Cвяткаванне 92-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі адбылося 27 сакавіка ў Таварыстве беларускай культуры ў Літве.
Знакавым момантам свята стала тое, што гэтым разам раз’яднаныя беларусы на „чэсных“ і „нячэсных“ вырашылі разам адзначыць гэтае нацыянальнае свята. Пасля доўгіх год знаходжання пад рознымі сімволікамі, яны сабраліся пад бел-чырвона-белым сцягам і старажытным гербам Пагоня. Новы прэзідэнт Згуртавання беларускіх грамадcкіх суполак Літвы Раман Вайніцкі, які быў абраны на месца памерлага Лявона Мурашкі, вырашыў зрабіць крок на сустрач, пераадолець непаразуменні, якія склаліся за гэты час і, як і шмат гадоў раней, стаць на абарону дэмакратычнай Беларусі. Як і сам адзначыў: „Беларусь у нас адна і няма чаго яе дзяліць“.
Урачыстасць распачался з прывітальнага слова старшыні ТБК Хведара Нюнькі, які напачатку зачытаў прывітанне прэзідэнта БНР Івонкі Сурвіллы з нагоды 92-й гадавіны абвешчання Беларускай Народнай Рэспублікі. Затым у кароткай форме нагадаў прысутным аб тых гістарычных момантах, у якіх нарадзілася наша першая нацыянальная дзяржава.
Другой часткай праграмы стаў паказ фільма Юрыя Хашчавацкага і Алега Дашкевіча „Дзень Волі“. І праз 90 год БНР засталася, засталіся яе ідэалы, якія прывядуць урэшце беларусаў не толькі да дзяржавы Рэспубліка Беларусь, але і да вольнай і незалежнай беларускай Беларусі, якая адродзіць і ўвасобіць у сабе ідэалы БНР. Такая галоўная думка аўтараў фільма.
Заключнай часткай імпрэзы стала прэзентацыя кнігі Анатоля Астапенкі „І где зроділіся і ускормлены суть по Бозе“ (Даследаванне беларускага нацыяналізму). Паважаны спадар Анатоль у ТБК прэзентаваў ужо сваю другую кнігу. Ён кораценька распавёў аб тым, як пісалася кніга, якія думкі былі ў яго і што падштурхнула напісаць такую вялікую па аб’ёму і зместу кнігу. Галоўная прычына, паводле яго словаў, -- гэта не толькі занядбанне мовы і гісторыі Беларусі, але і занядбанне афіцыйнымі ўладамі і найноўшай гісторыі. На афіцыйным узроўні выкрэсліваюцца з гісторыі рэаліі і факты 1990-ых гг., калі Беларусь атрымала сваю незалежнасць і была чарговая спроба пабудовы нацыянальнай дзяржавы. Так, як кажа прамоўца, выкрэслены ўсе звесткі пра БНФ і іншыя палітычныя партыі, пра шматлікіх дзеячоў таго часу. І сёння гэтыя падзеі і асобы становяцца гісторыяй і адыходзяць у нябыт. Таму і паспрабаваў аўтр зрабіць спробу зафіксаваць тое, што адбывалася. Другі момант, які яго таксама непакоіць, гэта тое, што практычна ніхто да гэтага часу не спрабаваў ва ўсёй паўнаце апісаць беларускую нацыянальную ідэю, яе гісторыю і станаўленне. Гэта і лягло ў аснову яго кнігі.
Такім чынам, беларуская літаратура папоўнілася яшчэ адным грунтоўным нацыяўтваральным творам.
Час ідзе, і беларусы пакрысе пачынаюць вяртацца да сваіх каранёў, сваёй гісторыі і ўсведамлення свае гістарычнае місіі ў гэтым свеце і вызначэння свайго месца сярод шматлікіх народаў нашай планеты. І калі ўвесь час раз’ядноўваліся па палітычных поглядах, то зараз назіраецца тэндэнцыя аб’яднання па нацыянальных каштоўнасцях: беларускай мове, бел-чырвона-белым сцягам, гербам Пагоня. Гэта вельмі заўважна сярод беларускіх дыяспар. А такі момант сведчыць, што надыходзіць час для увасаблення ў жыццё ідэалаў БНР…