"Беларусы Расіі" правялі з'езд і абралі новага кіраўніка + фота

IV З’езд федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі” адбыўся 23 красавіка ў падмаскоўным горадзе Руза. У з’ездзе ўзялі ўдзел каля 100 дэлегатаў ад рэгіянальных і мясцовых нацыянальна-культурных аўтаномій беларусаў Расіі, а таксама каля 50 гасцей.

IV З’езд федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі” адбыўся 23 красавіка ў падмаскоўным горадзе Руза.

У з’ездзе ўзялі ўдзел каля 100 дэлегатаў ад рэгіянальных і мясцовых нацыянальна-культурных аўтаномій беларусаў Расіі, а таксама каля 50 гасцей. На з’ездзе прысутнічалі прадстаўнікі сакратарыята Саюзнай дзяржавы, прадстаўнікі Міністэрства рэгіянальнага развіцця РФ і амбасады Беларусі ў Расіі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Генадзь Давыдзька ды іншыя афіцыйныя асобы.

Вітанні з’езду перадалі прэзідэнты Беларусі і Расіі, дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы. Сваё дабраслаўленне перадаў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт.

Прэзідыум IV З’езда федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі”

Са справаздачным дакладам  выступіў выконваючы абавязкі старшыні ФНКА “Беларусы Расіі” (цяпер намеснік старшыні ФНКА) Міхаіл Кісліцын. Ён звярнуў увагу на тое, што сітуацыя ў ФНКА складаная. У справаздачны перыяд фактычна не функцыянавала кантрольна-рэвізійная камісія, дзейнасць кіраўніцтва аўтаноміі насіла ў большасці фармальны характар, пасяджэнні рады былі нерэгулярнымі. Тым не менш, не гледзячы на праблемы, ФНКА працягвае сваю дзейнасць, доказам таму – падрыхтоўка і правядзенне IV З’езда на высокім узроўні. Як адзначыў у дакладзе Міхаіл Кісліцын, “аўтаномія жывая рэгіянальнымі і мясцовымі арганізацыямі”. У сувязі з гэтым сп. Кісліцын выказаў  прапанову аб выданні энцыклапедычнага даведніка аб беларускім жыцці ў Расіі.

Выконваючы абавязкі старшыні ФНКА “Беларусы Расіі” (цяпер намеснік старшыні ФНКА) Міхаіл Кісліцын і старшыня аргкамітэту з'езда Франц Клінцэвіч

З дакладамі на з’ездзе выступілі амбасадар Беларусі ў Расіі Васіль Далгалёў, які зрабіў акцэнт на эканамічным супрацоўніцтве, рэалізацыі беларускай прадукцыі ў Расіі, паведаміў пра колькасць прададзеных трактароў і іншай тэхнікі. На жаль, з яго даклада прысутныя не даведаліся, якія захады па развіцці стасункаў з дыяспарай плануе рабіць Рэспубліка Беларусь, не былі закранутыя важныя для дыяспары пытанні – аб вяртанні да працы па закону аб суайчынніках, што пражываюць за мяжой, аб перспектывах з’яўлення адпаведнай дзяржаўнай праграмы і вырашэння праблемаў беларускай дыяспары з боку дзяржаўных органаў Беларусі і ролі беларускай амбасады ў гэтым.

Выступае Васіль Далгалёў

Прадстаўнікоў жа рэгіянальных і мясцовых нацыянальна-культурных аўтаномій наадварот цікавіла актывізацыя дзейнасці аўтаноміі. Яны агучвалі шмат прапаноў, гаварылі пра існуючыя праблемы і дасягненні ў сваёй дзейнасці, па правядзенні працы па захаванні і пашырэнні беларускай прысутнасці ў Расіі. Неаднойчы гучала думка пра тое, што неабходна стварыць афіцыйны інтэрнэт-сайт ФНКА “Беларусы Расіі”, які стаў бы інфармацыйнай пляцоўкай для абмену вопытам паміж беларусамі Расіі. Разам з тым, падкрэслівалася неабходнасць развіваць іншыя сродкі масавай інфармацыі: газеты, часопісы, бюлетэні.

