Памятная акцыя пачалася ў Ялце на магіле Максіма Багдановіча. Тут 13 траўня быў усталяваны бел-чырвона-белы сцяг, прачытаны верш паэта “Пагоня” і верш Ларысы Геніюш “Наш сцяг”. Як паэтычны пасланне паэта Уладзіміра Жылкі прагучаў яго верш "Максім Багдановіч".
З нагоды 100-гадовага юбілею з дня нараджэння паэта Уладзіміра Жылкі і 70-годдзя яго знаходжання ў Ялце старшыня Севастопальскага таварыства беларусаў імя Максіма Багдановіча "Пагоня" Валеры Барташ, апрануты ў нацыянальную кашулю, пранёс бел-чырвона-белы сцяг, фатаграфію Жылкі і зборнік яго вершаў па набярэжнай Ялты. Шэсце завяршылася ля сцен сабора Іаана Златавуста на Палікураўскім узгорку. На наступны дзень сябры Севастопальскага таварыства беларусаў імя М. Багдановіча "Пагоня" і госці з Мінска прыйшлі да помніка Аляксандру Казарскаму і ўсталявалі вялікі бел-чырвона-белы сцяг на высокім флагштоку.
Помнік А. Казарскаму ў Севастопалі
У памяць аб беларусах, якія змагаліся за Севастопаль, годна выканалі свой доўг у шэрагах чарнаморскага флоту, прачытаў сваю малітву беларускі святар айцец Серафім. У сядзібе таварыства адбыўся сход, прысвечаны 100-годдзю паэта Уладзіміра Жылкі.
Паводле Валерыя Барташа
Фота: wikipedia.org