Беларускаму народнаму майстру з Пружан Мікалаю Тарасюку 8 траўня сплўнілася 78 гадоў. Такога падарунка да дня нараджэння, як сёлета, Мікалай Васільевіч яшчэ не атрымліваў. Ім стала адкрыццё персанальнай выставы за мяжой, у польскім горадзе Бельск-Падляскі.
Падаравалі ж дзеду Мікалаю такую магчымасць Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр і аб’яднанне “Музей малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах”. Шмат у чым дапамог і Культурны цэнтр Беларусі ў Беластоку. Выстава “Драўляны свет Мікалая Тарасюка” адкрыла сабой VII падляшска-палескі фестываль “Там по маёвуй росі”.
Студзіводскія ўражанні
Аўтар гэтых радкоў прыехала 2 мая ў Бельск-Падляскі перад самым адкрыццём выставы. Мікалай Тарасюк гасцяваў ужо трэці дзень у сям’і арганізатара фестываля Дарафея Фіёніка.
У студзіводскім музеі ўсё было гатова для прыёму наведвальнікаў. Драўляныя праллі, плотнікі, аратыя ўпэўнена абжылі два пакоі, арганічна ўпісаўшыся ў інтэр’ер сялянскай хаты. Многія з 33 работ суправаджаліся кароткім пісьмовым тлумачэннем аўтара. Пададзеныя з захаваннем ягонага моўнага стылю, "этыкеткі" неслі дадатковы зарад аўтэнтыкі, натуральнасці. Напрыклад, пад кампазіцыяй на тэму вясковага вяселля быў надпіс: “Горачая любов на холодной свадьбе”. Пазней можна было чуць, як адна пані дапытвалася ў свайго мужа, чаму работа носіць такую назву. Той, паказваючы на драўлянае немаўлятка ў руках маладой, тлумачыў, што жаніх пайшоў да шлюбу “под пшымусэм”, таму ён не “бардзо задоволёны”.
На вернісажы
Музейны падворак паступова запаўняўся людзьмі. Сярод наведвальнікаў прыемна было бачыць дырэктара дэпартамента культуры і нацыянальнай спадчыны ў маршалкоўскай управе Падляшскага ваяводства Анатоля Вапа, загадчыка аддзела этнаграфіі Музея Падляшша ў Беластоку Войцэха Кавальчука, актывістаў з аб’яднання бацькоў, чые дзеці вывучаюць беларускую мову (“АБ-БА”).
Мікалай Тарасюк адчуў, што пара пачынаць, надзеў сваю дзіўную шапку з цыліндрыкамі з бяросты, кольцамі і косамі, схапіў у абдымкі сваю верную сяброўку – ростам з чалавека драўляную ляльку Марусю – і пусціўся з ёю ў скокі. Замітусіліся здымачныя групы, хата імгненна напоўнілася народам.
Старшыня аб’яднання “Музей малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах” Дарафей Фіёнік прадставіў прысутным Мікалая Тарасюка як найлепшага народнага мастака Беларусі і потым часта ўжываў у дачыненні да яго творчасці слова “выянтковая” (выключная, незвычайная).
– Мы вельмі ўдзячны пану Мікалаю, што на час фестывалю ён даверыў нам свой драўляны свет, – сказаў Дарафей. – Свет нерухомы, але адначасова і жывы. Калі я працаваў над экспазіцыяй, расстаўляў работы, то не мог пазбавіцца ад уражання, што гэта сапраўдныя людзі. За кожнай драўлянай фігуркай стаіць жыхар вёскі Стойлы, пра якога пан Мікалай можа многае расказаць. Тыя людзі ўжо адыйшлі ад нас, але працягваюць жыць ва ўспамінах майстра і ў гэтых работах.
Ларыса Быцко, загадчыца аддзела традыцыйнага мастацтва Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра, куратар выставы, узгадала, як два гады таму упершыню прыехала ў Студзіводы на фестываль “Там по маёвуй росі”. Узяла з сабой у падарунак арганізатарам толькі што выдадзеную кніжку “Сялянская энцыклапедыя ў творах Мікалая Тарасюка”. І нават у самых смелых марах не магла ўявіць, што калі-небудзь тут разгарнецца персанальная выстава разьбяра, а сам ён з’явіцца ўласнай персонай і будзе вітаць публіку ў сваім казачным капелюшы.
Ларыса Мікалаеўна прызналася:
– Я – шчаслівая ад таго, што шчаслівы спадар Мікалай. Для самога Мікалая Васільевіча прыезд сюды – гэта вельмі вялікая падзея ў яго жыцці. Ён ніколі не выязджаў за межы нашай краіны, ніколі не быў у Польшчы. Таму так цікава назіраць за ім, слухаць яго разважанні. Ён усё аналізуе сваім сялянскім розумам. І я адчуваю, што новыя ўражанні дадуць моцны штуршок яго творчасці.
