Віленскі беларускі космас. Ёсць пераемнасць

30 і 90 – дзве магічныя даты, якія сведчаць аб пераемнасці пакаленняў, перадусім пераемнасці віленскага беларускага космаса, калі старыя беларусы-віленчукі змаглі перадаць сваю эстафету маладому пакаленню.

У суботу, 1 траўня, у Таварыстве беларускай культуры ў Літве адзначалася два прыгожыя юбілеі сяброў ТБК: 90-годдзе паважанай спадарыні Ніны Брылеўскай і 30-годдзе Юрася Юркевіча.

Гэтыя дзве даты: 30 і 90, - сведчаць аб пераемнасці пакаленняў, перадусім пераемнасці віленскага беларускага космаса, калі старыя беларусы-віленчукі змаглі перадаць сваю эстафету маладому пакаленню. Такім чынам можна з упэўненасцю сказаць, што пераемнасць пакаленняў адбылася, што яна не перарвалася і беларускае жыццё гэтага Вечнага Горада працягваецца і на далей.

Ніна Брылеўская і Юрась Юркевіч

Спадарыня Ніна Брылеўская была адной з самых адданых беларусак Таварыства. Нягледзячы на свае 90 год застаецца бадёрай, поўнай жыцця, спадзяванняў і веры ў вольную Беларусь. Нарадзілася яна 5 траўня 1920 г. у в. Лоска. Гэта недалёка ад Залесся, таго самага, дзе жыў Агінскі. Пра сябе шаноўная спадарыня Ніна разказала наступнае:

„У часе вайны, пад нямецкай акупацыяй, я працавала настаўніцай пачатковых класаў у Лебедзеве, у Смургонях, у Жодзішках і ў Залессі. Школы былі беларускія. У школы хадзіла шмат дзяцей, па-сутнасці, хадзілі ўсе вясковыя дзеці. У Залессі, напрыклад, было 7 класаў. Калі прыйшлі бальшавікі, у Залессі зрабілі дзве школы: беларускую і рускую.

Пасля таго, як прыйшлі бальшавікі, я зноў працавала настаўніцай, у сваёй вёсцы, у Лоску, але недоўга. Спачатку ў пачатковых класах выкладала рускую мову, пасля ў старшых.

Мой бацька лічыўся враг народа, а я была член сям’і врага народа. І ў родным раёне пасля я не магла знайсці сабе працу, таму вырашыла прыехаць сюды, у Вільню. Тут уладкавалася на працу бібліятэкарам у Ерузалімцы (раён Вільні – аўт.), а затым настаўніцай у польскіх класах. Пасля я захварэла і зусім не працавала, паехала лячыцца на Каўказ. Калі выздаравела, працавала ўжо бібліятэкарам у гэтай самай чатырнаццатай школе. Класы ў гэтай школе былі на польскай, рускай і літоўскай мовах. Калі хварэлі настаўнікі пачатковых класаў – я іх замяняла. Акрамя таго, я яшчэ працавала сакратаром школы. І так да пенсіі.

У нас у бацькі была зямля свая. Мелі сваю гаспадарку. У 1939 г. у нас згарэла хата, і мы тады пераехалі ў Залессе. Мая маці памерла ў 1929 г., калі мне было 9 гадоў. А бацька атрымаў 10 гадоў лагераў у Карагандзе (Казахстан), пасля вярнуўся. А пасля благачынны ўзяў яго працаваць дзяком, і ён працаваў яшчэ некалькі гадоў. Памёр у 1974 г. ва ўзросце 91 года і 8 месяцаў.

З даваеннага часу мне запомніўся такі эпізод. Старшыня сельсавета засек сякерай дачку таго гаспадара, дзе ён жыў. І ніхто яго за гэта не караў. Вось такі час тады быў.

У Вільні апынулася дзякуючы Лявону Луцкевічу, ён мяне запрасіў, каб я памагла там у бібліятэцы. Паколькі я канчала бібліятэкарскія курсы і мела пасведчанне, мяне і ўзялі.

