Заява дэлегатаў IV З’езда ФНКА “Беларусы Расіі”

23 красавіка г.г. адбыўся IV З’езд Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі”, у працы якога ўзялі ўдзел больш 200 чалавек, што прадстаўляюць 48 рэгіёнаў і тэрыторый Расіі.

З’езд абмеркаваў праблемы аўтаноміі, адной з якіх з’яўляецца рэзкае зніжэнне колькасці людзей, якія ідэнтыфіцыруюць сябе як беларусы, хоць па паходжанню яны такімі з’яўляюцца. Так, у перапісе 1989 года беларусамі назваліся 1 млн. 260 тыс., а па выніках перапіса 2002 года іх стала 810 тыс. І гэта не выпадкова, забываюцца народныя традыцыі, мова, культура, захаванне якіх з’яўляецца галоўнай задачай аўтаноміі.

З’езд прыняў рашэнне аб унясенні зменаў у Палажэнне, якое зараз дазваляе любым грамадскім арганізацыям беларусаў, зарэгістраваным у пэўным парадку, быць калектыўнымі членамі аўтаноміі.

У рамках выніковага рашэння З’езда прынята наступная заява:

Мы, дэлегаты і ўдзельнікі IV з’езда Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі”, заяўляем пра сваё адзінства ў імкненні да захавання нашых нацыянальных асаблівасцей, мовы, гісторыі, народных традыцый, самабытнасці, шматгадовага сяброўства з народамі Расіі і гатовы садзейнічаць удасканальванню талерантнай, грамадзянскай супольнасці ў нашай краіне, напаўненню новым зместам канкрэтнай працы ў межах Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Выхадцы з Беларусі былі і застаюцца актыўнымі ўдзельнікамі будаўніцтва Расійскай дзяржавы, умацавання яе эканамічнай і абароннай моцы. Неацэнны іх унёсак у развіццё расійскай навукі, культуры, дойлідства, песенных традыцый, філасофскай думкі, рускай мовы, рэлігійных і свецкіх асноў грамадства.

Мы асуджаем і не прымаем любыя формы ксенафобіі, нацыянальнай розні і рэлігійнай нястрыманасці, палітычнага экстрэмізма і эканамічнай дыскрымінацыі. У шматвяковай гісторыі беларускага народа, які вядзе сваё летазлічэнне з часоў Полацкага княства, у летапісаннях і народнай памяці жывуць яркія прыклады сяброўства і добрасуседства, дэмакратычных прынцыпаў і народнага самакіравання, замацаваных у Статутах, Метрыках, міжнародных дамовах, саюзах і актах Магдэбургскага права.

Мы, грамадзяне і патрыёты Расійскай Федэрацыі, не прымаем любыя спробы фальсіфікацыі гісторыі, факты спекуляцыі на асобных яе падзеях, змены гістарычных акцэнтаў мінулага дзеля атрымання імгненных палітычных выгодаў, і каб дагадзіць асабістым амбіцыям. Народы Беларусі і Расіі здабылі сваё адзінства яшчэ ў часы Кулікоўскай і Грунвальдскай бітваў, загартавалі яго ў агні шматлікіх народных паўстанняў супраць імперскага дэспатызму і агульных знешніх ворагаў. Асаблівай старонкай гэтага сяброўства стала Вялікая Айчынная вайна, 65-годдзе Перамогі ў якой сёння адзначае ўсё чалавецтва. Больш трохсот тысяч беларусаў змагалася ў партызанскіх атрадах, кожны чацвёрты жыхар рэспублікі загінуў у той жахлівай вайне. Вечная ім памяць! І наша задача – захаваць гістарычную праўду ва ўсёй яе супярэчлівасці і разнастайнасці.

Мы заяўляем, што паміж народамі Расіі і Беларусі не існуе ні эканамічных, ні духоўных, ні рэлігійных супярэчнасцей, якія маглі б нас раз’яднаць. Пытанні эканомікі, на наш погляд, не могуць быць прадметам, які стварае пагрозу нашаму адзінству, і дамініраваць у міждзяржаўных адносінах. Выказваем надзею, што спрэчныя пытанні вернуцца ў эканамічную плоскасць і набудуць станоўчае вырашэнне ў працэсе ўдасканальвання мытнага Саюза, і наша Аўтаномія гатова садзейнічаць гэтаму ўсімі даступнымі ёй сродкамі.

Толькі сяброўства і ўзаемаразуменне, што апіраюцца на шматгадовыя сувязі беларусаў з народамі Расіі, з’яўляюцца сапраўднай асновай паспяховага развіцця Расіі і Беларусі.

Мы заклікаем усіх да сумеснай працы па дасягненню гэтай мэты.

23 красавіка 2010г.
Маскоўская вобл., г. Руза.
Падрабязней пра тое, як прайшоў IV З’езд Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі” чытайце тут.

Паводле прэс-службы ФНКА "Беларусы Расіі"