Клайпедская беларускасць

Нядаўна Брэст упершыню наведала дэлегацыя з Клайпеды – кіраўнікі беларускай, рускай і ўкраінскай дыяспар у гэтым літоўскім горадзе, настаўнікі і вучні. У складзе дэлегацыі была і старшыня беларускай суполкі “Крыніца”, настаўніца Алена Мірончык.

Нядаўна Брэст упершыню наведала дэлегацыя з Клайпеды – кіраўнікі беларускай, рускай і ўкраінскай дыяспар у гэтым літоўскім горадзе, настаўнікі і вучні. У складзе дэлегацыі была і старшыня беларускай суполкі “Крыніца”, настаўніца Алена Мірончык.

Сп-ня Алена не страціла сваёй беларускасці і дапамагае выхоўваць яе ў дзяцей клайпедскіх беларусаў. У навучальнай установе, дзе працуе Алена Леанідаўна, ёсць беларуская нядзельная школка, у якой наша зямлячка выкладае беларускую мову і літаратуру, гісторыю, краязнаўства. Госця падзялілася з журналістам сваімі ўражаннямі і думкамі, расказала аб культурніцкіх стасунках нашых землякоў у Клайпедзе.

-- Алена Леанідаўна, якім чынам Вы апынуліся ў Брэсце?

Нас, беларусаў, цягне на Радзіму. Дзе б мы ні былі, дзе б мы ні жылі, заўсёды памятаем, што мы – беларусы. Нясём тое, што далі нашы бацькі, – беражом мову і народныя традыцыі. Беларуская суполка ў Клайпедзе, і я гавару гэта па праву, адна з лепшых. Працуе беларуская нядзельная школа, адзначаем усе беларускія святы, праводзім фестываль нацыянальных культур, праграму “Ручнік роднага дома” і гэтак далей. Ёсць таксама музычны калектыў “Купалінка”. Дарэчы, знакаміты не толькі ў Клайпедзе, але і наогул па ўсёй Літве. А напярэдадні майскіх святаў вырашылі: едзем у Брэст – і кропка.

-- Наколькі складана захаваць беларускасць за мяжой?

Нам вельмі дапамог праект, які быў рэалізаваны на сродкі Еўрасаюза перад уступленнем Літвы ў гэту еўрапейскую арганізацыю. Мерапрыемствы накіравалі на забеспячэнне найважнейшых патрэб нацыянальных меншасцяў у нашым партовым горадзе. Беларуская суполка “Крыніца” размеркавала сродкі на папулярызацыю роднай культуры.

-- І ўсё ж, чаго не хапае беларусам за мяжой?

Ведаеце, я з Полаччыны, але жыву ў Літве амаль 30 гадоў. Так склаліся абставіны. З будучым мужам вучыліся на радзіме ў адной школе, сябравалі. Потым ён скончыў мараходку ў Таліне, а я – педагагічны інстытут у Віцебску. Ажаніліся, і я паехала за мужам у Літву. Падобна лёс склаўся і ў некаторых іншых сяброў нашай суполкі. Чаго не хапае? Каб там зберагаць усё беларускае, трэба абавязкова мець сувязь з Радзімай. Паверце, мы кожны дзень цікавімся, як тут у вас. Што новага? Штодзённа глядзім “Беларусь-ТВ”, а то і, дзякуючы кабельнаму тэлебачанню, некалькі падобных каналаў. Здаецца, ведаем усе навіны, але пабачыць на свае вочы заўсёды лепш.

-- Ну і як?

Паездка не проста адбылася, яна ўдалася на самым высокім узроўні. Шчыра кажучы, мы такога не чакалі. Калі атрымалі праграму, то не паверылі, што можна так шмат пабачыць за тры дні. Аказваецца, немагчымае магчыма. Яшчэ і як! Вельмі ўдзячны за такі цёплы прыём, знаёмства з гераічным мінулым, сённяшнім днём і перспектывамі беларусаў. Пераканаліся, што вы беражэце і любіце свой край. У складзе дэлегацыі 40 чалавек, і самыя лепшыя ўражанні разыдуцца не толькі па Клайпедзе, але і па ўсёй Літве. Дарэчы, паездка арганізавана пры падтрымцы Пасольства РБ у Літве і дапамозе Брэсцкага аблвыканкама.

-- Іншы раз прамільгне інфармацыя, што адносіны да нацыянальных меншасцяў у Прыбалтыцы, мякка кажучы, не самыя лепшыя...

Беларуская нядзельная школа для дзяцей працуе на правах факультатыва, але мы і гэтаму рады. Аплата ідзе з бюджэту школы, самакіраванне нам плаціць дзяржава літоўская. Да таго ж Клайпеда – асаблівы горад. Каля трэці насельніцтва тут не з’яўляюцца літоўцамі па нацыянальнасці. Вялікі працэнт украінцаў, рускіх. Беларусаў пражывае каля трох з паловай тысяч. Гэта трэцяя па велічыні нацыянальная меншасць. Адносіны да беларусаў з боку афіцыйных уладаў вельмі добрыя. Усе пачынанні па магчымасці падтрымліваюцца дэпартаментам нацыянальных меншасцяў, Міністэрствам замежных спраў Літвы. Прадстаўнікі гэтых устаноў завітваюць да нас на святы, ведаюць, што такія мерапрыемствы праводзяцца рэгулярна.

-- Ці ўдалося наладзіць стасункі на далейшае супрацоўніцтва з Брэстам?

Плануем, што нашы сувязі будуць мацнець. Думаю, можна абменьвацца не толькі дарослымі дэлегацыямі, але і дзіцячымі калектывамі. Супрацоўніцтва бачу ў культурна-асветніцкім напрамку. Выкладаць, вывучаць беларускую мову, нават матэматыку ці біялогію, не маючы стасункаў з адпаведнымі спецыялістамі з Беларусі, неяк няпоўна (немагчыма якасна). Гэта датычыцца і народнай творчасці, літаратуры, майстар-класаў. Спадзяюся, што цяперашняя паездка – першы, але адмысловы крок наперад, за якім будуць наступныя.

-- Як адзначыце 9 Мая?

Мы загадзя пачалі падрыхтоўку. 7 мая ў нас пройдзе вечар памяці. Што датычыць ветэранаў, то прыйдуць усе, хто зможа. Разам будзем спяваць беларускія песні і дзякаваць былым салдатам за тое, што абаранілі Бацькаўшчыну. У памяці нічога не павінна быць сцёрта. Вось прыеду – і з новымі сіламі вазьмуся за справу.

-- Што для вас Беларусь?

Нягледзячы на месца жыхарства, погляды і думкі ў мяне беларускія. На жаль, некаторым здаецца, калі чалавек добра валодае беларускай мовай, то ён “не такі”. Я да тых не адношуся: Беларусь для мяне – гэта святое.

Сяргей Мошчык, “Вячэрні Брэст”