Як у Іркуцку вясну гукалі + фота

Моладзевы клуб "Крывiчы" пры рэгіянальнай Грамадскай арганізацыі "Іркуцкага Таварыства Беларускай Культуры імя Яна Чэрскага” 27 сакавіка правёў свята “Гуканне вясны”. Свята праходзіла ў бярозавым гаі на беразе ракі Ангара.

Моладзевы клуб "Крывiчы" пры рэгіянальнай Грамадскай арганізацыі "Іркуцкага Таварыства Беларускай Культуры ім. Я.Д. Чэрскага” 27 сакавіка правёў свята “Гуканне вясны”. Свята праходзіла ў бярозавым гаі на беразе ракі Ангара.

Пачалося ўсё з упрыгожання паляны, дзе мусіла праходзіць святочнае дзейства. Дзяўчаты развесілі па дрэвах фігуркі птушак, і ўсё адразу стала выглядаць ярка і святочна.

Перад пачаткам свята ўсіх строга папярэдзілі: "Калі дрэнна пагукаем - зіма вернецца! Удзельнічаць ўсім!”

У абрадзе па традыцыі ўдзельнічаюць толькі дзяўчыны ці маладыя жанчыны. Прычына дыскрымінацыі мужчын у тым, што ўвасабленне вясны -- Багіня прыгажосці Лада, таму яе і павінны зваць адданыя ёй маладыя і прыгожыя жанчыны.

Дзяўчаты прайшлі да ўзвышша, каб быць бліжэй да багіні, і песнямі сталі гукаць вясну. Потым яны адначасова запусцілі ў неба штучных птушак (як самалёцік), для таго каб Лада ўбачыла іх вялікую колькасць і прыйшла на зямлю.

Гуканне вясны ў Іркуцку

А яшчэ, каб у гэтым годзе быў багаты ўраджай, трэба было прынесці ахвяру зямлі, для гэтага адна з дзяўчат закапала ў зямлю горшчочак з ячнай кашай.

Потым былі карагоды. Першы карагод – “Кола” сімвалізуе Сонца. Гэты карагод ахоўваў ад злых сіл і нягод. Другі – “Кола з падскокамі”. У гэты раз дзяўчаты пасля кожнага праспяванага радка высока падскоквалі. Чым вышэй падскочыш, тым вышэй  будзе ўраджай. І трэці – “Крывы танок”. Цікавы, зігзагападобны карагод для багатага ўраджаю

Пакуль дзяўчаты танчылі, нечакана, з-за кустоў на іх напаў Пужайла з пудзілам Зімы ў руках. Вось тут і выйшлі мужчыны, якія пакуль толькі назіралі за дзействам. І прычым на дапамогу не дзяўчатам, а гэтаму самаму Пужайле. Хлопцы пахапалі дзяўчат за рукі і пачалі іх кружыць, сімвалізуючы завіруху. Затым ініцыятыва зноў перайшла да жанчын, яны спыніліся, сабраліся ў кучку і закрычалі:

Ідзі зіма, ды Кучава! Ты нам надакучыла! А ты, Пужайла, Зіму не заві! Бо Вясна едзе да нас на чырвоным кані! Забралі пудзіла і аднеслі яго да вогнішча.

Вогнішча распальвалі мужчыны з іскры, прычым так, каб жанчыны не бачылі, як яны гэта рабілі. Зіму паставілі ў вогнішча і дзяўчаты пачалі ў яго кідаць розную старую вопратку, гэта для таго, каб развітацца з усім нядобрым і старым, што было ў мінулым годзе. Потым, узяўшы свістулькі, зробленыя ў выглядзе птушак, пачалі свісцець, каб Вясна канчаткова зразумела, што ёй ужо пара прыходзіць, вунь як птушачкі спяваюць.

Надышоў час перакусіць. Гуканне Вясны - гэта яшчэ і смажанне яек. Яйка - гэта сімвал сонца. Кожны ўдзельнік абавязкова павінен з’есці смажанае яйка, інакш вясна не прыйдзе. Прычым яны смажацца без солі ("каб жыццё салёным не было"), і жаўток не павінен расцякацца. Былі яшчэ галёпы (робяцца з цеста ў выглядзе птушачак), грэцкая каша з морквай, квашаная капуста і шашлыкі. Усё гэта пасля танцаў і гульняў, ды яшчэ і на прыродзе, аказалася вельмі смачным.

Потым усе пайшлі гайдацца на арэлях. Пажадана, каб гайдаліся дзяўчына з хлопцам. Калі дзяўчына знаходзіцца на піку ўверсе, яна павінна хутка і гучна выкрыкнуць якое-небудзь кароткае жаданне. Жаданні былі розныя. Хтосьці хацеў у гэтым годзе замуж выйсці, хтосьці - хутчэй у адпачынак.

Паводле Аляксея Безбародава Фота: моладзевы клуб "Крывiчы"