Вітанне Барыса Кіта гасцям святочнай вечарыны ў Мінску

Дарагія Суродзічы!  Сардэчна вітаю Вас усіх, хто ўганараваў мяне сваёй прысутнасцю дзеля святкавання майго юбілею. Асабліва дзякую арганізатарам, юбілейнаму камітэту на імя яго старшыні Васіля Якавенкі і заступніка старшыні Лідзіі Савік, майму першаму біёграфу.

Вітанне было агучана падчас імпрэзы даверанай асобай Барыса Кіта Лідзіяй Савік.

Дарагія Суродзічы!

Сардэчна вітаю Вас усіх, хто ўганараваў мяне сваёй прысутнасцю дзеля святкавання майго юбілею. Асабліва дзякую арганізатарам, юбілейнаму камітэту на імя яго старшыні Васіля Якавенкі і заступніка старшыні Лідзіі Савік, майму першаму біёграфу.

Вельмі шкадую, што з прычыны свайго ўжо не вельмі моцнага здароўя не змог прыехаць да Вас ў Мінск, каб разам з Вамі адзначыць мой дзень народзінаў. Узгадваючы сваё жыццё, я шырэй бачу панараму пакутнага, а ў нечым і шчаслівага стагоддзя, якое мне давялося перасягнуць. Можа, Бог пакінуў мяне на гэтай грэшнай зямлі так надоўга якраз для таго, каб я, апроч усяго іншага, змог пакінуць сведчанні пра дарагіх майму сэрцу незабыўных, светлых людзей і падзеі свайго часу? А я ведаў многіх выдатных асобаў і нашай Бацькаўшчыны, і з іншых краін свету.

Мне не патрэбна многа апавядаць пра сябе, маё жыццё Вам вядомае з кніг, артыкулаў, дакументальных фільмаў, створаных на Бацькаўшчыне.

Усявышні зрабіў, што маё жыццё аказалася такім працяглым, поўным усялякіх падзеяў, здарэнняў – радасных і сумных сустрэч, страт і здзяйсненняў. Але ёсць у ім два галоўныя перыяды: жыццё ў Беларусі і за яе межамі. На Беларусі я жыў у Заходняй яе частцы  і праз асветніцкую дзейнасць браў актыўны ўдзел у нацыянальным адраджэнні – спачатку пад польскай, а пазней нямецкай акупацыяй, за што і гібеў або ў польскіх турмах, або ў нямецкай камеры смерці.

Ваенныя падзеі прычыніляся да таго, што я эміграваў на Захад, канчальна ў ЗША, дзе правёў самую шчаслівую частку жыцця і ў асабістым, і ў грамадскім сэнсе, зрабіўшы асягненні, вядомыя ўсім. Афарыстычна сказана адным з нашых пісьменнікаў, што я трапіў у “вока амерыканскага гурагану” і рабіў, што магчыма для славы і дабра і Радзімы і Амерыкі.

Усявышні спрыяў гэтак, што мне ўдалося падняцца з нізінаў жыцця, вырвацца з кіпцюроў смерці і трапіць у абставіны, калі можна было рабіць нешта карыснае для ўсяго чалавецтва.

Асабліва ганаруся тымі гадамі жыцця, якія я правёў на Бацькаўшчыне. Гэта былі сапраўды рэвалюцыйныя гады, калі я вучыўся ў Наваградскай беларускай гімназіі і пазней быў настаўнікам і дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, якую Васіль Быкаў назваў калыскай беларускага адраджэння. Я таксама браў удзел у дзейнасці дзвюх знакамітых арганізацыяў таго часу: Беларускай Сялянска-работніцкай грамадзе і Таварыстве Беларускай школы, супрацоўнічаў з такімі гістарычнымі асобамі, як Б. Тарашкевіч, А. Луцкевіч, Р. Астроўскі, Р. Шырма, А. Станкевіч, браты Ільяшэвічы, Я. Драздовіч, Ф. Аляхновіч і мн. іншымі. Таксама прышлося гібець за гэта ў вязьніцах Наваградка і ў Вільні на Лукішках (дарэчы, у адной камеры з сенатарам ад Беларусі ў Польскім сойме, Васілём Рагулем), дзе некалі гінуў наш нацыянальны герой Кастусь Каліноўскі.

А сёння пры канцы майго доўгага жыццёвага шляху маю вялікую радасць спаткаць Вас усіх у гэтай зале. Ведаю, што тутака сабралася светлая частка нашага грамадства, бо Вы працягваеце беларускае адраджэнне, чым жылі і займаліся мы ў свой час на карысць нашага гаротнага народу.

За гэта Вам належыцца падзяка і слава!

Ад глыбіні майго сэрца хачу злажыць мае найлепшыя пажаданні Вам усім, моцнага здароўя, шчасця ў Вашым асабістым жыцці, шмат поспехаў у прафесійнай і грамадскай дзейнасці!

Хай Бог заўсёды трымае Вас у сваёй ласкавай апецы!

Жыве Беларусь!

Барыс Кіт