершы беларускіх паэтаў, асабліва верш Пятруся Броўкі "Родная мова", пасля чытання якога зала проста выбухнула апладысментамі. З задавальненнем паслухалі песню гурта Камерата “Як пад гаем”, разглядалі старонкі Літоўскага статуту, напісанага на старабеларускай мове.

belspb.org