Казанне пра страчаны рай
Драўляныя людзі пружанскага майстра прыйшліся даспадобы падляшскім дзецям
Што да самога героя падзеі, то Мікалай Тарасюк трымаўся малайцом. Здавалася, ён нават памаладзеў, убачыўшы непадробленую цікавасць да сваёй асобы, да свайго драўлянага народа. Ён шмат расказваў, дзяліўся ўспамінамі. Наведвальнікі выставы ўспрымалі яго не толькі як унікальнага самародка, які стварыў драўляны летапіс вясковага жыцця. Яны бачылі ў ім своеасаблівага прарока, які імкнецца дакрычацца да сучаснікаў, давесці да іх разумення, што нельга на злом галавы бегчы за прывідамі цывілізацыі і пакідаць занядбанай зямлю-карміцельку. Яму баліць, што гіне вёска – аснова жыцця, і ён даступнымі яму сродкамі сігналізуе пра гэту бяду.
Студэнты Ежы Траянчук і Рыгор Сідарук сказалі, што іх вельмі ўразіла прывязанасць гэтага чалавека да зямлі, адносіны да яе, як да жывой істоты. Сустрэча з Мікалаем Тарасюком выклікала ў хлопцаў жаданне лепш пазнаёміцца з жыццём беларускай глыбінкі.
У час адкрыцця выставы адбылося некалькі кранаючых момантаў. Выступаў старшыня гарадской рады Бельск-Падляскага Андрэй Сцепанюк, ён жа дырэктар Беларускага ліцэя імя Браніслава Тарашкевіча. Узрушаны цёплымі словамі прамоўцы, Мікалай Тарасюк пацалаваў Андрэю Сцепанюку руку. А той са словамі: “Не! Правільней будзе гэтак!” – схіліўся ў паклоне і пацалаваў абедзьве рукі нашаму патрыярху традыцыйнага мастацтва.
З кіношнікамі – на хутар
Пасля ўрачыстасці ў “сялянскай хаце” публіка перамясцілася ў другую частку музейнага комплекса – “мяшчанскую”, якая знаходзіцца праз дарогу. Там усё было гатова для прагляду фільма пра Мікалая Тарасюка “Гаспадар”, знятага ў Польшчы. Як добрыя знаёмыя сустрэліся герой падзеі і адзін са стваральнікаў карціны Павел Карпеш, дарэчы, ураджэнец Пружаншчыны.
Пасля прагляду завязалася размова. Калі людзей маладзейшых цікавіў вытворчы працэс, асабліва выкарыстанне сродкаў, дазволіўшых ажывіць зробленую майстрам фігурку, то людзі сталага веку закідалі Мікалая Тарасюка пытаннямі пра жыццё на хутары. Яны хацелі ведаць, куды пан ездзіць “на закупы”, на колькі яму хапае хлеба, што прывозяць дзеці, дзе лечыцца, калі захварэе. Сярмяжная праўда простага селяніна, які застаўся верным зямлі і старому ўкладу жыцця, заварожвала суразмоўцаў.
Увечары за сяброўскай вячэрай падляшцы, што прыехалі з польскай сталіцы, меркавалі, як бы арганізаваць выставу Мікалая Тарасюка ў Варшаве. Хто ведае, можа ў энтузіястаў штось і атрымаецца. Але пакуль жыхары сталіцы самі едуць сюды. Назаўтра тут чакаўся прыезд 35 настаўнікаў з Варшавы.
Пара дахаты
Наступным ранкам берасцейцы збіраліся ў дарогу. І Дарафей Фіёнік напаследак завёў майстра ў “спіхлеж” – пабудову, дзе захоўваюцца сельскагаспадарчыя прылады. Мікалай Тарасюк ажывіўся, з веданнем справы дакранаўся да бараны, трапача для ільна, медагонкі з драўлянай бочкай... І ўсё строга дапытваўся ў Дарафея, ці разумее ён назначэнне гэтых рэчаў і ці зможа расказаць людзям, для чаго яны. Здавалася, майстар прыкідваў, ці ўсе з гэтых прылад адлюстраваныя ў яго, як ён кажа, “трудавой калекцыі”.
Ужо на роднай зямлі Мікалая Тарасюка чакаў загадчык аддзела культуры Пружанскага райвыканкама Канстанцін Панімаш, каб адвезці старога майстра дахаты, на хутар Стойлы. Мікалай Васільевіч адрапартаваў вершаваным экспромтам:
Вяртаюся з жыватом, як кавун, набітым,І з языком ад размоў завітым!
Творчая натура – і ўсё тут!
"Людміла Бунеева", "Вечерній Брест"