Праўда, у тэатральным праекце, які ажыццявілі і паказваюць у Галандыі. Аднак гісторыя — дакладна тая ж: Уладзіслава Шпільмана, які выжыў у варшаўскім гета. Толькі гэты праект — тэатр аднаго акцёра, з удзелам піяніста, які па-сутнасці іграе сольны канцэрт. Вось гэты канцэрт — з нязвыклымі для музыканта тэатральнымі спецэфектамі ў выглядзе папяровага снегу ды без аніякіх перапынкаў — іграе Віталь. Гэта роля стала ягонай — таму што ён выдатны піяніст, не аднойчы станавіўся лаўрэатам міжнародных конкурсаў. І таму што цяпер там жыве...
Аднак яго асабістая гісторыя сведчыць пра тое, што немагчыма адарвацца ад сваіх каранёў, нават калі лёс падараваў магчымасць выступаць у прэстыжных залах Еўропы. Стахіевіч з ахвотай выступае на радзіме. Ужо 20 мая ён будзе іграць у Сафійскім саборы Полацка, на наступны дзень — у Гродне, у Новым замку. А 27 мая яго канцэрт адбудзецца ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі, дзе будзе размаўляць са сваімі землякамі на мове музыкі. Напэўна, гэта самая блізкая яму мова, якую разумеюць ва ўсіх краінах свету. Але сайт Стахіевіча існуе на беларускай, галандскай і англійскай мовах. Сярод іх ёсць родная — і гэтае паняцце нязменнае для яго. Беларуская ў ягоным штодзённым жыцці выліваецца ў дзённікавых запісах у блогу, у якіх адчуваецца чаканне сустрэч на радзіме... Як і ў яго адказах на мае пытанні.
— Вы родам з краіны васількоў, але жывяце ў краіне цюльпанаў. Што вам дала адна і чым прывабіла другая?
— Родная краіна дала пэўную сістэму вартасцяў, выдатную школу і ўвогуле тое, што можна назваць персанальнасцю. Нейкі асабісты досвед з самага маленства і да перыяду ўваходу ў самастойнае жыццё, які накладае адбітак на ўсё, што робіш і адчуваеш, і які ўласцівы менавіта табе. У Галандыі ж я ўпершыню апынуўся сапраўды адзін, навучыўся прымаць нейкія рашэнні і ўвогуле — думаць за сябе. Гэта цалкам магло б быць і нейкае зусім іншае месца, аднак Нідэрланды аказаліся вельмі вартым краем. У ім уражвае інтэнсіўнасць культурнага жыцця і адкрытасць чалавечых адносінаў.
— У Галандыі вы адчуваеце сябе грамадзянінам Еўропы ці ўсё-такі памятаеце пра тое, што вы беларус?
— Я не стаў бы так моцна размяжоўваць паняцці "Еўропа" і "Беларусь", мне здаецца, што адначасова ўспрымаю сябе беларусам і еўрапейцам. Быць беларусам, на маю думку, азначае папросту быць самім сабой, менавіта такім, якім цябе зрабіла жыццё і тваё асяроддзе.
— Ваша злучэнне з музыкай адбылося ў Беларусі — дзякуючы каму? Ці старанным вы былі вучнем?
— Так, я быў старанным вучнем. А на гульні, тым не менш, хапала часу. Лічу, што мне надзвычай пашанцавала ў жыцці з настаўнікамі. З асаблівай цеплынёю і бязмежнай удзячнасцю заўсёды думаю і пра свайго першага педагога фартэпіяна Алену Алегаўну Украінскую, і пра майго ліцэйскага і кансерваторскага настаўніка Зою Веніямінаўну Качарскую. Мы падтрымліваем цесны кантакт, і нашы стасункі даўно перайшлі на нейкі вельмі блізкі, амаль сямейны ўзровень. Ганаруся, што быў вучнем Рэспубліканскага музычнага каледжа, цудоўнага месца на зямлі. З настальгіяй згадваю нашых выдатных настаўнікаў самых розных дысцыплін, творчую атмасферу школьных гадоў.
