Куточак беларускай зямлі ў Татарстане

Насупраць горада Казань (Татарстан), праз Волгу, знаходзіцца сяло Пячышчы, дзе у гады вайны ў эвакуацыі жыў Янка Купала са сваёй жонкай. У гонар беларускага паэта ў сяле быў створаны Музей Янкі Купалы. Сёлета музею спаўняецца 35 год.

Пячышчынскі камбінат хлебапрадуктаў, у адным з будынкаў якога знаходзіцца музей Янкі Купалы

Насупраць горада Казань (Татарстан), праз Волгу, знаходзіцца сяло Пячышчы, дзе у гады вайны ў эвакуацыі жыў Янка Купала са сваёй жонкай. У гонар беларускага паэта ў сяле быў створаны Музей Янкі Купалы. Сёлета музею спаўняецца 35 год.

Юбілейнае мерапрыемства з гэтае нагоды адбылося ў музеі ў суботу, 5 чэрвеня. У рамках свята гледачам была прэзентавана літаратурна-музычная кампазіцыя “Песняй толькі на свеце жыву я!”, а таксама адбылося адкрыццё перадвіжной выставы з Беларусі “Янка Купала і тэатр” і аглядная экскурсія на Пячышчынскі геалагічны разрэз.

Пра тое, што можна ўбачыць у Музеі і, як ў Татарстане шануюць памяць беларускага паэта, распавядае дырэктар музея Рыма Абызава.

Рыма Юр’еўна, раскажыце, калі ласка падрабязней, дзе менавіта месціцца музей.

-  Музей знаходзіцца ў адным са старэйшых будынкаў. Гэта былы паравы млын купца Аканішнікава, вядомага ў Казані. Да сённяшняга дня ён дзейсны. Дарэчы, адзіны ў Паволжжы. У адным з будынкаў на другім паверсе знаходзіцца наш музей і ў прыватнасці мемарыяльная частка экспазіцыі.

-   Што ўяўляе сабой мемарыяльная частка?

-   Захаваўся мемарыяльны пакой, адноўлены амаль увесь інтэр’ер. Ёсць рэчы, якія да 1975-га года, да адкрыцця музея былі выпадкова закінуты на паддашак гэтага будынка. Калі прыязджалі супрацоўнікі літаратурнага музея Янкі Купалы з Мінска, размаўлялі з жыхарамі Пячышчаў, і вось аказалася, што захаваліся рэчы, якімі карыстаўся Янка Купала: ложак, рэпрадуктар, лямпа – усё таго перыяду. Натуральна, рукапісы некаторыя захаваліся і асабістыя рэчы. Спачатку планавалі пашырыць экспазіцыю за кошт прывезеных з Беларусі экспанатаў, але пасля не сталі прытрымлівацца гэтага прынцыпу. Вырашылі паказаць толькі тое, што захавалася з перыяду, калі Янка Купала жыў у Пячышчах, тыя рэчы, якія новыя жыльцы кватэры пры засяленні не выкінулі, а закінулі на паддашак. Хаця канешне, калі жонка Купалы Уладзіслава Францаўна пасля яго гібелі пакідала Пячышчы, карткі, пасведчанні і іншыя рэчы дасылалі па пошце, і гэтыя рэчы цяпер захоўваюцца ў Беларусі, але мы гэта сюды не будзем везці. Хаця мне б і хацелася пашырыць экспазіцыю за кошт асабістых рэчаў перыяду, калі Купала жыў у Пячышчах.

Мемарыяльны пакой

Асабістыя рэчы Янкі Купалы

Ці дапамагае музею беларуская дыяспара ў Татарстане?

-  Калі б не беларуская дыяспара ў Казані на чале з Сяргеем Паўлавічам Марудэнка, напэўна, музею цяпер было б цяжкавата. Менавіта ён арганізуе візіты разнастайных дэлегацый з Беларусі ў музей. Мяне заўсёды здзіўляе, што калі беларусы прыязджаюць у музей, яны ніколі не спяшаюцца хутчэй выехаць у горад, у гасцініцу. Мы заўсёды вельмі цёпла ўсіх прымаем, праводзім экскурсію. У нас ёсць невялікая літаратурная зала, дзе мы можам пачаставаць гарбатай, нацыянальнымі татарскімі стравамі, і ў нас атрымліваецца размова, якая можа цягнуцца вельмі доўга. Часам наведнікі гавораць: “Я знаходжуся ў Татарстане, але я адчуваю, што тут куточак беларускай зямлі, куточак беларускай культуры на татарскай зямлі”. Сапраўды, гэта так.

