Нарвежскі аўтар: "Беларусь была для мяне вельмі таямнічай краінай"

Напрыканцы мінулага года ў Нарвегіі выйшла кніжка пад назвай "Fanden på flat mark" ("Праклён над раўнінным краем"), якая з’яўляецца зборнікам эсэ пра Беларусь, гістарычную і сучасную. З яе аўтарам, Пэрам Андэшам Тудалем (Per Anders Todal), пагутарыў Ян Максімюк.

Напрыканцы мінулага года ў Нарвегіі выйшла кніжка пад назвай "Fanden på flat mark" ("Праклён над раўнінным краем"), якая з’яўляецца зборнікам эсэ пра Беларусь, гістарычную і сучасную. З яе аўтарам, Пэрам Андэшам Тудалем (Per Anders Todal), пагутарыў Ян Максімюк.

Пэр Андэш Тудаль

Пэр Андэш Тудаль

Максімюк: Як вам прыйшла ў галаву ідэя напісаць кніжку пра Беларусь?Тудаль: Хутчэй за ўсё — ад цікаўнасці. Калі я пачаў працаваць над гэтым праектам, я не ведаў зашмат пра Беларусь. Беларусь была для мяне вельмі таямнічай краінай, таму што яна паводзіла сябе вельмі адрозна ад іншых усходнееўрапейскіх краінаў, часта працягваючы камуністычныя падыходы савецкага часу. Таму я вырашыў даследаваць гэтую краіну, каб наталіць маю ўласную цікаўнасць. Мне таксама захацелася данесці крыху інфармацыі пра гэту малавядомую краіну маім нарвежскім суродзічам.Максімюк: Як даўно прыйшла вам у галаву гэтая ідэя?Тудаль: Упершыню ідэя прыйшла мне ў галаву ў 2005 годзе. Тады я пачаў чытаць пра Беларусь. У мяне быў адзін вялікі клопат — я не ведаю рускай мовы, а таму я меў праблемы з крыніцамі. Ёсць некалькі кніжак на шведскай мове, Дэйвід Марплз напісаў дзве кніжкі пра Беларусь па-англійску, але наогул няма шмат рэчаў пра Беларусь на заходнееўрапейскіх мовах. У рамках майго даследніцкага праекту я паехаў у Мінск, каб падвучыцца рускай мовы, але я падвучыўся яе не да такой ступені, каб яна стала маёй рабочай мовай. Таму я абапіраўся перад усім на заходнія крыніцы.Максімюк: Колькі разоў вы былі ў Беларусі?Тудаль: Тры разы. Два месяцы я вучыўся мовы ў Дзяржаўным лінгвістычным універсітэце ў Мінску. А потым я быў у Беларусі яшчэ два разы па месяцы часу, падарожнічаючы па краіне.Максімюк: Ці можаце назваць некалькі канкрэтных тэмаў, якія закранаюцца ў вашай кніжцы?Тудаль: Мая кніжка — гэта зборнік эсэ. Я закранаў тэмы з гісторыі, палітыкі, культуры, пісаў нават пра прыроду. Бо беларуская прырода — гэта і замкнутая чарнобыльская зона, і першабытны лес Белавежскай пушчы, якога няма ні ў якім іншым месцы кантыненту.Максімюк: А што з гістарычных тэмаў вы закраналі?Тудаль: Тэма, якая цікавіла мяне найбольш — гэта наогул вельмі слабая нацыянальная свядомасць беларусаў. Калі мы паглядзім на іншыя краіны ў Еўропе, дык убачым, што там нацыянальная ідэя рэалізавалася даволі паспяхова. І гэта падаецца нам нечым натуральным. А ў Беларусі нацыянальная ідэя амаль заўсёды была вельмі слабая. Для мяне было надзвычай павучальна прыгледзецца да чыннікаў, якія беларускую нацыянальную ідэю рабілі бяссільнай.Максімюк: Што, па-вашаму, было галоўнай прычынай таго, што беларуская нацыянальная ідэя была заўсёды такая слабая і бездапаможная? Гэта суседзі вінаватыя, ці нешта іншае?Тудаль: Я думаю, што адна з самых істотных праблемаў — адсутнасць выразна асобнай мовы... Гэта значыць, беларуская мова з’яўляецца асобнай мовай, але па-мойму — яна занадта блізкая да рускай, каб паслужыць сапраўднай пазнакай нацыянальнай ідэнтычнасці, калі параўнаць беларускую мову, напрыклад, з літоўскай. Літоўская — зусім непадобная на рускую. Калі мова сапраўды адрозная, лягчэй адасобіцца ад суседзяў, у гэтым выпадку — ад расійскай звышдзяржавы.Максімюк: Гэта цікавая заўвага. А як тады вы вытлумачыце сітуацыю, у якой адна з нацыянальных моваў Нарвегіі — bokmal, або дацка-нарвежская — вельмі-вельмі падобная на дацкую, але самі нарвежцы ні ў якім разе не адчуваюць сябе датчанамі, а маюць выразна акрэсленую нарвежскую нацыянальную ідэнтычнасць?Тудаль: Людзі з Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, з якімі я гаварыў у Беларусі, таксама закраналі гэтае моўнае пытанне, якое вы згадалі, і рабілі параўнанні паміж дацка-нарвежскай і беларуска-рускай моўнымі сітуацыямі. Я скажу тут, што Нарвегія ў гісторыі была незалежным дзяржаўным утварэннем значна даўжэйшы час, чым Беларусь. Беларусі так не пашанцавала — яна ўвесь час была часткай нейкай значна большай дзяржаўнай структуры. Беларусь ніколі не была самастойнай ажно да 1991 года, калі не лічыць кароткага перыяду пасля Першай сусветнай вайны.Максімюк: "Праклён над раўнінным краем", відаць, першая кніжка пра Беларусь, якую напісаў нарвежскі аўтар і якую выдалі ў Нарвегіі. Як яе ўспрынялі чытачы і аглядальнікі? Ці былі нейкія рэцэнзіі на яе? І якія — прыхільныя ці не?Тудаль: Я быў вельмі прыемна здзіўлены цікаўнасцю, якую мая кніжка выклікала ў нарвежскіх СМІ. Да гэтай пары ёй было прысвечана 12 рэцэнзій і аглядаў, а мяне ўжо некалькі разоў запрашалі на нацыянальнае радыё, дзе я распавядаў пра кніжку. Рэцэнзіі былі надзвычай прыхільныя, з чаго я вельмі цешуся.Максімюк: Я не магу паўстрымацца, каб не задаць вам вось яшчэ такое пытанне. Вы напісалі сваю кніжку на нованарвежскай мове (nynorsk), якой, скажам так, людзі ў Нарвегіі карыстаюцца не вельмі каб ахвотна. Ці не думаеце, што гэткім чынам вы абмежавалі патэнцыйнае кола чытачоў кніжкі ў параўнанні з сітуацыяй, калі б кніжка выйшла на дацка-нарвежскай мове? Інакш кажучы, ці нарвежцы ахвотна чытаюць па-нованарвежску?Тудаль: Я сказаў бы, што адукаваныя людзі ў Нарвегіі не маюць ніякіх праблемаў з чытаннем па-нованарвежску. Абедзве нарвескія мовы — bokmal i nynorsk — вельмі падобныя адна да адной. Прадузятасць да нованарвежскай мовы існуе перш за ўсё сярод людзей, якія наогул не чытаюць ніякіх кніжак. Так што нованарвежская мова — гэта не замінка для адукаваных чытачоў. А да таго, з увагі на тэму, мая кніжка і так не мела ніякіх шанцаў стаць масавым бестсэлерам.Максімюк: Дзякую за размову.

