Асоба, без прысутнасці якой цяжка ўявіць сабе дзейнасць Згуртавання беларусаў Канады і парафіі святога Кірылы Тураўскага, спадарыня Марыя Ганько 25 красавіка адзначыла 80-гадовы юбілей.
Марыя Ганько, як і яе муж Мікола Ганько, -- постаць, якая зрабіла істотны уплыў на фармаванне духоўнасці нацыянальна сведамых беларусаў Канады. Без яе немагчыма ўявіць сабе гісторыю беларускага руху ў гэтай краіне.
Нарадзілася сп-ня Марыя 25 красавіка 1930 года ў вёсцы Шчокаўшчына (гміна Хаценчыцы) Віленскага ваяводства (сёння Вялейскі раён Мінскай вобласці).
Марылька - адна з дзевяці дзяцей Тамаша Куляша. Шэсць гектараў ворнае зямлі, два гектары лесу, чатыры каровы, дьзьве цялушкі... 3 самага маленства Марыля, як і астатнія дзеці, мусіла шмат дапамагаць бацькам па гаспадарцы - і кур даглядаць, і бульбу выкопваць. Пры гэтым і вучыцца таксама трэба было. Вясковы дзядзька па мянушцы Штэды расказваў пра Амерыку, дзе ён некалі быў на заробках. Што там высокія хаціны і аўто розныя са званочкамі. Менавіта гэтыя званочкі на машынах яе найбольш уразілі, і іншым разам, калі выпадала цяжкая праца, яна марыла, што возьме і ўцячэ ў Амерыку, далей ад строгіх бацькоўскіх загадаў. У 1944 годзе матуля адпусціла 14-гадовую Марыльку са швагерам, які з сям'ёю вырашыў рухацца на захад, не чакаючы вяртання бальшавікоў. Вільня, Усходняя Прусія, Нямеччына, Берлін... На няшчасце, яны апынуліся ў савецкай зоне акупацыі, адкуль людзей гналі назад на ўсход. Пашанцавала застацца ў Польшчы. Хаця да ўлады ў краіне прыйшлі камуністы, але ж то была Польшча - не Савецкі Саюз. Атрымаўшы адукацыю ў школе, з 1955 году Марыя працавала ў кантрольна-тэхнічнай службе. Родны брат Марыі Міхась пачаў клікаць яе ў Канаду, куды ён выехаў у 1944 годзе. Спачатку страшна было іпадумаць пра эміграцыю. Хацелася ў родную Беларусь. Мара пабачыць родную вёску здейснілася ў 1957-м. Рэчаіснасць савецкага ладу жыцця ацвярозіла... I менавіта пасля таго візіту Марыя рашылася ехаць у Канаду... Плыла на караблі, што насіў імя "Баторы", у гонар караля Рэчы Паспалітай, які з усіх гарадоў краіны асабліва любіў Горадню - наш беларускі горад. Чыста дзявочыя мары падчас падарожжа - ці знайду свайго суджанага, які ён будзе, ці адшукаецца тут добрая праца... У лістападзе 1960 году Марыя ступіла на доўгачаканую канадскую зямлю.
...А Новы год яна ўжо сустракала разам з высокім прыгожым дзецюком на прозвішча Ганько... ...I ў адказ на прапанову Міколы стаць яго жонкай Марыя згадзілася...
...Наперадзе чакалі дзесяцігоддзі шчаслівага сумеснага жыцця... Усё вышэйзгаданае пра сп. Марыю Ганько ўзята з яе кніжкі "Каб сведчылі пра Беларусь", выдадзенай у серыі "Бібліятэка Бацькаўшчыны" ў 2005 годзе (укладанне Вольгі Іпатавай). Гэта найцікавейшы літаратурны твор пра мужа аўтаркі Міколу Ганько. Паводле belapc.org