У нас распрацаваны педагагічныя заняткі са школьнікамі. Прычым, мы прыцягваем не толькі беларусаў. Працуем са школьнікамі горада, раёна. Робім свой унёсак у вывучэнне беларускай культуры наогул. Вось ў чым наша роля, наша задача. Музей цяпер пашырыў сваю экспазіцыю, там не толькі мемарыяльны пакой. Прадстаўлены не толькі залы пра творчасць Янкі Купалы, яго дзяцінства, пражыванне ў Пячышчах, але і іншыя раздзелы. Сяло Пячышчы знаходзіцца ва ўнікальным месцы, там цікавая геалогія, геалагічны разрэз, вельмі цікавая гісторыя паравога млына. За некалькі год працы я магу сказаць, што ўзрастае інтарэс замежнікаў да музею. Палякі заўжды з цікавасцю слухаюць, з захапленнем успрымаюць інфармацыю.

- Ці праходзяць у музеі нейкія адмысловыя святы, мерапрыемствы?

- Так, мы праводзім святы. Трэці год мы праводзім свята Купалле. Вельмі цікава. Выконваем усе рытуалы, таксама чытаем вершы Янкі Купалы. У яго напісана некалькі вершаў пра папараць-кветку, прысвечаных гэтаму святу. Імкнемся ўсе традыцыі гэтага свята паўтарыць, прымяніць: і купанне, і скокі праз вогнішча. І на наступны дзень мы святкуем дзень нараджэння Янкі Купалы, бо ён нарадзіўся на свята Купалле. У нас ў Татарстане ў гэтым свяце ўдзельнічаюць і беларусы, і ўкраінцы, і рускія, і нават азербайджанцы. Запрашаецца кола сяброў музея, школьнікі. Створаны школьны гурток. Я былы настаўнік, таму мне са школьнікамі прасцей працаваць. Мы ставілі п’есу “Паўлінка” з вучнямі старэйшых класаў. Цяпер дарослыя (ёсць творчая група) таксама хочуць паставіць гэтую п’есу, гавораць, што ім вельмі падабаецца гэты твор. Пакуль гэта толькі задумка, праўда, ролі ўжо размеркаваны. Праца будзе ісці ў восеньска-зімовы перыяд, калі людзі больш вольныя.

Рэпетыцыі вядуцца ў самім музеі?

-  Так, у сценах музея, а пасля на вуліцы паказваем, калі якое-небудзь свята. Мы стараемся гэта ў летні перыяд рабіць. У Дом дружбы нас таксама запрашаюць, то бок мы супрацоўнічаем, і беларуская дыяспара, як я ўжо гаварыла, зацікаўлена ў тым, каб нас падтрымліваць. Чым можа, абавязкова дапамагае. Фальклорны калектыў у нас пры музеі створаны, які спявае і татарскія, і рускія, і беларускія песні. Гэты калектыў выступаў на юбілейным мерапрыемстве да 35-цігоддзя музея. Запрошаны былі старэйшыя супрацоўнікі. На жаль, аўтара апошняй экспазіцыі ўжо няма ў жывых, але ёсць тыя, хто ўдзельнічаў у стварэнні самога музея, праўда не на самым пачатку, а трошкі пазней. Мы таксама праводзім сямейнае свята, запрашаем маладыя сямейныя пары, неабавязкова беларусаў па нацыянальнасці. Стараемся прыцягваць людзей, каб яны знаёміліся з творчасцю Купалы. Таксама і турысты, якія вандруюць па Волзе, абавязкова наведваюць наш музей.

Рскажыце трошкі пра сябе. Як вы сталі дырэктарам беларускага музея?