З Луцкевічам я пазнаёмілася дзякуючы майму брату ў часе вайны. Луцкевічы ехалі ў Брэст, каб уладкавацца на працу і начавалі ў майго брата ў Лебедзеве, там і пазнаёміліся.

Была знаёмая і з кс. Гадлеўскім, з якім я спатыкалася ў Смургонях. Ён там начаваў. Мой брат пры немцах быў старшынёй Смургонскага раёна (бурмістрам). І Гадлеўскі ў нас начаваў. А пасля яшчэ Гадлеўскі прыязджаў у Жодзішкі. Там у касцёле сабралася вельмі шмат народу, і ён маліўся па-беларуску. Народ ведаў пра гэта заранне, таму і прыйшло шмат людзей. Пасля яшчэ прыехалі з Менска артысты і там спявалі „Мы выйдзем шчыльнымі радамі“. Гэтым хорам кіраваў арганісты Трызна, але тады забілі яго польскія партызаны.

Акрамя Гадлеўскага, памятаю, што бацька Зоі Коўш быў бацюшкам і прыязджаў у Залессе і па-беларуску казаў казанне і маліўся. Яго забілі пасля. Невядома, хто яго там растраляў.

У нас у Лебедзеве начаваў Іваноўскі. І я яго нават частавала аладкамі. І ён спяваў: „Кожны дзень бліны, а ў нядзелю таюны“. А што гэта за таюны, я і не знаю. Размаўляў ён па-беларуску ў нас. Ехаў у Мінск на машыне і ў нас пераначаваў. Высокі такі быў, прыгожы. Машынай сам не кіраваў, быў у яго шафёр.

Як тут стварылася Таварыства беларускай культуры, я далучылася да яго працы. Увесь час цікавілася беларускім жыццём.

Мне самой вельмі прыемна, што я магу нешта зрабіць для бібліятэкі Таварыства беларускай культуры і самой арганізацыі. Я старалася і зрабіла картатэку, кожная кніжка там запісана была.

Шкода, што адышлі многія сябры Таварыства, лепшыя людзі, беларусы. 15 асобаў налічыла. Цяпер спадзявацца трэба на маладых“.

Павіншаваць спадарыню Ніну Брылеўскую прыйшло шмат сяброў Таварыства. Важна зазначыць, што гэтым разам былі і старэйшыя беларусы-віленчукі, тыя, хто стаяў ля вытокаў ТБК: Леакадыя Шышэя, Зінаіда Кароль і інш. На жаль, іх засталося не шмат. Але зараз, нягледзячы на свой узрост, на розныя недамаганні, яны змаглі прыйсці, павіншаваць юбілераў і перадаць свой Віленскі Космас маладому пакаленню, якое прысутнічала на ўрачыстасці.

Зінаіда Кароль парадавала прысутных прыгожым выкананнем беларускіх песен, якія спяваліся ў розны час, у тым ліку і ў ТБК.

Другі юбіляр – гэта Юрась Юркевіч, новы сябра ТБК, які ўліўся ў гэту арганізацыю зусім нядаўна, але ўжо паспеў сябе зарэкамендаваць. Актыўна ўдзельнічае ў жыцці Таварыства, выступае на шматлікіх імпрэзах з грунтоўнымі і змястоўнымі дакладамі. Варта дадаць, што пасля смерці Юрыя Гіля ён узяў на сябе кіраўніцтва Таварыствам беларускай мовы Віленскага краю. Хацелася б яму пажадаць плённай працы на карысць беларушчыны Віленскага краю.

І напрыканцы хочацца пажадаць паважаным юбілярам доўгага і плённага служэння на карысць дарагой нам усім Бацькаўшчыны. Пакуль ёсць мы – ёсць яна. І важна яшчэ – захаваць пераемнасць пакаленняў, якая тут, у Вільні, адбылася.

Алесь Адамковіч
Вільня 4.05.2010 г.

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение