У Рэспубліцы Комі створана беларуская маладзёжная арганізацыя

На працягу 13 год у Рэспубліцы Комі паспяхова працуе на беларускай ніве Нацыянальна-культурная аўтаномія "Беларусь". Нядаўна пры аўтаноміі была створана маладзёжная арганізацыя. Пра тое, як гэта адбылося, і пра іншыя навіны з жыцця аўтаноміі распавядае яе нязменны кіраўнік Аркадзь Сцяпанавіч Крупенька.

На працягу 13 год у Рэспубліцы Комі паспяхова працуе на беларускай ніве Нацыянальна-культурная аўтаномія "Беларусь". Нядаўна пры аўтаноміі была створана маладзёжная арганізацыя. Пра тое, як гэта адбылося, і пра іншыя навіны з жыцця аўтаноміі распавядае яе нязменны кіраўнік Аркадзь Сцяпанавіч Крупенька.

-- Аркадзь Сцяпанавіч, раскажыце, калі ласка, як і калі ў Сыктыўкары была створана маладзёжнная арганізацыя?

-- У студзені месяцы мы стварылі маладзёжную арганізацыю. Патрэба ў гэтым узнікла. У канцы мінулага года глава нашай рэспублікі Уладзімір Тарлопаў запрасіў усіх кіраўнікоў нацыянальна-культурных аб'яднанняў (мы кожны год сустракаемся) на традыцыйную сустрэчу. Мы гаварылі пра свае праблемы, пра тое, што ў каго набалела. Таксама запрасілі і кіраўнікоў маладзёжных арганізацый, а ў нас не было створана такой арганізацыі. Але ў мяне ёсць унук. Я яго браў на V З'езд беларусаў свету. Мы разам удзельнічалі ў працы з'езда. Ён нахадзіўся, наглядзеўся. Уражанні ў яго засталіся нядрэнныя ад Беларусі. І калі паўстала пытанне, каго запрасіць ад маладзёжных арганізацый, запрасілі яго.

Яму далі слова падчас сустрэчы. Ён распавёў пра працу на V З’ездзе беларусаў свету, пра паездку ў Беларусь. Гэта быў першы ягоны візіт ў Беларусь. Атрымалася ўсё добра. Я заверыў усіх, што мы прыкладзём усе намаганні, каб стварыць беларускую маладзёжную арганізацыю. І мы ў студзені стварылі такую арганізацыю.

-- Колькі чалавек ўвайшлі ў склад арганізацыі?

-- У склад ўвайшлі прыкладна 10 чалавек. Гэта толькі пачатак. Мы ўключылі самых актыўных маладых людзей. У красавіку мы правялі другую сустрэчу з моладдзю. Гэта была азнаямленчая сустрэча. Мы ім расказалі, што сабой уяўляе Беларусь, распавялі пра адміністратыўнае дзяленне Беларусі, яе сімвалы, славутыя мясціны

-- Якой была рэакцыя моладзі? Ці праяўлялі цікавасць?

-- Цікавасць была сапраўды вялікай. Калі разыходзіліся, усе запытвалі: “А калі ў наступны раз будзе сустрэча?” Гэта ўжо пра многае гаворыць. Мы дамовіліся ў наступны раз паказаць дыскі, якія нам прывозілі ў розны час. Будзем паказваць краявіды Беларусі, каментаваць відэа. Было б добра арганізаваць экскурсію ў Беларусь, тады у моладзі склалася больш яскравае ўражанне пра Беларусь. Мы маглі б і калектыў самадзейнасці сярод іх стварыць. Гэта будзе для нас такая падмога, актыў наш, на які мы ўскладаем вялікія надзеі.

-- У склад маладзёжнай арганізацыі ўвайшлі дзеці з беларускіх сем’яў?

