Тут і надалей захоўваецца Беларусь

Адным з астраўкоў беларускасці ў свеце, безумоўна, з’яўляецца Падляшша на Беласточчыне, на якім, нягледзячы на шматлікія неспрыяльныя умовы, перадусім паланізацыю, вельмі добра захаваўся беларускі свет, знаёміцца з якім выправіліся сябры Таварыства беларускай культуры ў Літве 22-23 траўня.

Тут і надалей захоўваецца Беларусь

(Аб вандроўцы сяброў Таварыства беларускай культуры ў Літве на Беласточчыну)

Супрасльскі праваслаўны манастыр

Часта разважаючы аб мінулым і сучасным свайго народа, задумваюся, а ці да канца спазнаў яго шляхі, яго гісторыю, сучаснасць… Бо, для таго, каб зразумець яго, не дастаткова ведаць толькі мінулае, але і сёняшнасць, яго шляхі і быццё на сучасным адрэзку часу. І, думаю, многія пагодзяцца, што нягледзячы на слаўнае, велічнае, бурнае мінулае, сучаснасць яго сумная. Мы знаходзімся ў тым часе, калі беларускі народ прыйшоў у заняпад, зрокся сваёй мовы, традыцый, каранёў. Да гэтага ўсяго яшчэ дабаўляецца і слабое веданне аб сучасных беларусах, іх лёсе, жыцці, бачанні свету, перазахоўваемых традыцыях, мове, гаворках. І можа, зараз настаў час не плакацца аб трагічным быцці беларусаў, аб іх знікненні, а перасэнсаваць сучасны стан і паспрабаваць як мага найбольш захаваць Беларусі для нашчадкаў. Так, яна зрусіфікаваная. Але засталіся астраўкі беларускасці, да гэтага часу маладаследаваныя ці малавядомыя, якія варта было б прыўзняць з паўзабыцця, заняцца іх папулярызацыяй і вывучэннем іх матэрыяльнай і духоўнай культуры, каб будучым пакаленням як паўней перадаць Беларусь. І адным з такіх астраўкоў, безумоўна, з’яўляецца Падляшша на Беласточчыне, на якім, нягледзячы на шматлікія неспрыяльныя умовы, перадусім паланізацыю, вельмі добра захаваўся беларускі свет, знаёміцца з якім выправіліся сябры Таварыства беларускай культуры ў Літве 22-23 траўня.

Гэта была наша традыцыйная вандроўка, бо кожны год ТБК наведвае розныя мясціны, звязаныя з беларусамі.

Першым пунктам, дзе мы спыніліся, быў Беласток. Варта адзначыць, што пэўны час, ён належыў да Беларусі, калі ў 1939 г. быў заняты Савецкімі войскамі і далучаны да БССР. Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны яго зноў перадалі Польшчы.

Можна сказаць, што ў Польшчы Беласток з’яўляецца беларускім цэнтрам. Тут выдаецца тыднёвік беларусаў Польшчы “Ніва”, адсюль вяшчае радыё “Рацыя”, у Беластоцкім універсітэце працуе кафедра беларускай культуры, у горадзе маецца дзіцячы садок, школа і гімназія, дзе вывучаецца беларуская мова.

У офісе радыё “Рацыя” адбылося наша знаёмства з беларусамі Беластока, якія кораценька распавялі пра сябе і пра справы, якімі яны займаюцца. Прысутнічалі Яўген Ваппа, Ганна Кандрацюк, Барбара Пякарская (старшыня АББА), Алег Латышонак, прафесар Яўген Мірановіч, Міра Лукша і інш.

Барбара Пякарская распавяла аб беларускім жыцці Беластока. Яна адна з тых, хто займаецца арганізацыяй беларускага школьніцтва ў гэтым горадзе. Сёння, у Беластоку, як яна адзначыла, маецца беларуская група ў дзіцячым садку. І калі напачатку былі цяжкасці з наборам дзяцей, то зараз існуе іншая праблема, прыняць усіх жадаючых. На дадзены момант беларускі садок наведвае каля 100 дзяцей. Асноўная праблема ў іх – узровень валодання беларускай мовай. Як правіла, ён нізкі, а таксама большасць дзяцей ведаюць не літаратурную мову, а мясцовы падляшскі дыялект.

