Як паведамляе kultura.lviv.ua, мэта праекта - наладзіць рэалізацыю кніг незалежных беларускіх выдавецтваў, якія займаюцца выданнем сучаснай літаратуры на беларускай мове, даць магчымасць ўкраінскаму чытачу азнаёміцца з найбольш цікавымі і паспяховымі творамі беларускіх аўтараў апошніх гадоў. Наведвальнікі крам «Є» змогуць пабачыць, пагартаць і набыць мастацкія і публіцыстычныя выданні, што выйшлі з друку у 2008-2010 гадах у незалежных выдавецтвах "Логвінаў", "Галіяфы", "Медысонт”. Сярод прадстаўленых у праекце аўтараў – вядомыя ня толькі ў Беларусі філосаф Валянцін Акудовіч, пісьменнікі Альгерд Бахарэвіч, Зміцер Вишнёў, Адам Глобус, Уладзімір Някляеў, Ігар Бабкоў. Акрамя таго, на "Беларускую палічку" патрапіць мастак Артур Клінау са сваім канцэптуальным альбомам-даведнікам па Мінску "Горад Сонца" - праектам, які ўжо паспеў стаць культавым. Прэзентаваць "Беларускую палічку" ў Львове будуць вядомыя беларускія літаратары Вольга Бабкова, Барыс Пятровіч, Андрэй Хадановіч. У рамках прэзентацыі адбудзецца дыскусія "Актуальны стан беларускай літаратуры» з удзелам Барыса Пятровіча ды Андрэя Хадановіча.“Беларуская палічка” прэзентуецца на праспекце Свабоды, 7.
Падрабязную праграму "Беларускай вясны-2010" глядзіце тут.