І ўсё ж такі яны прыляцелі!

Традыцыйны фестываль дзіцячай творчасці Новасібірскі дзяржаўны цэнтр беларускай культуры праводзіць звычайна ў канцы сакавіка. І хоць у гэтым годзе вясна недаравальна надоўга затрымалася, буслы, сімвал вясны, прыляцелі своечасова.
Традыцыйны фестываль дзіцячай творчасці Новасібірскі дзяржаўны цэнтр беларускай культуры праводзіць звычайна ў канцы сакавіка. І хоць у гэтым годзе вясна недаравальна надоўга затрымалася, буслы, сімвал вясны, прыляцелі своечасова. І IV дзіцячы фестываль-конкурс “Ад Палесся да Сібіры нясіце, буслы, вясну” адбыўся. На гэты раз ён прайшоў у Доме моладзі “Юнацтва”, у Акадэмгарадку, што само па сабе сімвалічна: бо галоўнай мэтай падобных аглядаў з'яўляецца прыцягненне і раскрыццё перш за ўсё юных талентаў.

Застаўся ззаду першы адборачны этап з праслухоўваннем і праглядам удзельнікаў конкурсу, зацвярджэннем рэпертуару, сышлі першыя перажыванні. А галоўныя хваляванні былі тут, на адборачных конкурсных выступах. Хваляваліся кіраўнікі, якія прывезлі сваіх выхаванцаў з дванаццаці раёнаў вобласці, перажывалі і юныя артысты, а былі гэта навучэнцы агульнаадукацыйных і муніцыпальных школ, школ мастацтваў, выхаванцы падлеткавых клубаў і ўстаноў культуры і адпачынку горада і вобласці. Але строгае журы адабрала самых лепшых, яны і сталі ўдзельнікамі гала-канцэрта.

У гэтым годзе агляд-конкурс праводзіўся па двух намінацыях: народные спевы і беларускі народны танец.

І хоць гледачоў у вялізнай зале “Юнацтва” хацелася б бачыць болей, усе, хто прыйшоў на свята, не былі расчараваныя. І прыгожая сцэна, і яркія беларускія нацыянальныя касцюмы юных артыстаў, іх радасны настрой стваралі сапраўднае вясновае свята. Гучалі беларускія мелодыі, юныя спевакі і танцоры ад навучэнцаў малодшых класаў да старшакласнікаў з вялікім натхненем дэманстравалі сваё майстэрства.

Самыя маленькія - сямігадовая Крысціна Лебедзева, выхаванка Людмілы Кашчэевай і шасцігадовая Паліна Мар’ясава - Вольгі Дубаграеввай, падкуплялі сваёй непасрэднасцю, выканаўшы беларускія народныя песні. Яны, дарэчы, у сваёй узроставай групе і заваявалі прызавыя месцы.

Вакалістаў у другім аддзяленні змянілі танцоры. Узровень сцэнічнай культуры, якасць выканання ў рознай ступені прадэманстравалі народныя калектывы - танцавальныя ансамблі “Девчата” з Кальцова і “Колыванские просторы”, а таксама танцавальны калектыў з Тагучынскага раёна “Флирт”.

Яскравая, на адным дыханні выкананая "Віцебская полька” у выкананні ансамбля “Колыванские просторы” (кіраўнік А. Щульц) атрымала адзінадушнае адабрэнне і журы, і гледачоў. Як ўзнагарода - Гран-пры фестывалю.

А спецыяльны прыз атрымаў фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Семейка” з Паўночнага (кіраўнік А. Фінашкіна). Сапраўдны подзвіг і вытрымку праявілі юныя артысты. Шмат гадзін ім прыйшлося правесці ў дарозе, каб дабрацца да Новасібірска. І пры гэтым яны цудоўна выступілі на аглядзе засведчыўшы сапраўдную адданасць любімай справе.

Распавядаючы пра фестываль, нельга не адзначыць, што сёлета значна пашырыўся рэпертуар песенных і танцавальных калектываў, у выніку крапатлівай працы мастацкіх кіраўнікоў палепшыліся стыль і манера выканання, павысілася культура мовы. А гэта зусім непроста дзецям, якія выраслі ў Сібіры, бездакорна ведаць беларускую мову. Дырэктар Беларускага цэнтра культуры Ніна Васільеўна Кабанава зноў мае намер запрасіць спецыялістаў з Беларусі, каб правесці майстар-класы па ўсіх напрамках, у тым ліку і па касцюмах, на якія звярнула ўвагу старшыня журы заслужаны дзеяч мастацтваў РФ Вольга Гурына.

Гасцей фестывалю вітае Беларускага цэнтра культуры Ніна Кабанава

Своеасаблівым працягам фестывалю стаў канцэрт у Цэнтры нацыянальных літаратур, прымеркаваны да Дня яднання Беларусі і Расіі. Удзельнічалі ў ім прызёры фестывалю, і, як заўсёды, бліснуў сваім майстэрствам ансамбль “Вясёлка” пад кіраўніцтвам Людмілы Кашчэевай.

Паводле Людмілы Пацэнка