— Ці не было іншай мары? Калі зразумелі, што ваша будучыня — у вашых руках?
— Усведамленне гэтага надыходзіць дзесьці на сярэдніх курсах кансерваторыі, калі студэнт упершыню сапраўды пачынае ўзірацца ў абсягі незалежнага існавання. Гэта можа быць пэўным крызісам на нейкім этапе, а можа і падштурхнуць да новых здзяйсненняў. Іншыя мае мары, кшталту жадання быць футбалістам або, наадварот, рэдактарам культурніцкай газеты, заўсёды, бадай, заставаліся менавіта марамі, якія мелі мала сувязі з рэчаіснасцю...
— Калі і як з'явілася магчымасць з'ехаць? Што гэтаму спрыяла і ці лёгка было прыняць рашэнне?
— Паехаў у Амстэрдам, каб атрымаць дыплом магістра. Гэта адзін з дарэчных і вельмі распаўсюджаных момантаў у жыцці, каб пазнаёміцца з традыцыямі іншай краіны і атрымаць новы штуршок у прафесійным развіцці. Упэўнены, што такі досвед вельмі карысны амаль для кожнага, таму гэта рашэнне прымалася даволі лёгка. Мне пашанцавала павучыцца ў класах выдатных канцэртных піяністаў Хокана Аўстбё і Навума Груберта. Вельмі многа дала магчымасць рэгулярна слухаць музыкантаў сусветнага ўзроўню. Спярша, натуральна, у мяне не было ні знаёмстваў, ні якіх-небудзь выступленняў. Але з цягам часу пачалі з'яўляцца канцэрты, і з кожным годам іх колькасць расце. У Галандыі, пры ўсіх натуральных мясцовых асабістых інтарэсах, даволі высока разумеецца аб'ектыўнасць і роўнасць стаўлення да людзей. Таму амаль у кожнага, пры адпаведных намаганнях, з'яўляецца шанц заявіць пра сябе і знайсці зацікаўленую публіку.
— Для творчай асобы важнае асяроддзе, каб былі людзі, якія разумеюць і падтрымліваюць. Ці ёсць побач з вамі такія?
— Найлепш за ўсіх людзей на свеце мяне разумее мая жонка — Аксана. Мы абое піяністы і таму прафесійныя праблемы і прыхільнасці ў нас вельмі блізкія. Мы сустрэліся ў Мінску і вельмі хутка я зразумеў, нават востра адчуў, што гэты незвычайны цудоўны чалавек — мой родны. Падчас маіх важных выступленняў, упэўнены, Аксана перажывае больш, чым я сам, і тое ж самае адбываецца са мною, калі іграе яна. Натуральна, найбліжэйшае асяроддзе для мяне — гэта сям'я, мае бацькі і родныя, а таксама вузкае кола сапраўдных сяброў.
— Якім чынам удаецца за мяжой, у чужым моўным асяродку, захаваць беларускую мову? Ці дапамагаюць любімыя кніжкі?..
— Будзем гранічна шчырыя: найперш на мінскіх вуліцах востра стаіць пытанне пра захаванне беларускамоўнага асяродку. Аднак і ў замежных умовах быццё, знітаванае з роднай мовай, можа быць лёгкім, натуральным. Нас жа ніхто не прымушае думаць, марыць або пісаць свае вершы па-беларуску! Чытаю, як і большасць з нас, у асноўным па-руску. Аднак ёсць і любімыя айчынныя аўтары, галоўныя з якіх Быкаў, Чорны, Багдановіч.
— У якіх выпадках, магчыма, праяўляецца ваш беларускі характар? Ці дапамог ён вам у новых умовах?