Былы член Рады ФНКА Валеры Красноўскі выказаў прапанову ўсталяваць у Мінску мемарыял памяці беларускім партызанам. Гэтая прапанова была падтрымана амбасадарам Беларусі ў Расіі (хаця такі мемарыял ужо год як ёсць у сталіцы), аднак ён адзначыў, што помнікі беларускім партызанам ёсць амаль у кожнай вобласці Беларусі, таму неабходна падумаць, якім чынам лепей увекавечыць памяць беларускага народа. Віктар Шутаў, выступаючы з дакладам, адзначыў, што мемарыял беларускім партызанам неабходна ставіць не  ў Беларусі, а ў Расіі. Яго прапанова была вельмі добра ўспрынята прысутнымі. Акрамя таго, Віктар Шутаў прапанаваў у мэтах заахвочвання вывучэння беларусамі Расіі беларускай мовы праводзіць алімпіяды па беларускай мове, а таксама ў мэтах развіцця эканамічных сувязяў паміж Беларуссю і Расіяй стварыць гандлёва-прамысловую расійска-беларускую палату і пры ёй трацейскі суд.

Выступае Валеры Красноўскі

Што тычыцца ўдасканалення працы Рады ФНКА, намеснік старшыні Рады Тамара Яшына агучыла прапанова скараціць колькасць прадстаўнікоў Масквы ў Радзе і павялічыць прадстаўніцтва рэгіёнаў. Забягаючы наперад, адзначым, што гэтая прапанова была ўлічана пры фарміраванні новага складу Рады ФНКА. Тамара Яшына выказала таксама прапанову праводзіць штогадовы ўсерасійскі фестываль беларускіх калектываў. Алег Рудакоў, у сваю чаргу, адзначыў, што неабходна праводзіць не проста фестываль, а цэлы тыдзень беларускай культуры, у межах якога арганізоўваць фэст беларускіх самадзейных калектываў, навуковыя канферэнцыі, семінары па вывучэнні беларускай мовы, майстар-класы па навучанні беларускім народным мастацкім промыслам.

Выступае Тамара Яшына

Аб неабходнасці стварэння метадычнага навуковага цэнтру па вывучэнні беларускай дыяспары Расіі і “Свабоднага беларускага ўніверсітэта ў Расіі” выказаўся кіраўнік арганізацыйнай групы з’езда, новаабраны старшыня ФНКА “Беларусы Расіі” пісьменнік Валеры Казакоў. Па яго словах, ёсць людзі, гатовыя заняцца стварэннем такіх структураў.

Выступае Валеры Казакоў

З дакладам на з’ездзе выступіла і кіраўнік МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская. У сваім выступленні Алена Макоўская звярнула ўвагу на тое, што беларуская дыяспара ў Расіі мае вялікі патэнцыял, але гэты патэнцыял фактычна не выкарыстоўваецца па розных прычынах, галоўная з якіх – у “адсутнасці дзяржаўных нарматыўных дакументаў, якія рэгулявалі б стасункі Беларусі з беларускай дыяспарай, дазволілі б аказваць не разавую, а сістэмную падтрымку беларускаму замежжу, што, натуральна, актывізавала б і зваротны працэс – дапамогі Беларусі з боку беларускай дыяспары”. Алена Макоўская распавяла пра тое, што “беларуская дзяржава пасля Пятага з’езду беларусаў свету вярнулася да пытання закона аб беларусах замежжа, што Міністэрствам культуры Беларусі, Апаратам упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў распрацаваны прапановы адносна працы з беларускай дыяспарай на падставе прапаноў, што былі агучаны дэлегатамі Пятага з’езду беларусаў свету”. Алена Макоўская заклікала прадстаўнікоў ФНКА “Беларусы Расіі” ўважліва паставіцца да прыняцця гэтых дакументаў і ўключыцца ў працэс іх абмеркавання, а таксама ўзняла пытанне працы з моладдзю і школьніцтвам у суполках дыяспары.

Алег Рудакоў і Алена Макоўская

У цэлым з’езд прайшоў канструктыўна. Удзельнікі выказалі надзею, што з прыходам новага кіраўніцтва актывізуецца дзейнасць ФНКА як цэнтральнага органа беларусаў Расіі. Новым кіраўніком ФНКА “Беларусы Расіі” аднагалосна быў абраны пісьменнік Валеры Казакоў. Дэлегатамі з’езда была абрана кантрольна-рэвізійная камісія, новы склад Рады ФНКА, а таксама Цэнтральна-кансультатыўны камітэт.

Прыемнай навіной у канцы пасяджэння стала вестка пра тое, што Указам № 195 Прэзідэнта Беларусі за асабісты ўклад у захаванне традыцый беларускай культуры медалём Францыска Скарыны ўзнагароджаны дырэктар Новасібірскага цэнтра беларускай культуры Ніна Кабанава, старшыня савета рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Масквы” Сяргей Кандыбовіч, старшыня Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага Алег Рудакоў.

Завяршыўся з’езд сяброўскай вячэрай і канцэртам, а на наступны дзень адбылося ўрачыстае ўскладанне кветак да помніка Янку Купалу ў Маскве.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”