Ян Максімюк, "Радыё Свабода"

З рэцэнзіі на кніжку "Праклён над раўнінным краем":

Аўтар Пэр Андэш Тудаль працуе журналістам у тыднёвіку "Dag og Tid" з 1997 года; раней працаваў рэдактарам у кніжных выдавецтвах. Кніжка "Праклён над раўнінным краем — Гісторыі з Беларусі" з’яўляецца ягоным дэбютам у ролі пісьменніка-дакументаліста. Дэбют атрымаўся бліскучы. Аўтар пачынае свой расповед пра Беларусь з лютага 2007. Ён прыязджае ў Мінск на два месяцы. Але яму спатрэбіцца дзеля гэтага больш чым адзін побыт і больш чым два месяцы. Выразна адчуваецца, што Тудаль прыехаў у гэтую краіну, каб добра спазнаць яе людзей, культуру, гісторыю. І яму ўдаецца захапіць чытача падарожжам праз сённяшні дзень і недалёкае мінулае гэтай краіны. Праз свае вандроўкі, сустрэчы і роздумы Тудаль паказвае гісторыю краіны непасрэдна і жыва. (...) Кніга складаецца з 26 раздзелаў, якія датычаць розных тэмаў. Але ў кніжцы ўсё звязана з усёй плынню апавядання. Аўтар піша пра свае сустрэчы з мясцовай бюракратыяй, з замежнымі альфонсамі і мясцовымі аматарамі прозы Гамсуна. Ён апісвае моўныя праблемы, якія існуюць на сутыку рускай і беларускай моваў. І ён апісвае краіну, у якой большасць маладых людзей жадае выехаць за мяжу. Ды піша таксама пра маладых людзей, якія хочуць застацца і вераць ў будучыню сваёй краіны. Tудаль дае чытачу ўяўленне пра архітэктуру краіны, яе помнікі і гераізм падчас вайны. Tудаль наведвае лясныя масівы, у якіх Сталін забіў тысячы беларусаў, а нацысты знішчылі тысячы габрэяў. Ён распавядае пра беларусаў, якія працавалі на нацысцкую Нямеччыну падчас вайны, а пасля вайны пазбеглі крымінальнага пераследу, пайшоўшы працаваць на заходнія выведкі. Ён таксама распавядае пра Беларусь, якая была амаль зусім разбураная падчас Другой сусветнай вайны і страціла амаль траціну свайго насельніцтва. (...) Тар’ей Шырбэк (Tarjei Skirbekk)