У Вільні адбыўся вечар памяці Адольфа Клімовіча

Вечар памяці, прысвечаны 110-м угодкам з дня нараджэння інжынера, беларускага грамадскага дзеяча, былога палітычнага вязня Адольфа Клімовіча прайшоў 8-га траўня ў Вільні.

 

Адольф Клімовіч

Вечар памяці, прысвечаны 110-м угодкам з дня нараджэння інжынера, беларускага грамадскага дзеяча, былога палітычнага вязня Адольфа Клімовіча прайшоў 8-га траўня ў Вільні.

З паведамленнямі пра месца і значэнне Адольфа Клімовіча ў гісторыі беларускага народа выступілі журналіст Сяргей Дубавец; журналістка, супрацоўніца газеты "Астравецкая праўда" Ганна Чакур; дырэктар Грамадскай арганізацыі "Віленскі беларускі музей імя І. Луцкевіча" Людвіка Кардзіс; аўтар кнігі "Нашчадак слаўных крывічоў" Міхась Казлоўскі.

Вялікую цікавасць у прысутных выклікала невялічкая, але змястоўная, з густам аформленая выстава асабістых рэчаў, фотаздымкаў, дакументаў, кніг з бібліятэкі Адольфа Клімовіча, якую разгарнуў Віленскі беларускі музей імя І. Луцкевіча.

Прагучалі вершы Ларысы Геніюш у выкананні вучняў Віленскай сярэдняй школы імя Ф. Скарыны, Балада Адольфа Клімовіча (аўтар балады - Віктар Шніп) у выкананні актрысы Рускага драматычнага тэатра Літвы Любові Цімохавай.

А завяршылася імпрэза прыгожай песняй на словы Ларысы Геніюш у выкананні вядомага музыкі, фалькларыста і барда Алеся Лося (у запісе).

Арганізавала Вечар Віленскае беларускае таварыства палітычных вязняў і ссыльных пры дапамозе і непасрэдным удзеле Віленскай сярэдняй школы імя Ф. Скарыны і Грамадскай арганізацыі "Віленскі беларускі музей імя І. Луцкевіча".

westki.info

Фота: kamunikat.fontel.net