-- Гэта ўжо ўнукі нашага старэйшага пакалення, я ім сказаў: “Давайце лічыць сябе беларусамі. У вас пакуль не напісана нацыянальнасць у пашпарце. Але давайце ўжо сёння лічыць сябе беларусамі”. У асноўным гэта дзеці з беларускіх сем’яў. Але чыста беларускіх сем’яў у нас вельмі мала. У нас прыязджалі людзі на развіццё газавай, вугальнай прамысловасці, на лесанарыхтоўкі. У асноўным гэта былі маладыя людзі, яны стваралі сем’і і заставаліся. Таму сем’і у асноўным змешаныя. Але ўсё адно той ці іншы бок лічылі сябе беларусамі. І мы прыкладаем намаганні, каб і дзеці, і ўнукі лічылі сябе беларусамі. Такую задачу мы ставім перад сабой на бліжэйшым перапісе насельніцтва, які адбудзецца восенню. Гэта нашая змена, наш рэзерв. Бо і я ўжо ва ўзросце, і мне як старшыні беларускай аўтаноміі трэба думаць пра замену. Канешне, я не гавару, што адразу моладзь мяне заменіць, але трэба такую пераемнасць мець. Тым больш, што ў нас ёсць актывісты, якія самі заяўляюць, што яны могуць зрабіць. У нас ёсць, да прыкладу, адзінаццацікласнік, які ўжо мае досвед па самастойным правядзенні вечарын у школе ў райцэнтры. Гаворыць: “Я толькі іспыты здам на паступленне і буду ўдзельнічаць ва ўсіх беларускіх справах”. Працэнтаў на 80% гэта, канешне, студэнты. На мой погляд, нядрэнная змена. Гаварыць болей нешта пра моладзь пакуль не прыходзіцца, бо мы толькі на пачатковай стадыі, але надзеі маем вялікія.

-- Да вас прыходзіць толькі беларуская моладзь ці ёсць прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў?

-- Мы не абмяжоўваем прыток моладзі па нацыянальнай прыкмеце. Да прыкладу, у нас ёсць студэнтка другога курса, яна сябруе з хлопцам. Ён не з беларускай сям’і, але заўжды з ёй усюды ходзіць. Мы не супраць, няхай ходзіць. Таму мы думаем, што будзе плён у працы нашай арганізацыі.

-- А як назвалі арганізацыю?

-- Пакуль без назвы. Пакуль проста маладзёжная арганізацыя пры Нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусь”. А там паглядзім, можа, і назву дадзім.

-- Ці ёсць у вас нейкія мастацкія калектывы пры аўтаноміі?

-- У нас ёсць хор “Купалінка”. У мінулым годзе яму надалі званне народнага. Яго вельмі часта запрашаюць выступіць. Хор існуе больш за 10 год. У мінулым годзе, калі я быў на Пятым з’ездзе беларусаў свету, я зайшоў да Гулякі (Леанід Гуляка -- Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. – zbsb.org), каб пагаварыць наконт касцюмаў. Ён сказаў, што ў гэтым годзе не можа памагчы, што год ужо заканчваецца. А ў наступным годзе паглядзім. І ў студзені месяцы, на нашае здзіўленне, замову выканалі. Я адправіў двух чалавек, і 10 касцюмаў адтуль прывезлі. Гэта для нас вялікая радасць была. Мы даслалі запыт у Міністэрства культуры. Нам далі адказ, што дашлюць набор  музычных інструментаў, сувенірную прадукцыю, музычныя дыскі, ноты, і разгледзяць асобна пытанне па касцюмах у гэтым годзе. Як будзе насамрэч пакуль невядома, але прынамсі адказ такі мы атрымалі. Хор на добрым рахунку ў Сыктыўкары. Людзі ходзяць на рэпетыцыі рэгулярна. У нас бываюць маразы моцныя, пад 40 градусаў, у розных месцах пражываюць людзі, часам за 15 кіламетраў ад цэнтра, едуць усё адно. Я ўжо кажу: “Сядзіце дома, не марозьцеся”. “Не, -- адказваюць, -- не хочацца падводзіць”.  І ў дождж, і ў мароз усё адно едуць на рэпетыцыі.

-- Якія мерапрыемствы плануеце праводзіць?