- Я працавала ў школе. Акрамя выкладання, я займалася грамадскай працай, вазіла дзяцей на экскурсіі, у тэатры, музеі. І усе ведалі, што я гэтым займаюся. І калі не стала дырэктара музея Антонавай Маргарыты Мікалаеўны, то тры месяцы не маглі падабраць чалавека. Па-першае, патрэбна знайсці ў сяле. Хацелі каго-небудзь з горада, але нязручна дабірацца. Так як мы з’яўляемся філіялам Нацыянальнага музея Рэспублікі Татарстан, кіраўніцтва звярнулася ў адміністрацыю з пытаннем, каго яны могуць прапанаваць на пасаду загадчыка музея. І як мне пасля расказалі, у іх нават не ўзнікала пытанне, што гэта трэба прапанаваць Абызавай. Я тады мусіла выходзіць на працу ў школу пасля дэкрэтнага адпачынку. Калі мне прапанавалі, я сустрэла гэта ў штыкі, я нават плакала дома. Мне муж сказаў: “Чаму б і не? Здаецца спакойная работа.” Я адказала: “Спакойная работа не для мяне. Як гэта я пайду ў музей? Што я там буду рабіць? Там так сумна!” Мне далі тыдзень падумаць, я ніяк не магла рашыцца. Калі я ўжо з’ездзіла на сумоўе ў нацыянальны музей, мяне на працу натхніў наш дырэктар. Ён сказаў, што мне гэта спадабаецца, што гэта патрэбна. Першыя два месяцы было цяжка. Але калі я па графіку ўбачыла, што будзе 30-годдзе музея – сур’ёзная дата, у мяне паляцела, пайшло. У будынку ёсць вольная зала, але нам яе не давалі. Я падумала, чаго гэтая зала пустуе, стала хадзіць па інстанцыях. Я пайшла да дырэктара прадпрыемства, у якога мы арандуем плошчу. І ўсё ж такі нам далі гэтую залу. Мы сталі афармляць яе пад літаратурную. Святкаванне 30-годдзя музея прайшло цудоўна, былі прадстаўнікі прэсы, тэлебачання, самі супрацоўнікі музея, прыязджаў дырэктар музея Вечар Сяргей Уладзіміравіч. І ў прынцыпе далі добрую ацэнку, а раз далі добрую ацэнку, значыць ў мяне ёсць стымул далей працягваць працаваць. І ў бліжэйшы час я музей нікому не аддам, буду далей працягваць працаваць.

У Вас няма ніякіх беларускіх каранёў?

-  Не, няма. Проста я гэтым зацікавілася. Я так лічу: “Калі ты хочаш працаваць, ты мусіш палюбіць сваю працу”. Я цяпер лічу, што памылковым было стаўленне, што праца ў музеі сумная. Так, там многа працы з паперамі, працы ў архівах. Часам нават не хапае на гэта часу, бо трэба і гаспадарчыя пытанні вырашаць, тут жа і выезды, і лекцыі, і прэс-рэлізы пасля кожнага мерапрыемства. Я прыцягваю сваіх сяброў, арганізавала клуб па інтарэсах. Хаця, здаецца, яны далёкія ад гэтага, але, напэўна, каб мяне падтрымаць, яны прыходзяць, слухаюць лекцыі, удзельнічаюць у святах. І дзяцей сваіх прыцягваю. У мяне дзве дзяўчынкі-блізняты. Яны ўжо ўсведамляюць важнасць маёй працы. Глядзім тэлевізар, да прыкладу, прэзідэнт прыехаў ці яшчэ што. Яны гавораць: “Мама, ідзі сюды, тваю Беларусь паказваюць!” Так што ў сям’і ёсць падтрымка. Я спадзяюся на далейшае пашырэнне музея. Адзінае, што ў нас не зусім добраўпарадкаваны прычал, але так як музей ўвайшоў у праграмы па турызму, спадзяемся, што ўлады будуць яго упарадкаваць, бо ў прынцыпе будынак музея знаходзіцца зусім блізка ад берага. Я думаю, што далей працягнецца плённая праца.

Гутарыла Таццяна Печанко
прэс-сакратар МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”