TUTэйшыя ў свеце. Аўтар "Глокай куздры" нарадзіўся ў Беларусі

У чарговай "серыі" "TUTэйшых ў свеце" мы распавядзём пра лёс чалавека, які нарадзіўся на Беларусі, пачынаў пакарэнне прафесійных вяршынь на Захадзе і зрабіў велізарны ўнёсак у развіццё рускай мовы і мовазнаўства ў цэлым. Сёння імя Льва Шчэрбы добра вядома ўсім, хто мае якое-кольвек дачыненне да філалогіі.

У чарговай "серыі" "TUTэйшых ў свеце" мы распавядзём пра лёс чалавека, які нарадзіўся на Беларусі, пачынаў пакарэнне прафесійных вяршынь на Захадзеі зрабіў велізарны ўнёсак у развіццё рускай мовы і мовазнаўства ў цэлым. Сёння імя Льва Шчэрбы добра вядома ўсім, хто мае якое-кольвек дачыненне да філалогіі.

Памылка ў біяграфіі Большасць крыніц дагэтуль называюць месцам яго нараджэння Пецярбург. І гэта тыповая рэч. Часцяком людзі, якія з’явіліся на свет ў мястэчках і правінцыйных гарадках Расійскай імперыі, у далейшым лічылі за лепшае пра іх не згадваць. Ці гэта за іх маглі вырашаць біёграфы, сваякі, паплечнікі… Як бы тое ні было, Леў Шчэрба нарадзіўся не ў Пецярбургу, як паведамляе большасць сучасных крыніц, а ў старажытным беларускім горадзе Ігумен Мінскай губерні - тым самым, які бальшавікі потым пераймянуюць у Чэрвень. Сям’я Шчэрба прыехала ў Ігумен з Пецярбургу па накіраванні. Ягоны бацька Уладзімір Сцяпанавіч быў інжынерам, маці Кацярына Валер’янаўна да замуства вучылася на жаночых педагагічных курсах. На жаль, больш пра першыя крокі будучага навукоўца нічога невядома. У 1898 годзе хлопец скончыў з залатым медалём 2-ю гімназію ў Кіеве, куды пераехала сям’я, і паступіў на прыродазнаўчы факультэт Кіеўскага універсітэта. Праз год чарговы пераезд. Гэтым разам - на радзіму бацькоў у Пецярбург, дзе Леў працягвае навучанне ўжо на гісторыка-філалагічным факультэце Пецярбургскага універсітэта. З самага юнацтва ён марыў стаць выкладчыкам рускай мовы і літаратуры і цяпер мэтанакіравана спраўджваў мару. Моўны шляхПачаўшы з псіхалогіі, Шчэрба наведвае лекцыі легендарных лінгвістаў - Шахматава і Сабалеўскага. Ягоным навуковым кіраўніком становіцца прафесар Бадуэн дэ Куртэнэ - адзін з найбуйнейшых тэарэтыкаў мовазнаўства 19-20 стагоддзяў. Менавіта ён і рэкамендуе таленавітаму выпускніку (за работу "Психический элемент в фонетике" Шчэрба атрымаў залаты медаль) застацца працаваць на сваёй кафедры параўнальнай граматыкі і санскрыта. Здаўшы магістарскія іспыты, Леў Шчэрба выпраўляецца ў трохгадовую камандзіроўку ў Еўропу. Здзіўленыя? У тагачаснай Расійскай імперыі то была звычайная рэч. Вывучае граматыку, параўнальна-гістарычнае мовазнаўства і фанетыку ў Лейпцыгу, Парыжы, Празе. У Паўночнай Італіі ён даследаваў тасканскія дыялекты, у Нямеччыне - мужакаўскія дыялекты лужыцкай мовы. Прычым наш зямляк меў своеасаблівы падыход да вывучэння моў. Гэтак, не разумеючы ні слова на мясцовым дыялекце, ён пасяліўся ў сялянскай сям’і ў ваколіцы горада Мужакаў і за двое восеньскіх вакацый засвоіў мову, якой потым і прысвяціў доктарскую работу (1916). Замежныя штудыі вызначылі далейшы накірунак ягонай навуковай дзейнасці. Па-першае, ён звярнуў асаблівую ўвагу на даследаванне ролі гутарковага маўлення, першым прыйшоўшы да высновы, што жывая мова існуе ў асноўным у форме дыялога. Па-другое, адной з цэнтральных праблем ягоных даследаванняў стала дзвюхмоўе. Па-трэцяе, папрацаваўшы ў парыжскай лабараторыі эксперыментальнай фанетыкі, Шчэрба даказаў неабходнасць вывучэння фанетыкі як самастойнай навукі, надаўшы тэрміну "фанема" ягоная сучаснае значэнне. Жыццё па-за жыццёмПасля вяртання ў родныя палестыны Льва Шчэрбу абіраюць прыват-дацэнтам Пецярбургскага універсітэта, з якім і звязаны ўвесь ягоны далейшы лёс. Паралельна даследчык актыўна ўлучаецца ў выкладчыцкую дзейнасць, чытаючы курсы па мовазнаўству, граматыцы, фанетыцы, рускай і старажытнаславянскай мовам, латыні, старажытнагрэцкай, французскай, ангельскай, нямецкай...Абсалютна дзіўная рэч. Калі чытаеш ягоную біяграфію, складваецца ўражанне, што наш герой жыў ва ўласным свеце, ізаляваным ад наваколля. І гэта пры тым, што адбывалася гэта ці не ў самы складаны перыяд гісторыі: Першая сусветная вайна, Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі, Грамадзянская вайна, сталінскія рэпрэсіі, Другая сусветная вайна... Шчэрба ўсяго гэтага нібыта не заўважаў. Гэтаксама, як гэтыя падзеі міналі Шчэрбу. Гэтак, у 1916 годзе ён становіцца прафесарам кафедры параўнальнага мовазнаўства Петраградскага універсітэта. У 1920-х - нязменным старшынём Лінгвістычнага таварыства, ганаровым сябрам Міжнароднай асацыяцыі фанетыстаў, членам-карэспандэнтам Акадэміі навук СССР, рэдактарам зборніка "Русская речь"… У 1930-х арганізоўвае на філфаку Ленінградскага універсітэта кафедру фанетыкі, працуе ў кіраўніцтве Арфаграфічнай і Дыялектычнай камісій АН, рэдагуе падручнікі па граматыцы, складае слоўнікі... 1941 год. Эвакуацыя. Пераезд у далёкі Налінск. Гэта не спыняе Льва Уладзіміравіча, які актыўна супрацоўнічае з перавезенымі з Масквы інстытутамі, піша знакамітыя "Теорию русского письма" і "Основы методики преподавания иностранных языков", якія так і засталіся няскончаныя. У 1943 годзе Леў Шчэрба вяртаецца ў Маскву ўжо акадэмікам АН СССР і з галавой занураецца ў навуковую, педагагічную і арганізацыйную працу ў разнастайных інстытутах і камітэтах.У жніўні 1944-га Шчэрба моцна захварэў. Праз чатыры месяцы чалавека, які зрабіў велізарны ўнёсак у развіццё псіхалінгвістыкі, лексікаграфіі і фаналогіі і якому належыць неўміручая фраза "Глокая куздра штеко будланула бокра и курдячит бокрёнка", не стала.

Кастусь Лашкевіч, Tut.by