Памерла беларуская дзяячка ў Бельгіі Зоя Смаршчок-Жалязоўская

Напярэдадні Вялікадня Беларускую патрыятычную дыяспару ў Бельгіі напаткала сумная навіна: у суботу З красавіка адыйшла да Госпада спадарыня Зоя Смаршчок-Жалязоўская, удава праваслаўнага святара Аўгена Смаршчка.

Напярэдадні Вялікадня Беларускую патрыятычную дыяспару ў Бельгіі напаткала сумная навіна: у суботу З красавіка адыйшла да Госпада спадарыня Зоя Смаршчок-Жалязоўская, удава праваслаўнага святара Аўгена Смаршчка.

Сп-ня Зоя Смаршчок-Жалязоўская сярод беларусаў Бельгіі. Фота: газета "Беларус"

Спадарыня Зоя нарадзілася 15 снежня 1922 г. у вёсцы Стараельня Кашалеўскай гміны Наваградскага ваяводства ў Заходняй Беларусі. У часе ІІ Сусветнай вайны яна ўступіла ў шэрагі Саюзу Беларускай Моладзі. Гэта стала прычынай таго, што з наступленнем Чырвонай Арміі яна была вымушана з’ехаць у Германію. Пасля вайны спадарыня Зоя засталася ў Нямеччыне і неўзабаве пераехала ў Бельгію. Тут, дзякуючы ватыканскай стыпендыі, якую Апостальская Сталіца ўсталявала для абяздоляных беларускіх студэнтаў па хадайніцтву грэка-каталіцкага святара фламандскага паходжаньня айца Робэрта ван Кавэлярта, яна паступіла ў Лёвэнскі Каталіцкі Універсітэт (KUL), пасля завяршэння якога атрымала дыплом фармацэўта. Застаючыся патрыёткай, якой балела душа за лёс Беларусі, яшчэ ў студэнцкія гады яна далучылася да беларускага патрыятычнага руху, стаўшыся сябрам Згуртавання Беларускіх Студэнтаў Бельгіі, заснаваным у 1948 годзе. У 1950 г. выйшла замуж за свайго калегу па Лёвэнскаму Каталіцкаму Універсітэту беларуса Аўгена Смаршчка, які ў хуткім часе стаў праваслаўным святаром...

... Актывізацыю беларускага жыцця ў Бельгіі на пачатку 2000-х гадоў сп. Зоя сустрэла з радасцю і ажыўленнем. Пры закладанні Беларускай Грэка-Каталіцкай парафіі ў Антвэрпене ў 2002 годзе яна аказала моцную маральную падтрымку і сталася дабрадзейкай парафіі. Каштоўным для парафіяльнай бібліятэкі стаўся яе дар – некалькі скрыняў беларускіх кніг.

У 2004 годзе сп. Зоя была адным з арганізатараў і ганаровых удзельнікаў З’езду новай хвалі эміграцыі ў Антвэрпене, і ў наступныя гады актыўна ўдзельнічала ва ўсіх мерапрыемствах, арганізаваных Беларускай эміграцыяй. Але час, які нікога не шкадуе і шануе, адымаў у яе ўсё болей і болей сілаў і здароўя... І вось, у Вялікую Суботу перад Вялікаднем, 3 красавіка 2010 году матушка Зоя Смаршчок-Жалязоўская адыйшла на вечны спачын у Нябесную Айчыну.

Адпяванне спадарыні Зоі адбылося паводле праваслаўнага абраду 10 красавіка ў каталіцкай царкве Найсвяцейшай Багародзіцы ў Гэвэры каля Лёвэну.

Сп-ню Зою пахавалі ў сямейным склепе на тамтэйшых могілках, дзе ўжо 26 год спачывае яе муж сьвятар Аўген Смаршчок.

Правесці сп-ню Зою Смаршчок-Жалязоўскую ў апошні шлях прыехалі яе сябры і знаёмыя з розных краінаў Еўропы. Сябры Беларуска-Еўрапейскага Задзіночання, прысутныя на паховінах, разгарнулі гістарычную рэліквію Беларускай дыяспары - сцяг Згуртвання Беларускіх Студэнтаў у Бельгіі 1948 года, сябрам якога з’яўлялася спадарыня Зоя, і Беларускі нацыянальны сцяг, увенчаныя жалобнымі чорнымі стужкамі.

Пахаваньне спадарыні Зоі Смаршчок-Жалязоўскай

Паводле bielarus.eu