Востра стаіць праблема змяншэння беларускага насельніцтва на Беласточчыне, аб чым і распавядалі прысутныя. І тут яскрава акрэсліваюцца дзве прычыны змяншэння беларусаў: паланізацыя мясцовага насельніцтва і натуральны дэмаграфічны працэс, выміранне вёсак, у якіх у сваёй асноўнай масе і пражываюць беларусы. Многіх таксама непакоіла праблема перапісу насельніцтва, які адбудзецца ў Польшчы ў наступным годзе. Колькі застанецца беларусаў? Пры перапісе будзе дадзена магчымасць чалавеку пазначыць дзве нацыянальнасці, асноўную (кім лічыць сябе чалавек, ці хоча лічыць) і дадатковую (паходжанне, карані і г.д.). І гэта таксама можа спрычыніцца да таго, што шмат хто з раней запісаўшыхся беларусаў будзе зараз асноўнай нацыянальнасцю выбіраць польскую, а беларускую другаснай. Хаця можа адбыцца і адваротны працэс. Час пакажа.

Алег Латышонак у часе дыскусіі зазначыў, што не трэба плакацца па спаланізаваных беларусаў і не трэба думаць, як іх навярнуць да беларускасці, яны ўжо страчаныя. Лепей захаваць гэтых беларусаў, якія сёння яшчэ сябе свядома вызнаюць беларусамі.

Належыць адзначыць, што арганізацыяй нашай вандроўкі па Падляшшы займаўся Яўген Ваппа, які змог паказаць не толькі самыя цікавыя ці важныя для беларусаў мясціны Падляшша, але ў сціслы тэрмін (два дні) вельмі шырока прадставіў свой рэгіён і мы змаглі ўбачыць цэласнасную карціну тэрыторыі, дзе кампактна пражываюць беларусы.

Першым месцам, куды мы накіравалі быў Бельск-Падляскі. Нас сустрэлі ў беларускім Бельскім ліцэі імя Браніслава Тарашкевіча. Гэта было першае месца, дзе мы былі ўражанымі. Сапраўды, нават і не думалася, што на такім узроўні тут захавалася беларускасць. Нас прынялі і пазнаёмілі з ліцэем, школай і гімназіяй іх дырэктары: Андрэй Сцепанюк і Васіль Ляшчынскі. Пры ўваходзе ў ліцэй нас прывіталі Пагоня і бел-чырвона-белыя сцягі. Практычна, з першых крокаў стала зразумела, што школа выхоўвае сваіх навучэнцаў у беларускім нацыянальным духу і на ідэалах БНР.

У кабіце беларускай мовы вісіць фотаздымак першага Урада БНР. Як адзначыў дырэктар ліцэя, паважаны спадар Андрэй Сцепанюк, што ў Беларусі не знойдзеш такой навучальнай установы, дзе быў у класе на стэндзе быў бы здымак Урада БНР. Побач – здымкі генарала Булак-Балаховіча і яго атрада, выявы герба Пагоні, фрагмент карціны Яна Матэйкі “Грунвальдская бітва” і шмат іншага. Афармленнем заўмаўся Страйкоўскі, фінансавала – Міністэрства Замежных Спраў Польшчы.

Гісторыя ліцэя пачынаецца з 1949 г., калі на Беласточчыне ствараліся беларускія школы. Адным з дырэктараў, якія спрычыніліся да развіцца школы і ліцэя, яго захавання быў Яраслаў Васільевіч Кастыцэвіч (1896-1971), ён быў другім дырэктарам. Паходзіў з патомственнай сям’і праваслаўных святароў. Нягледзячы на тое, што сам размаўляў па-расейску, прыкладаў усе намаганні, каб вучні ведалі беларускую мову і не забываліся пра свае карані. У 1965 г. Бельская школа была рэарганізавана і падзелена на школу і ліцэй. У 1969 г. ліцэю было прысвоена званне Браніслава Тарашкевіча. У 2000 г. была адчынена беларуская гімназія. Такім чынам зараз школа, гімназія, ліцэй знаходзяцца пад адным дахам. На сёняшні дзень у іх 34 класы, у якіх навучаецца каля 1200 вучняў (у Польшчы у беларускіх школах на дадзены момант навучаецца каля 4000 вучняў). За сваё існаванне ліцэй выпусціў 4980 вучняў. Трэба адзначыць, што ў Польшчы сярэдняя адукацыя складаецца з пачатковай школы (6 класаў) + гімназія (3 класы) + ліцэй (3 класы).

Навучанне ў школе ў асноўным адбываецца на польскай мове з абавязковым вывучэннем беларускай мовы і некаторых прадметаў па-беларуску. Экзамен па-беларускай мове з’яўляецца абавязковым. Не здаўшы яго выпускнік не атрымае атэстат аб сярэдняй адукацыі. І як адзначыў сп. А. Сцепанюк, калі адбываецца ў школе экзамен па беларускай мове, сюды з’язджаюцца ўсе мас-медыя, бо для Польшчы вялікая рэдкасць, калі акрамя дзяржаўнай мовы, абавязкова здаецца і іншая.

