Амерыканцы будуць перамагаць ворагаў... мовамі
Сёлета кіраўніцтва ваенна-паветраных сіл (ВПС) ЗША прыняло рашэнне аб тым, што ўсе вайскоўцы ВПС, якія валодаюць замежнымі мовамі, будуць атрымліваць штомесячны грашовы бонус да заробку ад 500 да 1000 долараў, у залежнасці ад катэгорыі мовы.
Спецыялісты моўнай і краіназнаўчай праграмы ВПС ЗША ўнеслі ў свой рэестр каля 100 сусветных моў, падзяліўшы іх на тры прыярытэтныя групы. “Вельмі неабходнымі" былі названы расійская, французская, іспанская, кітайская, карэйская, японская, турэцкая, хіндзі, фарсі, партугальская, туркменская.
У другую групу (“мовы, неабходныя падчас крызісаў і патэнцыйных пагроз”) уключаны грузінская, чэшская, іўрыт, курдская, сербска-харвацкая, азербайджанская, казахская, узбекская, філіпінская, некалькі афрыканскіх моў. У самую шматколькасную катэгорыю ўвайшлі беларуская, украінская, польская, армянская, нямецкая, балгарская, эстонская і інш.
На мове пыталіся пра палітыку
Сваё права на даплату амерыканскія лётчыкі мусяць давесці на штогадовым моўным іспыце. Пра тое, як гэта адбываецца, карэспандэнту “Тут і цяпер” распавёў наш суайчыннік Аляксей, які ўжо амаль год служыць у ваенна-паветраных сілах ЗША.
“Я заявіўся на здачу іспытаў па дзвюх мовах — беларускай і расійскай. Паколькі апошняя ўваходзіць у лік “вельмі неабходных”, для яе распрацаваны адмысловы камп’ютарны тэст. Ягоную аснову складаюць заданні на разуменне мовы: ты чытаеш альбо слухаеш тэкст ці кавалак размовы на пэўную тэму, а потым выбіраеш правільны адказ з прапанаваных варыянтаў. Для мяне руская мова родная, аднак некаторыя заданні былі вельмі няпростымі. Урэшце з максімальных 30 балаў я набраў 26”.
Па словах Аляксея, які прасіў не называць ягонага прозвішча, выпрабаванне на веданне беларускай мовы праходзіла зусім інакш. “Мяне папярэдзілі, што ў пэўны дзень са мной будзе размаўляць па тэлефоне моўны эксперт. І вось выклікаюць мяне ў прызначаны час да апарата, і на іншым канцы дроту я чую чысцюткую беларускую мову. Толькі ўявіце сабе: я знаходжуся на амерыканскай вайсковай базе ў Тэхасе і здаю тэлефонны экзамен па беларускай мове!”
Аляксей распавядае, што экзаменатар размаўляў па-беларуску без акцэнту, а сярод пытанняў былі і палітычныя. “Зразумела, што іхняй галоўнай мэтай было выявіць ступень майго валодання размоўнай беларускай мовай, аднак пры гэтым чалавек цікавіўся маёй ацэнкай бягучых стасункаў паміж Беларуссю і Расіяй, стаўленнем да ўладаў і актывістаў апазіцыі, якіх судзілі за надпісы “Жыве Беларусь!” Прычым называліся канкрэтныя прыклады, пра якія я мог зусім нядаўна чытаць у Сеціве, — кажа “наш чалавек” у амерыканскім войску. — Гутарка цягнулася хвілін 40. Потым я даведаўся, што ўрэшце набраў 20 балаў з 30. Праўда, праз паўгода ў мяне будзе магчымасць пераздаць іспыт. Упэўнены, што ў другі раз я зраблю гэта лепш, бо цяпер ведаю іхнія патрабаванні”.
Статуты выдалі, але што толку?
Бонусы за беларускую мову ў амерыканскім войску падаюцца неверагоднай з’явай. Асабліва з улікам таго, што ва ўзброеных сілах Беларусі для мовы тытульнай нацыі па-ранейшаму няма месца.
Некаму падалося, што “моўнае пытанне” можа пасунуцца ў лепшы бок пасля таго, як Міністэрства абароны выдадзе Зборнік вайсковых статутаў, перакладзеных на беларускую мову (што сёлета і адбылося).
Пераклад, які на замову Мінабароны ажыццявілі ў Інстытуце мовы і літаратуры НАН, скрытыкавалі незалежныя эксперты. “Яны ўзялі выключна савецкую спадчыну, тэрміны з савецкіх слоўнікаў і выдалі пад новай вокладкай, — распавёў “Тут і цяпер” старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны Алег Трусаў. — Чаму тут ужываецца слова “флажок”, а не “сцяжок”? Чаму расійскія загады "Смирно!", "Шагом марш!" навукоўцы з АН пераклалі як "Смірна!", "Крокам марш", хаця ў нас ёсць тэрміны “Зважай!”, “Крокам руш!”?”
Але самае горшае — не якасць перакладу, а тое, што зборнік статутаў выйшаў накладам усяго 350 асобнікаў і будзе выкарыстоўвацца выключна ротай ганаровай варты.