Цікавая выстава была арганізавана ў паўночнай частцы англійскай сталіцы, дзе на вулачцы Холдэн роўд існуе невялікая “беларуская вёска”.
“Вёскай” будынкі ў раёне Фінчлі называюцца вельмі ўмоўна. Раней, калі ў Вялікую Брытанію перасяліліся воіны з арміі Андэрса, якія ваявалі з фашыстамі ў Італіі, а потым аказаліся не палякамі, а беларусамі, сюды ўваходзілі чатыры купленыя двухпавярховыя дамы і маленькая грэка-каталіцкая царква.
Адзін з дамоў быў адведзены пад Беларускую бібліятэку і музей імя Францішка Скарыны. У зале ж другога збіраліся сябры Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі.
Раней іх было (у розных гарадах, а найбольш у Манчэстэры і Брадфардзе) каля тысячы. А потым хто адышоў у іншы свет, а хто дэнацыяналізаваўся, жэнячыся з рускімі, украінкамі, полькамі, англічанкамі. У дамах пачалі цячы дахі, і каб паправіць іх, прыйшлося прадаць палавіну будынкаў. Ды і тое, што засталося, цешыць, асабліва ва ўмовах крызісу. Тут можна сабрацца на святы, сходы. Сталым беларусам дапамагаюць маладзейшыя.
І вось нядаўна ў “беларускай вёсцы” ў Фінчлі я трапіў на выставу народнага ткацтва. Да музейных твораў дадаліся тыя, што былі прывезены ў Англію з Беларусі, а цяпер прынесены з кватэраў. На выставу прыходзілі сем’ямі. Кожны хваліўся сваімі самабытнымі ручнікамі, абрусамі, посцілкамі і проста вышыванкамі.
Цікава было разглядваць розныя ўзоры, стылі майстрых. Заадно вяліся размовы і пра тое, што раней бадай што ў кожнай вясковай беларускай хаце ствараліся вось такія прыгожыя і прыемныя ва ўжытку рэчы. А яшчэ кажуць, што цяпер на Беларусі ствараюцца дамы рамёстваў, каб традыцыі прадаўжаліся. Нехта нават падаў ідэю: а зрабіць бы нам выставу і сучаснага ткацтва...Джым Дынглі, старшыня Англа-беларускага таварыства