Сам жа ліцэй уваходзіць у першую пяцёрку лепшых школ ваяводзтва і ў ліку першых у рэспубліцы. Гэта, па словах дырэктара, спрычыняецца да таго, што бацькі сваіх дзяцей ахвотна аддаюць у беларускую школу. Колькасць паступленняў выпускнікоў у вышэйшыя навучальныя ўстановы складае каля 90 %.

З беларускай амбсадай і консульствам школа не сябруе, бо не падзяляе афіцыйных поглядаў іх супрацоўнікаў і Рэспублікі Беларусь. Іх вельмі непакоіць зрусіфікаванасць самой Беларусі. Маецца квота для паступлення выпускнікоў школы ў ВНУ Рэспублікі Беларусь, але ёй не вельмі карыстаюцца, дый само кіраўніцтва не вельмі хоча туды пасылаць дзяцей, бо, як паказала практыка, яны там русіфікуюцца.

Падручнікамі школу ў поўным аб’ёме забяспечвае польская дзяржава, таму ў іх няма неабходнасці атрымоўваць такія з Беларусі. Такім чынам беларуская школа ў Бельску цалкам незалежная ад афіцыйнай палітыкі Рэспублікі Беларусь, што не перашкаджае ёй выхоўваць сваіх дзяцей беларусамі і на ідэалах БНР.

На развітанне для нас кіраўніцтва школы накрыла шыкоўны стол, дзе мы яшчэ пэўны час размаўлялі, дзяліліся сваімі ўражаннямі.

Пасля Яўген Вапа паказаў нам беларускія вёскі Падляшша, у некаторых з іх мы спыніліся. У цэнтры кожнай вёскі вісіць шыльда, дзе прадстаўлена яе кароткая гісторыя. Тут належыць адзначыць тое, што на кожнай з іх інфармацыя прадстаўлена на трох мовах: беларускай, польскай, ангельскай. Цікава, ці ўбачыш сёння ў Беларусі такія шыльды, каб на іх было што-небудзь напісана па-беларуску.

Начлег для нас быў арганізаваны на аграсядзібе ў спадара Міхала Філяновіча ў в. Скарышэва. Спадар Міхал з’яўляецца шчырым беларусам з разуменнем свайго паходжання і каранёў. Тут варта адзначыць, што ў навакольных вёсках пражывае выключна беларускае насельніцтва. Для ілюстрацыі беларускасці спадара Міхала варта прывесці той факт, што жонка ў яго полька з-пад Варшавы, але размаўляе на беларускай мове.

Аграсядзіба ў спадара Міхала Філяновіча ў в. Скарышэва

Спадар Філяновіч захоплены вывучэннем сваіх каранёў. І ён сабраў невялікі музей, у якім прадстаўлены цікавыя і вельмі каштоўныя экспанаты і дакументы датычныя гісторыі вёскі і рэгіёна. Як сам ён зазначыў, у яго музеі няма экспанатаў маладзей за 1945 г., такіх ён проста не збірае. Уражвае не толькі колькасць сабранага матэрыяла, але і яго шырыня, тут мы ўбачым і прадметы сялянскага быта, і шляхетскага, і вопратку святароў, і беларускія нацыянальныя строі, і рушнікі, вышыванкі, і кнігі, і перыядычны друк, і грошы розных часоў, і музычныя інструменты…

Тут, на аграсядзібе, да нас далучыла Ганна Кандрацюк. І на наступны дзень, разам з Яўгенам Ваппам яны працягвалі нас знаёміць з беларускім светам Падляшша.

Удзельнікі вандроўкі ў сядзібе Міхала Філяновіча

У Гайнаўцы мы наведалі беларускі музей і беларускую бібліятэку. Да заснавання музея шмат спрычыніўся Канстанцін Майсеня (1923-2006). Ён, займаючы адказныя пасады ў Гайнаўцы, увесь час дапамагаў беларускаму насельніцтву, ствараў для іх працоўныя месцы. Тут трэба адзначыць такі момант, што ў пасляваеннай Польшчы да беларусаў палякі ставіліся вельмі кепска, толькі за тое, што беларус, цябе не бралі на працу, не дазвалялі ў горадзе на базары працаваць сельскагаспадарчую прадукцыю і г.д. І вось спадар Майсеня гэтаму супраціўляўся. І сёння, як памяць аб гэтым чалавеку, застаўся беларускі музей у Гайнаўцы. Музей мае даволі вялікую плошчу і там прадстаўлены традыцыйны свет беларуса Падляшша, селяніна, які жыў, працаваў на сваёй зямлі і перадаваў наступным пакаленням мудрасць сваіх продкаў.