-- Мы кожны год адзначаем 2-га красавіка – Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. Але мы называем яго Днём яднання народаў, якія насяляюць Рэспубліку Комі, і заўжды запрашаем на свята не толькі беларусаў , але і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей. Падчас канцэрта выступаюць па большай частцы беларусы, але таксама некалькі нумароў паказваюць і ўкраінцы, і комі, і іншыя нацыянальнасці. Таксама кожны год адзначаем 3 ліпеня --  Дзень незалежнасці і вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў. І трэцяе беларускае свята, якое мы заўсёды адзначаем, -- гэта дажынкі. Мы звычайна робім выставу, запрашаем спецыяліста з Міністэрства сельскай гаспадаркі (там у нас таксама ёсць беларус). Ён робіць ацэнку таго, што мы вырасцілі. Дорым кожнаму невялікія падарункі за вырашчаны ў паўночных умовах ураджай. Акрамя таго, мы ў мінулым годзе правялі цыкл лекцый-вечарын па вывучэнні Беларусі. Пачалі мы з Гомельскай вобласці. Падрыхтавалі матэрыял пра сённяшні стан эканомікі, культуры, сацыяльнага забеспячэння Гомеля і Гомельскай вобласці. Мы зрабілі запыт ў статупраўленне Гомеля. Нам даслалі адказ. Падрыхтавалі 4-х выступоўцаў. І так мы прайшліся па ўсіх 6-і абласцях. Яшчэ ў мінулым годзе і ў гэтым годзе таксама мы працягвалі ўручаць медалі “65 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Гэтае мерапрыемства шырока асвятлялася ў прэсе. У Бліжэйшы час, я думаю, да нас Пётр Клімук прыедзе. У нас была з ім такая дамоўленасць. У другім паўгоддзі юбілейныя, творчыя вечары запланаваны. Будзем запрашаць прадстаўнікоў Саюза журналістаў Расіі, моладзь.

Да таго ж, у Сыктыўкары збіраюцца будаваць нацыянальную вёску. І мы таксама будзем удзельнічаць у будаўніцтве. Збіраемся зрабіць 2 доміка ў нацыянальным стылі. Адзін будзе пад беларускую кавярню, другі – пад нацыянальна-культурную аўтаномію. Кожны год мы робім нешта новае. Перыядычна выдаём буклеты пра нацыянальную аўтаномію. Выпусцілі 2 дыска ў мінулым годзе. Адзін – з беларускімі песнямі ў выкананні нашага хору, другі – музыка беларускіх песень у выкананні баяніста.

-- Аркадзь Сцяпанавіч, колькі год Вы ўжо ўзначальваеце НКА “Беларусь”?

-- Ужо 13 год, з 1997 года. У мінулым годзе праводзілі справаздачна-выбарчую канферэнцыю. Я ўжо думаў вызвалюся, падрыхтаваў сабе змену. Але не атрымалася. Трэба сказаць, што ў асноўным у працы мы абапіраемся на адных і тых жа людзей. На 15 тысяч ёсць 500 актыўных штыкоў па рэспубліцы, пачынаючы ад Варкуты да Сыктыўкара, на якіх мы абапіраемся. Напярэдадні перапісу мы збіраемся дасылаць лісты ў нашы аддзяленні, а іх у нас 9 у рэспубліцы. Будзем весці тлумачальную працу з тым, каб дайсці да кожнага беларуса і захаваць колькасны склад беларусаў. І яны потым будуць адчуваць, што яны паказалі нацыянальнасць беларускую. Цяжка, канешне, бо многа людзей, якія да нашага актыву, не прывязаны, раскіданы. У нас паміж вёскамі па 20 кіламетраў, а прамежак ад Сыктыўкара да Варкуты аднолькавы як ад Сыктыўкара да Масквы. Праехаць гэта ўсё няма магчымасці. Таму мы лічым, што перад перапісам нам трэба вялікую працу правесці, каб быў вынік.

-- Дзякуй за размову. Поспехаў Вам у працы!

Гутарыла Таццяна Печанко,
прэс-сакратар МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”