Еўропа крочыць у бок Лукашэнкі

Як ужо звыкла, у кожную апошнюю суботу кожнага месяца адбываюцца сустрэчы беларусаў у Таварыстве беларускай культуры ў Вільні. На гэты раз цікава выступілі журналіст Андрусь Старавойтаў, старшыня ТБК у Літве сп. Хведар Нюнька, Юрась Юркевіч - студэнт гістарычнага факультэту ЕГУ.

Выступоўцамі былі закрануты цікавыя моманты не толькі нашай мінуўшчыны, але і аспекты масмедыяў у дачыненні да беларусаў. Было адзначана, што з гэтага месяца на радыё Палёнія (беларуская рэдакцыя), дзе працуе Андрусь, уступае ў дзеянне забарона перакладаць на беларускую мову з рускай. Можна толькі рабіць пераклады з усіх іншых моваў. Іначай пагражае звальненне з працы. Як бачым, у краінах Еўропы адбываецца карэкцыя адносін з Беларуссю. За ўзор вяшчання бярэцца вяшчанне Рэспублікі Беларусь.

Напэўна, адзінае, што могуць рабіць слухачы, - дасылаць лісты пратэсту. Усё гэта паказвае, што Еўропа крочыць у бок Лукашэнкі.

Сп. Хведар Нюнька ўзгадаў пра юбілей вядомага беларускага дзеяча Барыса Рагулі. У гэтым годзе спаўняецца 90 гадоў з дня яго нараджэння. Сваё дзяцінства ён правёў на Навагрудчыне. Заўсёды марыў быць лекарам. Паступіў вучыцца, але ў 1939 годзе давялося пайсці на фронт. Пасля патрапіў у палон да немцаў. Нейкім цудам яму ўдалося ўцячы з палону і прыехаць на радзіму, дзе кароткі час выкладаў нямецкую мову. Погляды Барыса Рагулі не ўсім падабаліся і неўзабаве яго арыштавалі... Пазней, ужо ў Нямеччыне Б.Рагуля працягвае вучобу на медыцынскім факультэце. Жыццёвы шлях гэтага чалавека быў няпросты.

Узгадваючы нашых старэйшых беларусаў, сп. Х.Нюнька ўспомніў Зою Коўш. Зоя ў свой час многа сілаў аддала працы ў Беларускім Нацыянальным Камітэце. Адсядзела ў лагеры, вярнулася ў Вільню, працавала. А калі з’явілася ТБК, была актыўнай яго ўдзельніцай. Мінула ўжо 15 гадоў, як няма яе з намі.

Юрась Юркевіч у сваім выступленні раскрыў розныя факты з жыцця Льва Сапегі, які нарадзіўся пад Віцебскам, вучыўся ў Нясвіжы, пазней у Лейпцыгу (вывучаў ва ўніверсітэце юрыспрудэнцыю). У 1576 г. Стэфан Баторы прызначыў яго сакратаром ВКЛ. Леў Сапега ўклаў многа працы ў стварэнне Статута ВКЛ. Пасля Л.Сапегі засталіся ўспаміны аб тагачаснай сітуацыі ў Княстве і Масковіі. Цяпер гэтыя ўспаміны існуюць ужо ў электронная форме.

Алесь Адамковіч, Вільня