У Гайнаўцы знаходзіцца і беларускія ліцэй і гімназія. Школы няма. Але ва ўсіх пачатковых школах Гайнаўкі і ваколіц вывучаецца беларуская мова, і вучні ў гімназію прыходзяць ведаючы яе.

Для школ Гайнаўкі, так і Бельска, існуе праблема з беларускай мовай. Дзеці, якія прыходзяць у іх, ведаюць, як правіла, мясцовы дыялект (гаворкі), але не ведаюць літаратурнай беларускай мовы і таму іх трэба перавучваць. У вёсках, у бабуль, яны чуюць гаворку, а размаўляць на літаратурнай мове практычна няма з кім. І толькі ў школе гэта праблема выпраўляецца. Тут варта дадаць, што падляскі дыялект адзіны з беларускіх, які захаваў дыфтонгі. У гэтым яго вялікая каштоўнасць.

Вяртаючыся ў Бельск, мы наведалі Музей Малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах Дарафея Фіёніка. Гэта яшчэ адзін шчыры і самааданы жыхар Падляскай зямлі, які актыўна спрычыняецца да яе захавання і папулярызацыі. Ім і пры яго непасрэдным удзеле выдаюцца кнігі на гісторыі Падляшша, выдаюцца кампакт-дыскі з традыцыйнымі спевамі гэтага рэгіёна. А самае галоўнае, ён стварыў два музеі: сялянскую і мяшчанскую сядзібы, дзе прадстаўлены адпаведна, сялянскі і мяшчанскі свет Бельшчыны. У сялянскай сядзібе на дадзены момант была прадстаўлена выстава разбяра з Беларусі Мікалая Тарасюка. У яго разбяных кампазіцыях зафіксаваўся традыцыйны свет роднай вёскі, з яе абрадамі, як вяселле, выезд маладых, дзялення каравая, паховіны і г.д. Разбяра вельмі непакоіць факт занядбання беларускай вёскі і яе паміранне. Як каля адной з кампазіцый і напісаў, што сядзіць зараз і плача, бо было 46 хат, а зараз застаўся толькі ён адзін.

Дарафей Фіёнік каля скульптуры Вітаўта

Мастацкія экспанаты Мікалая Тарасюка

Падляшша ўразіла сваёй захаванасцю традыцыйнага света. Нягледзячы на тое, што зараз ХХІ стагодзе і большасць з нас жыве ў матэрыяльным свеце гарадской цывілізацыі, тут, жыхары, працягваюць жыць у свеце патрыярхальнай вёскі, спалучаючы ў сабе праваслаўныя традыцыі і абрады з паганскімі, захоўваючы мову сваіх продкаў, перадаючы маладому пакаленню свае традыцыі. Хацелася б звярнуць увагу даследчыкаў беларускай старажытнасці на гэты рэгіён з тым, каб яны яшчэ паспелі б зафіксаваць гэты традыцыйны і патрыярхальны свет беларусаў у Польшчы і тым самым папоўніць скарбніцу беларускай культуры, якая яшчэ да канца не толькі не вывучына, але і не сабрана.

Уражваюць таксама і выгляды беларускіх вёсак Падляшша. Паўсюль чысценька, прыбрана, шыкоўныя дамы (калі параўноўваць з вёскамі з Рэспублікі Беларусь). І становіцца зразумела, якую карысць нам прынесла савецкая улада і калгасны лад… Тут варта дадаць яшчэ і той факт, што практычна ва ўсіх вёсках праведзена каналізацыя, у хаты праведзена вада. Аб чым у вёсках Рэспублікі Беларусь яшчэ даводзіцца марыць.

І напрыканцы, хацелася б падзякаваць арганізатарам вандроўкі, за цудоўнае падарожжа па краі беларусаў, за знаёмства з беларусамі, якія пражываюць па-за межамі сучаснай Рэспублікі Беларусь і за тое, што дзякуючы ім з’явілася надзея, што Беларусь не загіне, яна вечная, неабсяжная, неабдымная і яшчэ да канца не вывучаная і не спазнаная.

Алесь Адамковіч

Вільня 27 траўня 2010 г.