— Калі шчыра, цяжка ўявіць, што такое тыповы беларускі характар, як і любы іншы. Індывідуальныя рысы таго ці іншага чалавека, па-мойму, значна мацнейшыя за нейкія клішэ, звязаныя з той ці іншай нацыяй. Я лёгка знаёмлюся і сыходжуся з людзьмі, напэўна гэта і дапамагае ў новых умовах.
— Ці ўплывае характар на музыку, якую вы іграеце ў канцэртах? Якія творы вам бліжэй, можа ёсць любімыя?
— Вядома, бо музыкант менавіта імкнецца праявіць ігрой, хай апасродкавана, сваю індывідуальнасць. Каму цікавае нейкае міфічнае ідэальнае, адзіна магчымае, выкананне таго ці іншага твора? Толькі прысутнасць асабістага прачытання робіць, як мне здаецца, канцэрт прыцягальным, незабыўным. Апошнім часам часта іграю творы Шапэна, Моцарта, Пракоф'ева, Рахманінава, Штрауса. Хоць сярод спадчыны многіх, многіх кампазітараў ёсць любімыя опусы.
— Ці ёсць магчымасць выконваць творы беларускіх кампазітараў? Ды ўвогуле якім чынам фарміруеце праграмы? Хто "заказвае музыку"?
— У большасці выпадкаў магчыма самастойна выбіраць творы для праграм. Толькі зрэдку атрымліваеш пажаданні канкрэтных твораў ці кампазітараў, і тады імкнешся іх задаволіць. Напрыклад, сёлета адзначаецца 200 гадоў ад нараджэння Фрыдэрыка Шапэна. Адбываецца безліч канцэртаў з шапэнаўскімі праграмамі, вельмі часта выконваюцца найбольш знакамітыя творы гэтага аўтара. Наўрад ці сам я вырашыў бы акурат цяпер брацца за шапэнаўскую Санату сі-бемоль мінор, шэдэўр кампазітара, які іграўся і іграецца надзвычай часта. Аднак была прапанова ўзяць удзел у тэатральным праекце "Піяніст" з канкрэтнай праграмай з твораў менавіта Шапэна, у тым ліку і са згаданай Санатай. Гэта сапраўдная гісторыя варшаўскага піяніста-яўрэя Уладзіслава Шпільмана, якому ўдалося выжыць у нечалавечых умовах гета і фашысцкай акупацыі, яна стала вядомаю дзякуючы аднайменнаму фільму Рамана Паланскага. Тады я ўжо не мог адмовіцца ад вывучэння новых для сябе твораў Шапэна і вырашыў ставіць некаторыя з іх таксама ва ўласныя праграмы.
Не стаўлю перад сабой нейкай асаблівай задачы, каб выконваць беларускую музыку, іграю яе тады, калі гэтага хочацца і калі гэта дарэчы. Напрыклад, у наступным сезоне маю задуму падрыхтаваць некалькі паланезаў Напалеона Орды, музыкі, якая цяпер нібы вяртаецца з забыцця.
— Хто дапамагае ў арганізацыі канцэртаў? Дзе яны адбываюцца? Колькі канцэртаў у месяц вы маеце?
— Неяк па-рознаму. Канцэрт можа быць і ў вядомай зале, і ў царкве, і ў доме састарэлых, і ў прыватнай сялібе. Часта даводзіцца займацца арганізацыйнымі пытаннямі самому. Аднак ёсць вельмі добры і шчыры сябар, без дапамогі якога многіх выступленняў папросту не было б. Так пашанцавала, што гэтай вясной надалася проста неверагодная колькасць канцэртаў. У сакавіку мы адыгралі вельмі адказны тур з вядомай беларускай скрыпачкай Ксеніяй Бельцюковай, нашы канцэрты адбываліся ў найпрэстыжнейшых залах Нідэрландаў. І адразу ж пасля гэтага тура распачаліся паездкі са спектаклямі, пра якія я толькі што распавядаў, з вельмі шчыльным графікам, часам тры ці чатыры дні запар. Аднак у цэлым рэгулярнасць канцэртаў вельмі розная, непрадказальная.
