“Беларусь сінявокая” ў расійскім Яраслаўлі

Фальклорным святам “Беларусь сінявокая” ў расійскім Яраслаўлі адкрыўся Год культуры Беларусі. Свята ладзілася ў месцы, добра вядомым, бадай, усім беларусам Паволжа: у яраслаўскім Музеі Максіма Багдановіча.

Центр  Белорусской культуры. Музей  М. БогдановичаФальклорным святам “Беларусь сінявокая” ў расійскім Яраслаўлі адкрыўся Год культуры Беларусі.

Свята ладзілася ў месцы, добра вядомым, бадай, усім беларусам Паволжа: у яраслаўскім Музеі Максіма Багдановіча. Як вядома, у Яраслаўлі паэт пражыў восем гадоў, а ў 1991-м, да 100-х яго ўгодкаў, у мемарыяльным доме па вуліцы Чайкоўскага, 21 быў створаны наш музей. У адной з залаў размясцілі выставу народных майстроў, прычым шэраг каштоўных экспанатаў з прыватных калекцый прынеслі яраслаўскія беларусы. Ручнікі, абрусы, кашулі-вышыванкі, збаны...

Гэтыя і іншыя рэчы абуджаюць у душах людзей вельмі цёплыя ўспаміны пра Радзіму, тыя самыя “светлыя згадкі”, пра якія пісаў у сваім вершы “Зорка Венера” Максім Багдановіч. Скажам, Вольга Цімафееўна Каладзько, ураджэнка Міншчыны, прынесла паказаць даматканы ручнік сваёй мамы. Гэты ручнік, расказала жанчына, — сапраўдная сямейная рэліквія. Яго перадаюць у родзе ў спадчыну, з пакалення ў пакаленне. А ў гады Вялікай Айчыннай вайны, каб захаваць, нават закопвалі ручнік у зямлю на падворку каля хаты. Вялікую цікавасць у наведвальнікаў выклікала і калекцыя ручнікоў-набожнікаў з фондаў нашага музея.

А для тых, хто жадаў пакаштаваць нацыянальныя беларускія прысмакі, у музеі працавала карчма “Апошнi грош”. Там можна было паспрабаваць дранікі, калдуны, беларускую каўбаску. І нават атрымаць старадаўнія рэцэпты страў, якія спадабаліся.

Тэрыторыя ж музейнай сядзібы пераўтварылася ў снежнае мястэчка з гульнямі ды забавамі. Атмасферу свята ствараў ансамбль беларускай песні “Крынiца”. Так што і дарослыя, і дзеці, якія прыйшлі да нас, атрымалі добры зарад бадзёрасці і аптымізму. А на ўспамін — прыгожыя сувеніры з дзяржаўнай сімволікай Беларусі.

Наталля Прохарава, дырэктар Музея Максіма Багдановіча г. Яраслаўль

"Голас Радзімы"