Выйшла кніга “Беларусы ў Літве: учора і сёння. Кніга І”

У жыцці беларускай Вільні значная падзея. У свет выйшла кніга “Беларусы ў Літве: учора і сёння. Кніга І”. Напісаў яе жыхар Вільні, выхадзец з Шаркаўшчыны Алесь Адамковіч.
У жыцці беларускай Вільні значная падзея. У свет выйшла кніга “Беларусы ў Літве: учора і сёння. Кніга І”. Напісаў яе жыхар Вільні, выхадзец з Шаркаўшчыны Алесь Адамковіч.

    Алесь - дактарант Віленскага педагагічна ўніверсітэта, на філалагічным факультэце якога працуе выкладчыкам беларускай літаратуры. З 2002 года жыве ў Вільні і прымае актыўны ўдзел у мясцовым беларускім жыцці. У прыватнасці Алесь уваходзіць у Раду Таварыства беларускай культуры Літвы.

    Кніга “Беларусы ў Літве…” прысвечана вывучэнню старонак гісторыі беларусаў у Літве. У першай частцы на матэрыялах Літоўскага дзяржаўнага цэнтральнага архіва разглядаюцца моманты з жыцця беларусаў Віленскага краю за польскім часам 1921-1939 г.г., а менавіта, беларускае школьніцтва, беларускія перыядычныя выданні, а таксама некаторыя эпізоды з дзейнасці Беларускага пасольскага клуба.

    У другой частцы змешчаны інтэрв’ю са знакамітымі віленчукамі нашага дня. Выданне адрасавана навукоўцам, выкладчыкам, студэнтам, краязнаўцам і ўсім тым, хто цікавіцца мінулым і сённяшнім беларусаў па-за межамі сучаснай Беларусі.

    У кнізе выкарыстаны здымкі Змітра Віленскага, Сяргея Дубаўца, Валеры Руселіка, аўтара, з асабістых архіваў Лілеі Плыгаўкі, Таццяны Дубавец, Галіны Сівалавай, Хведара Нюнькі, Сяргея Карабача, Леакадыі Шышэі, змешчаны копіі дакументаў з Літоўскага дзяржаўнага цэнтральнага архіва.

    Кніга ўбачыла свет, дзякуючы фінансавай падтрымцы ананімнага мецэната, які хаваецца пад псеўданімам Зміцер Віленскі. Ён прыняў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы кнігі да друку.

    Як кажа аўтар, гэта толькі першая кніга з серыі, якую ён плануе прысвяціць віленскай тэматыцы. Агулам мяркуецца выдаць 4-5 тамоў. Першы том серыі выдадзены накладам 500 асобнікаў. Яго аб’ём каля 200 старонак.

    Кніга будзе цікавая не толькі беларусам Літвы, але і суайчыннікам на Радзіме. Менавіта таму прэзентацыі кнігі маюць прайсці і Літве, і ў Беларусі.

    У Літве прэзентацыя адбудзецца ў Таварыстве беларускай культуры 29 траўня.

    Андрусь Храпавіцкі, westki.info