"Беларусы Масквы" адзначылі 10-годдзе

"Беларусы Масквы" адзначылі 10-годдзе сваёй арганізацыі. Урачысты вечар з нагоды юбілею беларускай рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі адбыўся 16 красавіка ў Маскоўскім доме нацыянальнасцяў.
Адкрываючы мерапрыемства, старшыня савета аўтаноміі Сяргей Кандыбович падкрэсліў, што ў аснову дзейнасці арганізацыі пастаўлены адзіны прынцып - умацаванне дружбы народаў. Гэтым прынцыпам ён заклікаў кіравацца і ўдзельнікаў вечара: адмовіцца ад дакладаў і правесці сустрэчу сяброў.

На юбілейныя ўрачыстасці прыйшлі тыя, хто стаяў ля вытокаў рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі, яе актывісты, прадстаўнікі іншых дыяспар, а таксама федэральных і маскоўскіх органаў улады. Усе яны дзяліліся сваімі ўспамінамі, распавядалі пра найбольш цікавыя мерапрыемствы па папулярызацыі беларускай культуры і традыцый, праведзеныя за 10 гадоў аўтаноміяй. Аказалася, што іх было арганізавана сотні: шматлікія выставы, фестывалі, канцэрты, дні беларускай паэзіі і многае іншае. Аддалі ўдзельнікі вечара і даніну памяці аднаму з самых актыўных стваральнікаў аўтаноміі і яе першаму кіраўніку Мікалаю Шлягу, памерламу ў 2005 годзе. Услед за ўспамінамі былі выступы калектываў мастацкай самадзейнасці, якія дзейнічаюць пры НКА “Беларусы Масквы”: дарослага этнаграфічнага ансамбля "Кірмаш" і дзіцячай фальклорнай групы "Дубравушка". А ў канцы вечара ўсіх пачаставалі стравамі беларускай нацыянальнай кухні. На сённяшні дзень у Маскве пражываюць прадстаўнікі больш чым 150 нацыянальнасцяў і народнасцяў. Беларуская дыяспара з'яўляецца адной з самых шматлікіх: яна налічвае звыш 50 тыс. чалавек.

Эдуард Півавар, “БЕЛТА”