Святочная літургія з нагоды свята Дабравешчання і Дня Незалежнасці Беларусі адбылася 25 сакавіка ў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве горада Антверпен.
Па традыцыі беларусамі Бельгіі і Францыі была арганізавана паездка і ўскладанне кветак да магілы Міколы Равенскага ў Лювэне.
Потым свята прадоўжылася ў гістарычным цэнтры Брусэля. Актывісты Беларуска-Еўрапейскага Задзіночання распаўсюджвалі ўлёткі з інфармацыяй аб Беларускім Свяце і раздавалі мінакам і турыстам балонікі, вытрыманыя ў беларускіх нацыянальных колерах.
Пасля святочнай акцыі ў Бруселі, беларускія палітычныя ўцекачы завіталі да Раднага БНР спадара Янкі Жучкі, каб павіншаваць з найвялікшым беларускім святам.
Падчас святочнай вячэры было зачытана віншаванне Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі спадарыні Івонкі Сурвіллы.