Пабачыў свет чарговы нумар літаратурна-навуковага гадавіка “Скарыніч”, які стварылі заўзятары беларушчыны ў Маскве. Выпуск прысвечаны 1000-м угодкам летапіснай Літвы, а таксама беларускай прысутнасці ў расійскай прасторы, малазнаным старонкам з гісторыі нацыянальнага адраджэння.
У гэтым нумары: “Пагоня” Максіма Багдановіча ў перакладзе на польскую, рускую, украінскую, англійскую, нямецкую, французскую мовы, урыўкі з Хронікі Літоўскай і Жамойцкай, з Хронікі Быхаўца, артыкулы Алега Рудакова, Аляксея Марачкіна, Зянона Пазьняка, Віктара Чайчыца, Віталя Скалабана…
Прадмову да выдання напісаў Аляксей Каўка.
“Скарыніч” доўжыць тэму беларускае пакутнае свабоды – тэкстамі Фр.Аляхновіча ў рускім перакладзе (заахвочваючы расейскіх сяброў да цалкавітага перакладу “Кіпцюроў”), паказаннямі ў справе “Саюза вызвалення Беларусі”, вершамі на Свабоду. Прысутнасць нашага чалавека ў маскоўскай прасторы, беларуска-літоўска-расійска-украінскія ўзаеміны ўвасоблены імёнамі В.Дуніна-Марцінкевіча, І.Насовіча, А.Твардоўскага - да сотых угодкаў Паэта, П.Алейнікава, Ул.Сасюры, Г.Кісялёва, А.Вярцінскага, а раней – Д.Дзябольскага", -- гаворыцца ў прадмове.