— Ці лёгка было прыстасоўвацца да замежнай сістэмы канцэртнага жыцця? Чым яна прынцыпова адрозніваецца ад беларускай?
— Вялікае адрозненне ў тым, што канцэрты нават у маленькіх гарадках ці вёсках, не кажучы ўжо пра прэстыжныя залы, зазвычай плануюцца загадзя, часта нават за год наперад. Гэта дапамагае арганізаваць свае заняткі і канкрэтней уяўляць каляндар. Ну і, вядома, добрыя раялі. Было б цудоўна, калі б у Беларусі нават у прыватных дамах і сельскіх клубах стаялі спрэс "Стэйнвэі" і "Ямахі"!..
— Ці можна параўнаць музычныя густы той публікі і беларускай? Дзе больш патрабавальны слухач?
— У нас сярод публікі вышэйшы працэнт людзей, якія займаюцца музыкай прафесійна. Там жа на канцэртах больш проста аматараў, проста зацікаўленых класічнай музыкай людзей. Вельмі шмат пажылых асобаў. Патрабавальнасць жа, хутчэй за ўсё, прыблізна аднолькавая.
— Як часта выступаеце з канцэртамі на радзіме? Што яны вам даюць?
— Іграю штогод і заўсёды імкнуся не абмяжоўвацца толькі Мінскам. Для мяне шчасце нават проста прайсціся роднымі вуліцамі, праехацца цягніком у нейкі іншы горад, мець стасункі з рознымі людзьмі. Заўсёды прыемна і, разам з тым, надзвычай адказна іграць менавіта перад роднай публікай.
У Беларусі жывуць практычна ўсе мае родныя і многія з сяброў. Аднак большасць аднакласнікаў знаходзіцца цяпер у розных краінах свету.
— Ці падтрымліваеце сувязі з беларускімі музыкантамі, якія таксама працуюць у іншых краінах?
— Так. Тут дапамагае яшчэ і тое, што большасць з нас паходзіць з адной музычнай акадэміі, а часта і з аднаго каледжа. Гэта значыць, што мы не толькі калегі-суайчыннікі, але яшчэ і проста аднакашнікі.
— Ці адчуваеце сябе рэалізаваным — у прафесійным і чалавечым плане?
— У некаторай ступені рэалізаваны, хаця выдатна ведаю, што павінен бясконца ўдасканальвацца. Як толькі чалавеку пачынае здавацца, што ён ужо чагосьці дасягнуў і гэтым можна ганарыцца — значыць ён на парозе сваёй мяжы, за якою заняпад. Спадзяюся, што мне гэта аніяк не пагражае.
— Чым вы абавязаныя музыцы ў сваім жыцці? Магчыма, ёсць у вас іншыя захапленні, калі ёсць на іх час?
— Адно з маіх гарачых захапленняў — падарожнічаць. Дзякуючы музыцы — канцэрты, конкурсы, фестывалі, майстар-класы — гэта ўдаецца рабіць даволі часта. Вялікі футбольны заўзятар. Люблю наведваць канцэрты, выставы, спектаклі. Люблю весці свой блог і асабліва чытаць стужку сяброў (маю на ўвазе "Жывы Журнал"). Цікава, калі дазваляе час, зазірнуць у "Facebook" або "В Контакте", пагаманіць праз "Skype". Захапляюся магчымасцямі "Вікіпедыі".
— Кажуць: "Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць..." Ці працуе гэтая фармулёўка? Што значыць для вас — любіць радзіму?
— Так, сапраўды, існаванне на пэўнай адлегласці дае магчымасць па-новаму ўбачыць уласную краіну, больш горача ацаніць яе станоўчыя бакі, лепей зразумець, чым выкліканы праблемы. Для мяне любіць родны край, як і любіць чалавека, значыць заўсёды думаць пра яго, клапаціцца пра яго і зычыць яму толькі дабра.
Падрыхтавала Ларыса Цімошык, "Звязда"