Беларуская царква ў Антверпэне (Бельгія) прыняла ўдзел у паломніцтве на Святую гару (Saint Mont) у Францыі. У першым тысячагоддзі гэтая гара была месцам дыслакацыі гарнізону рымскіх легіянераў, якія абралі яе як фарпост назірання за наваколлем. З цягам часу гара апусцела і яе выбралі для пустэльніцкага подзвігу манахі.
Адраджэннем гэтага мястэчка заняўся а. Пётр Вільк – польскі святар, які апякуецца некалькімі парафіямі ў бліжэйшых мястэчках. Ён жа з блаславення біскупа Жана Поля Матыё арганізаваў дадзенае паломніцтва і Беларускі вечар. У панядзелак Святога Духа на гары Сэнт-Монт была адпраўлена ўрачыстая Імша, у якой прынялі ўдзел паломнікі 11 нацыянальнасцяў, сярод якіх былі і святары і вернікі з Беларусі, а таксама з Беларускай дыяспары Бельгіі.
Вечарам таго ж дня ў парафіяльнай залі Сэнт-Амэ беларускія вернікі зладзілі канцэрт. Паслухаць беларускія фальклорныя песні прыйшла вялікая колькасць мясцовых жыхароў.